— менавіта так акрэслівае яе адно кітайскае выслоўе, бо нават там, дзе яе няшмат, яна здольная ўсё асаладзіць. Сарамлівая, амаль заўсёды ў цені сваіх больш выразных сясцёр, яна з’яўляецца апошнім «колам паратунку», бо, як кажа іншае выслоўе, памірае апошняй. Нездарма ў якасці яе сімвала выкарыстоўваюць зялёны колер — колер травы, вясны і новага жыцця. Думаю, не варта больш гаварыць загадкамі, усе і так зразумелі: сёння гаворка пойдзе пра тую, што «не асароміць» (Рым 5, 5), — хрысціянскую надзею.
Як дрэвы над вадою...
У габрэйскай традыцыі тэрміны, што акрэсліваюць надзею, паходзяць ад кораня kavah — чакаць, мець надзею, давяраць і нават вычэкваць, ісці следам, звязваць, збіраць. Вядома, габрэйская, як і кожная мова Усходу, мае багата значэнняў, таму здараюцца і такія цікавосткі ў біблійных тэкстах, як tikevah, што, апрача традыцыйнай надзеі, азначае яшчэ і аптымістычны падыход, ці тэрмін mikveh, які да сёння тлумачыцца не столькі ў якасці другой тэалагальнай цноты, колькі рытуальнага ачышчэння вадою. Як пагадзіць між сабою столькі значэнняў? Што супольнага маюць надзея, скручаная вяроўка і рытуальнае ачышчэнне? Паводле габрэйскай традыцыі, звязаная ці скручаная пража з’яўляецца добрым сімвалам таго, як праз прывязанасць да Божага слова імкнуцца да Бога, чакаць Яго, давяраць Яму. Яшчэ цікавейшы матыў з вадою. У Кнізе прарока Ераміі чытаем: «Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога — Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца і не перастане прыносіць плён» (гл. Ер 17, 7–8).
Прарок у найлепшым паэтычным стылі ў гэтым месцы абыгрывае аднакаранёвыя паняцці mikweh (вада, сабраная ў адным месцы) і tikwa (надзея, давер). Толькі давяраючы Богу, мы можам «запускаць карані» ў глыбіні жыцця і развівацца, не баючыся засухі. Крыху далей Ерамія сцвярджае: «Надзея (mikveh) Ізраэля, Пане, усе, што Цябе пакідаюць, — асаромяцца, а тыя, што адварочваюцца ад Цябе, будуць запісаныя на зямлі, бо пакінулі Пана, крыніцу жывое вады» (гл. Ер 17, 13).
Гульня словаў канкрэтна ўказвае на Бога як крыніцу надзеі. Аднак гэта не проста чаканне, поўнае мараў і спадзяванняў у стылі «А што б, калі б…». Біблійная канцэпцыя надзеі ў тым, каб, давяраючы, выбіраць, дзейнічаць, нават шукаць след і вычэкваць, як добры паляўнічы. Гэта фундаментальнае ўсведамленне рэальнасці Божай прысутнасці і Яго апекі, Яго ініцыятывы, з якой нараджаецца і наш давер, і наша дзеянне.
Найбольшыя з аптымістаў
Найчасцей у Бібліі тэрмін «надзея» сустракаем у Кнізе Псальмаў (21,14 %). Яно і зразумела: у гэтай хрэстаматыі чалавечых эмоцыяў і станаў, надзея і давер прымаюць розныя формы – ад нясмелай просьбы да крыку чалавека ў небяспецы смерці. Цікавы іншы факт: адразу пасля псальмаў срэбны медаль і пачэснае другое месца ў пошуках надзеі атрымоўвае Кніга Ёва – ці не адна з найбольш дэпрэсіўных і складаных для зразумення біблійных гісторый, дзе скандэнсаваныя адвечныя пытанні, якія найбольш нас турбуюць: «Навошта ў свеце зло?» і «Чаму церпіць справядлівы?». Вельмі часта мы ўцякаем ад іх, бо насамрэч не можам знайсці талковага адказу, апроч «маліся, Бог дапаможа». Фантастычная канцоўка Кнігі Ёва, дзе пасля ўсіх магчымых версіяў і абвінавачванняў, пошукаў, дзе ў жыцці галоўнага героя прытаіўся грэх, што нібыта меўся быць пакараным стратаю ўсяго ў жыцці, апроч самога жыцця, адбываецца нешта незвычайнае. У адначассе Ёў радасна ўсклікае: «Ужо бачу і разумею», і ўсё становіцца на свае месцы… а мы, чытачы, надалей не ведаем, у чым справа. Дзякуючы сустрэчы з Богам тварам у твар і шчырай размове з Ім Ёву адкрываецца праўда, якую не перадаць словамі. Айцы Касцёла падазраюць, што ў гэты момант яму адкрыўся вобраз Хрыста – Бога, які дабравольна прымае на сябе сусветнае зло, каб раз і назаўсёды перамагчы яго. Сапраўдны давер і ўпэўненая надзея нараджаюцца не з усведамлення сваёй справядлівасці, а з пазнання Бога такім, якім Ён насамрэч з’яўляецца — вось пасланне, што, здаецца, перадае нам адна з найбольш неадназначных кніг Старога Запавету.
Надзея насуперак надзеі… Ці бывае такое? Логікі б сказалі, што гэта немагчыма, але іншая біблійная постаць, якую мы нездарма называем «айцом веры», паказвае сваім жыццём адваротнае.
Абрагам, які «насуперак надзеі паверыў з надзеяй» (Рым 4, 18), па-чалавечы ні ў якім разе не мог здейсніць і дзясятай часткі таго, што абяцаў яму незнаёмы Бог, які запрашаў пакінуць усё, каб ісці ў невядомае. Нягледзячы на жыццёвую манатонію, чалавечыя слабасці і нявернасць (патрыярх па-майстэрску некалькі разоў правярнуў фокус з выдаваннем сваёй жонкі Сары за сястру, баючыся за ўласнае жыццё), гэты чалавек прызнаны справядлівым, бо давер да Бога, якім ён увесь час кіраваўся, здолеў перамяніць яго сэрца. Немагчымае магчыма: стогадовы бяздзетны падарожнік стаўся айцом шматлікіх народаў і прыкладам найглыбейшых сяброўскіх адносінаў з Найвышэйшым.
Страшна шчаслівы фінал
Аўтар Апакаліпсісу задоўга да галівудскіх сцэнарыстаў выкарыстоўваў флэшбэк — кароткае апісанне сітуацыі, што ўжо адбылася. Калі для нас, дзяцей сучаснай культуры, паняцце «апакаліпсісу» стала сінонімам канца свету, то для сучаснікаў апостала Яна гэтае грэцкае слова азначала не больш як магчымасць «прыадкрыць і зноў закрыць заслону» — дакрануцца да таямніцы. І якую ж таямніцу хоча нам адкрыць святы Ян? Ды тую, што ў рэшце рэшт усё добра закончыцца. Хоць усе тыя жахі і выпрабаванні адбудуцца (адбываюцца?), нас усё роўна чакаюць любоў і несмяротнасць. Па сутнасці, гэта самае аптымістычнае месца Новага Запавету, бо яно дае нам трывалую надзею: Хрыстус ужо перамог. Нам застаецца толькі прыняць гэтую перамогу і цешыцца ёю. А пакуль вы сабе гэта будзеце ўсведамляць, пайду завару сабе зялёнай гарбаты. З цукрам.
Айцец Яўген Голуб OFMConv