Ці можна спрачацца з Богам?

Ці задумваліся вы, чаму мы часам баімся гаварыць пра тое, што адчуваем? Або ці можам мы раздражняцца на Бога?


Справа ў тым, што мы ўкладаем непараўнальна больш сілаў у наладжванне нашых адносінаў з Богам, чым у іх развіццё. Часам нам здаецца, што неяк там яно само будзе: потым Бог дасць сілы змагацца з праблемамі. Калі нам здаецца, што мы ўжо блізка да Бога, і мы пачынаем інакш сябе паводзіць, размаўляць з узнёслай інтанацыяй, а іншыя людзі глядзяць на нас як на дзівакоў, то вельмі часта адбываецца крызіс у нашых асабістых адносінах з Богам.

Калі першыя эмоцыі сціхнуць, глыбокі супакой пройдзе, то раптам наша вера разбіваецца аб паўсядзённасць, і аказваецца, што маскі спадаюць, а мы зусім не анёлы, мы адчуваем унутраны крызіс.

Нам можа здавацца, што мы зайшлі ў тупік, звязаны з адсутнасцю прабачэння, адсутнасцю прыняцця. Я нібы быў у касцёле, а выходжу з Імшы і асуджаю чалавека ні за што, або раздражняюся на бегуноў і крыклівых дзяцей. Такія сітуацыі паказваюць нам, што нельга «ласавацца Богам», як цукеркай, таму што з Ім звязаныя не толькі прыемныя справы.

Па гэтай прычыне многія з нас перажываюць моцны дакор сумлення, духоўны дыскамфорт. Мы пачынаем задумвацца: а можа, наша духоўнасць — проста выдумка?

Калі ў вас ёсць такія думкі, паглядзіце на Езуса. Яго гнеў ачышчаў святыню і натхняў на роздум гандляроў, якія да канца не разумелі, што гэта за месца. Ягоныя слёзы над Ерузалемам ачышчалі яго духоўна, Яго нараканні на Харазін (гл. Лк 10, 13) ці іншыя гарады, якія павінны былі пазнаць Яго, але не зрабілі гэтага, ствараюць уражанне, што Езус вельмі любіў іх і таму не шкадаваў горкіх слоў.

Ён адчувае тое, што адчувае чалавек, Ён суперажывае кожнаму, хто хоча адкрыць Яму сваё сэрца.

Аднак звярніце ўвагу, што Яму гэта не перашкаджае, а паказвае блізкасць іх адносінаў з Айцом. Езус не становіцца ворагам Айцу, калі ў Ім узнікае раздражненне, Ён не папракае Айца ў тым, што Ён памыліўся, стварыўшы чалавека — Ён знаходзіцца ў еднасці з Айцом. 

З таго, што мы бачым у Евангеллі, напрошваецца выснова, што Езус не зацыклікаваецца на сваіх пачуццях, не з’яўляецца іх нявольнікам і не абцяжарвае імі сваіх вучняў. Езус са сваімі цяжкімі для прыняцця пачуццямі паказвае нам, што мадэль хрысціянства, якая абапіраецца на штучную унутраную гармонію, непрымальная. Ён жыве людзьмі, якіх бачыць, уваходзіць у іх свет, іх праблемы, але адразу аддае гэта Айцу ў малітве. Усё аддае ў Яго рукі. 

Мы часта думаем, што, перажываючы гэтыя пачуцці, мы зусім адны, што гэта нікога не цікавіць, — і д’ябал пераконвае нас у гэтым. Мы пачынаем паводзіць сябе так, быццам Бог — наш вораг, змагаецца з намі, стварае нам цяжкасці, таму мы мусім прыстасоўвацца да Яго, інакш мы застанемся ў адзіноце. А Езус паказвае нам нешта зусім іншае. Ва ўсіх гэтых сітуацыях, зусім не лёгкіх, Ён знаходзіцца ў пастаяннай сувязі з Богам.

Нельга казаць пра блізкасць у адносінах з Богам, не дакранаючыся да самых глыбокіх слаёў, якія знаходзяцца ўнутры нас. Пра гэта нам расказвае гісторыя Ёны. Вялікая рыба, якая праглынае яго, таксама з’яўляецца выявай яго ўнутранага стану — нянавісці, якую ён адчувае ў адносінах да Бога, нінівіцянаў і да самога сябе. Гэта вобраз кожнага з нас, калі мы верым, але выбарачна, калі прабачаем, але толькі некаторым, бо жывём пад дыктатам нашых пачуццяў.

І менавіта там, у глухім нутры рыбы, чуецца малітва Ёны. У ёй ён распавядае пра ўсё, што яго турбуе, з чым ён не згодны, у чым шукае дапамогі. Так наступае канец бачнага палону ў выглядзе вялікай рыбы, але гэта не значыць, што Ёна ўжо вольны. Значна больш складаная сітуацыя адбываецца ў яго сэрцы. Ён толькі тады пачынае нешта разумець, калі Бог мудра параўноўвае завялую расліну з лёсам чалавека, які вяне без кантакту з Богам.

Нам падаецца, што быць пабожным католікам — гэта значыць мець унутраную гармонію, а гэта вельмі штучна. Я ніколі не прызнаюся, што мой муж коціцца ўніз, бо як жа гэта так — я ж пабожная жонка! Гаворка ідзе не пра тое, каб мы былі пасіўнымі, пасрэднымі, але вернымі. Гэта не каталіцтва. Богу не патрэбна мая маска, Яму патрэбны я!

Я ўсё заглушу ў сабе альбо адмахнуся, але не буду наладжваць адносіны — вось так і нараджаюцца неўрозы і раздражненні, якія не маюць нічога агульнага з пабожнасцю. А тое, што мы называем сваімі словамі, з цягам часу перастае нас раздражняць, турбаваць, палохаць ноччу, бо мы ўтаймоўваем усё гэта ў сабе.

Наша ўнутраная мова, тое, як і што мы гаворым Богу, — гэта і ёсць нашыя адносіны з Ім. Бог вельмі паважае гэта і не дазваляе, каб мы замянілі гэта на нейкі багаслоўскі жаргон.

Пакуль мы не назавем тое, што адбываецца ўнутры нас, мы будзем унутрана супярэчлівыя, мы перастанем разумець саміх сябе. А Бог не пакрыўдзіцца ні на якія сказаныя намі словы, Ён не накажа нас за іх.

Калі мы адчуваем гнеў і злосць, то зусім мала часу аддаём на рэфлексію, не думаем, чаму так адбываецца з намі. А для гэтага неабходна цішыня, неабходна назваць усё, што здарылася. Калі мы блукаем, як дзіця ў тумане, вельмі лёгка можна спатыкнуцца, унутры нас працуюць інстынкты. Між тым, ёсць такая своеасаблівая цішыня, не дакучлівая і надзвычай неабходная для жыцця. Гэта такі час, які мы патрацім, але ў перспектыве ён будзе благаслаўленнем для нашага жыцця.

Паверце, што ўрэшце мы паглядзім іншымі вачыма на тое, што было нашай пачварай.

Ва ўсім гэтым нам дапамагаюць сакрамэнты, асабліва сакрамэнт пакаяння і паяднання. Ён вучыць нас, як выходзіць з няволі свайго «я». Аказваецца, тое, што да гэтага часу круцілася ў маім сэрцы і не давала мне спакою, не такое і страшнае. Таму, калі мы не можам маліцца, гэта можа быць па прычыне таго, што мы перасталі называць усё, што робіцца ўнутры нас. Гэтая пабожная абыякавасць можа быць нашмат горшаю за Божы гнеў і незадаволенасць, бо так паводзяць сябе толькі манекены, Езус так сябе не паводзіў!

Радасць веры ў тым, што мы можам быць такімі, якія ёсць. Бога цікавіць не тое, што мы павінны рабіць, а тое, якія мы на самай справе.


 Ксёндз Матэуш Юзьвік

Пераклад з польскай мовы: Вольга Качалка
Паводле pl.aleteia.org

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней