Ян Павел II, адказваючы на пытанні вядомага італьянскага пісьменніка, журналіста Вітторыё Мэссоры ў кнізе «Пераступіць парог надзеі», разважае і адказвае на няпростыя пытанні нашай веры: «Ці Бог сапраўды існуе?» «Маліцца: як і дзеля чаго?» «Але чаму Бог хаваецца?» «Чаму так шмат рэлігій?» і г.д. Ва ўрачыстасць апосталаў Пятра і Паўла прапануем вам, дарагія чытачы, разважанне святога Яна Паўла ІІ пра ролю Папы Рымскага ў Касцёле, пра місію апостала Пятра, на якім Хрыстус будуе Свой Касцёл, а таксама пра ролю звычайнага хрысціяніна.
Вітторыё Мэссоры:
- Святы Ойча, у першым пытаннi хацелася б закрануць самыя каранi. Таму, зразумела, яно будзе крыху даўжэйшае за астатнiя. Вось я знаходжуся перад чалавекам, якi, паводле даўняга звычаю, убраны ў белае i носiць на грудзях крыж. Павiнен зазначыць, што гэты чалавек, якога мы называем Папам (па-грэцку - айцец), незалежна ад таго, якое носiць iмя, сам па сабе - якаясь таямнiца i знак супраціву, альбо проста выклiк у святле таго, што для многiх нашых сучаснiкаў з'яўляецца крытэрыем рацыянальнасцi цi звычайнай здаровай развагi.
Сапраўды, у стасунку да Папы трэба выбiраць. Вера вызначае Галаву Каталiцкага Касцёла як намеснiка Езуса Хрыста (i менавiта так успрымаюць яго вернiкi). Такiм чынам, Папа лiчыцца чалавекам, якi прадстаўляе на Зямлi Сына Божага, чалавекам, якi «выступае ад iмя» Другой Асобы Святой Тройцы. Так гаворыць пра сябе кожны Папа, зразумела, з належнаю пакораю, але i з не меншаю ўпэўненасцю. Гэтаму вераць католiкi, якiя невыпадкова называюць яго Святым Айцом, Святасцю.
Аднак шмат iншых людзей сцвярджае, што такая прэтэнзiя абсурдная i бессэнсоўная. Для iх Папа не прадстаўнiк Бога, а якiсьцi перажытак даўнiх мiфаў i легендаў, якiх «сталы» чалавек сёння прыняць не можа.
Значыць, у дачыненнi да Вашай Святасцi, таксама як у дачыненнi да кожнага Вашага папярэднiка i наступнiка - трэба, як сказаў бы Паскаль, «бiцца аб заклад»: Святы Айцец - гэта альбо таемны знак Бога Жывога, альбо праяўленне iлюзii, якая iснуе ўжо дзве тысячы гадоў.
I таму, калi можна спытаць: цi Вы, Ваша Святасць, нiколi не вагалiся i не вагаецеся ва ўпэўненасці сваёй асаблiвай сувязi з Езусам Хрыстом, а значыць, з Богам? Цi Вы не мелi нiколi - зразумела, не сумненняў - але хоць бы пытанняў i праблемаў (што натуральна для чалавека), якiя датычаць праўдзiвасцi таго Credo («Веру»), якое Вы паўтараеце ў часе Святой Iмшы, - Credo, якое абвяшчае веру нечуваную, i найвышэйшым гарантам якой з'яўляецца Ваша Святасць?
Ян Павел ІІ:
- Думаю, што мы павiнны пачаць з тлумачэння слоў i паняццяў. Ваша пытанне прасякнута з аднаго боку жывою вераю, а з другога - пэўным неспакоем. Гэта я павiнен адзначыць адразу, з самага пачатку, i разам з тым звярнуцца да выразу, з якога пачалося маё служэнне ў Сталiцы Святога Пятра: «Не бойцеся!»
Хрыстус неаднаразова звяртаўся з гэтым заклiкам да людзей, якiх сустракаў. Так прамовiў Анёл да Марыi: «Не бойся» (параўнай Лк 1, 30). Гэтаксама сказаў Юзафу: «Не бойся» (пар. Мц 1, 20). Так гаварыў Хрыстус апосталам i Пятру ў розных абставiнах i асаблiва пасля свайго змёртвыхпаўстання. Ён казаў: «Не бойцеся!» Бо адчуваў, што яны баяцца. Яны не былi ўпэўненыя, што Той, каго бачаць, - той самы Хрыстус, якога яны ведалi. Баялiся, калi Ён быў схоплены, баялiся яшчэ больш пасля Яго змёртвыхпаўстання.
Словы, якiя прамовiў Хрыстус, паўтарае Касцёл. I разам з Касцёлам iх паўтарае Папа, i робiць гэта з першае пропаведзi на плошчы Сьвятога Пятра: «Не бойцеся». Сказаны яны «ў крэдыт». Як бачым, словы гэтыя глыбока ўкаранёныя ў Евангеллi. Проста гэта словы самога Хрыста.
Чаго мы не павiнны баяцца? Не павiнны баяцца праўды пра нас самiх. Гэтую праўду аднойчы ўбачыў на свае вочы Пётр i прамовiў да Езуса: «Выйдзi ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны» (Лк 5, 8).
Думаю, што не адзiн Пётр убачыў гэтую праўду. Бачыць яе кожны чалавек. Бачыць яе кожны наступнiк Пятра. Асаблiва ясна бачыць яе той, хто размаўляе з Панам. Кожны з нас удзячны Пятру за тое, што сказаў ён аднойчы: «Выйдзi ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Хрыстус адказаў яму: «Не бойся, з гэтага часу будзеш лаўцом людзей» (Лк 5, 10). Не бойся людзей! Чалавек заўсёды такi, якi ёсць. Сiстэмы, якiя чалавек стварае, заўсёды недасканалыя, i тым больш яны недасканалыя, чым больш чалавек упэўнены ў сабе. Адкуль гэта бярэцца? Бярэцца гэта з людскога сэрца. Нашае сэрца неспакойнае. I ягоны неспакой найлепей ведае сам Хрыстус. «Ён ведае, што ёсць у чалавеку» (пар. Ян 2, 25).
Такiм чынам, у сувязi з Вашым першым пытаннем я хачу звярнуцца да слоў Хрыста i адначасна да маiх першых слоў на плошчы Святога Пятра. А менавiта: «Не бойся!», калi людзi называюць цябе Намеснiкам Хрыста, калi звяртаюцца да цябе: Святы Ойча альбо таксама Ваша Святасць, цi ўжываюць падобныя звароты, якiя, здавалася б, нават супярэчаць Евангеллю. Бо сам Хрыстус сказаў: «I айцом сабе не называйце нiкога на зямлi, бо адзiн у вас Айцец, каторы на нябёсах. I не называйцеся настаўнiкамi; бо адзiн у вас Настаўнiк - Хрыстус» (Мц 23, 9-10). Аднак жа звароты гэтыя паўсталi на аснове даўняй традыцыi. Яны сталi ў пэўным сэнсе моўнаю звычкаю, i зваротаў гэтых таксама не трэба баяцца.
Колькi разоў Хрыстус заклiкае: «Не бойцеся», заўсёды маючы на ўвазе i Бога, i чалавека. Ён хоча сказаць: не бойцеся Бога, якi, паводле фiлосафаў, - трансцэндэнтны Абсалют. Не бойцеся Бога, наадварот, кажыце да Яго разам са Мною: «Ойча наш» (Мц 6, 9). Не бойцеся гаварыць: Ойча! Iмкнiцеся нават быць дасканалымi, як Ён, i таму, што Ён дасканалы. Сапраўды - «Будзьце ж дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш, што ў нябёсах» (Мц 5, 48).
Хрыстус - гэта Сакрамэнт нябачнага Бога. Сакрамэнт азначае прысутнасць. Бог - з намi. Бог бясконца дасканалы, Ён не толькi з чалавекам, але Сам стаўся чалавекам у Езусе Хрысце. Не бойцеся Бога, якi стаўся чалавекам! Менавiта гэта вымавiў Пётр паблiзу Цэзарэi Фiлiпавай: «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога» (Мц 16, 16). Тым самым ён казаў: Ты Сын Божы, якi стаўся чалавекам. Пётр не баяўся так сказаць, хоць словы гэтыя не сыходзiлi ад яго. Словы гэтыя сыходзiлi ад Айца. «Толькi Айцец ведае Сына, i толькi Сын ведае Айца» (пар. Мц 11, 27). «Шчаслiвы ты, Сымоне, сыне Ёнiн, бо не цела i кроў адкрылi табе гэтае, але Айцец Мой, што ў нябёсах» (Мц 16, 17). Словы, якiя прамовiў Пётр, прамовiў ён моцаю Духа Святога. Касцёл таксама пастаянна прамаўляе iх моцаю Духа Святога.
Такiм чынам, Пётр не баяўся Бога, якi стаўся чалавекам. Затое баяўся за Сына Божага, як за чалавека. Бо не мог пагадзiцца, што будзе Ён бiчаваны i цернем укаранаваны i ўрэшце ўкрыжаваны. Гэтага Пётр прыняць не мог. Гэтага баяўся. I Хрыстус за гэта Пятру сурова вымавiў. Але яго не адкiнуў.
Не адкiнуў гэтага чалавека, якi меў добрую волю i гарачае сэрца. Чалавека, якi яшчэ ў Садзе Алiўным выняў меч, каб баранiць свайго Настаўнiка. Езус сказаў яму толькi: «Шатан пажадаў вас, - значыць, i цябе, - каб прасейваць, як пшанiцу, але я прасiў за цябе (...). Ты некалi, навярнуўшыся, умацуй братоў тваiх у веры» (пар. Лк 22, 31-32). Значыць, Хрыстус не адкiнуў Пятра, ацанiў яго прызнанне паблiзу Цэзарэi Фiлiпавай i моцаю Духа Святога правёў яго праз сваю ўласную муку, а таксама праз яго ўласнае адрачэнне.
Як чалавек, Пётр паказаў, што ён не здольны ўсюды пайсцi за Хрыстом, i асаблiва на смерць. Аднак пасля змёртвыхпаўстання ён быў першым з Апосталаў, хто прыбег да гроба разам з Янам, каб упэўнiцца, што там няма Цела Хрыстовага.
Пасля змёртвыхпаўстання Хрыстус таксама пацвердзiў Пятрову мiсiю. Сказаў яму вельмi выразна: «Пасi авечкi Мае! (...) Пасi авечкi Мае!» (Ян 21, 15-16). А перад тым пытаў Пятра, цi любiць той Яго. Пётр, якi адрокся ад Хрыста, не перастаў, аднак, Яго любiць i мог адказаць: «Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (Ян 21, 15). Але не паўтарыў ужо «Хоць бы прыйшлося мне i памерцi з Табою, не адракуся ад Цябе» (Мц 26, 35). Гэта ўжо не было справаю самога Пятра i яго звычайных чалавечых сiлаў; гэта ўжо было справаю Духа Святога, абяцанага Хрыстом таму, хто меўся заступiць Яго на зямлi.
Сапраўды, у дзень Пяцiдзесятнiцы Пётр першы прамовiў да сабраных габрэяў i людзей, якiя прыбылi з розных краiн; гаварыў пра вiну, якую ўчынiлi тыя, што прыбiлi Хрыста да Крыжа, i пацвярджаў праўду Яго змёртвыхпаўстання. Ён заклiкаў таксама да навяртання i да хросту. I такiм чынам, дзякуючы дзеянню Духа Святога, Хрыстус мог даверыцца Пятру, мог абаперцiся на яго - на яго i на ўсiх iншых апосталаў - разам з Паўлам, якi тады яшчэ пераследаваў хрысцiян i ненавiдзеў iмя Езуса.
На гэтым фоне, а гэты фон гiстарычны, усе такiя выразы як «Намеснiк Хрыста», «Ваша Святасць», «Святы Айцец» - мала важныя. Важна тое, што вынiкае з смерцi i змёртвыхпаўстання Хрыста. Важна тое, што сыходзiць з моцы Духа Святога. У гэтым сэнсе Пётр i разам з iм iншыя апосталы, у першую чаргу Павел, пасля свайго навяртання, сталi сапраўднымi сведкамi Хрыста, ажно да пралiцця крывi.
Значыць, у вынiку, Пётр - той, хто не толькi не выракся ўжо больш Хрыста, не паўтарыў свайго няшчаснага: «Не ведаю чалавека гэтага» (Мц 26, 72), але да канца вытрываў у веры. «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога» (Мц 16, 16). Такiм чынам ён стаўся «скалою», хоць як чалавек быў, можа, зыбучым пяском. Скала - сам Хрыстус, i Хрыстус будуе Свой Касцёл на Пятры. На Пятры, Паўле i апосталах. Касцёл - апостальскi праз моц Хрыста.
Гэты Касцёл вызнае: «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога». Касцёл вызнае гэта праз вякi i стагоддзi разам з усiмi, хто падзяляе яго веру. Разам з усiмi, каму Айцец аб'явiў у Духу Сьвятым Сына, гэтак як Сын у Духу Святым аб'явiў iм Айца (пар. Мц 11, 25-27).
Гэтае аб'яўленне канчатковае, яго можна толькi прыняць альбо адкiнуць. Яго можна прыняць, вызнаючы Бога Айца Усемагутнага, Стварыцеля неба i зямлi, i Езуса Хрыста, Сына, Адзiнасутнага Айцу, а таксама Духа Святога, Пана i Ажыўляльніка, - альбо можна таксама ўсё гэта адкiнуць i напiсаць вялiкiмi лiтарамi: «Бог не мае Сына», «Езус Хрыстус не Сын Божы, а толькi адзiн з прарокаў i то нават не апошнi, а ўсяго толькi чалавек». Цi можна здзiўляцца такой пазiцыi, ведаючы, што i сам Пётр меў тут цяжкасцi? Ён верыў у Сына Божага, але не мог прыняць, што гэты Сын Божы, як чалавек, будзе бiчаваны, цернем укаранаваны i памрэ на крыжы.
Цi можна здзiўляцца, што нават вызнаўцам адзiнага Бога, сведкам якога быў Абрагам, цяжка прыняць веру ў Бога ўкрыжаванага? Яны лiчаць, што Бог можа быць толькi магутны i цудоўны, абсалютна трансцэндэнтны i прыгожы ў моцы Сваёй, святы i недасяжны для чалавека. Бог можа быць толькi такi! Не можа Ён быць Айцом i Сынам i Духам Святым. Не можа быць Любоўю, якая сябе дае, якая сябе дазваляе бачыць, чуць i наследаваць як чалавек, якая дазваляе сябе прынiжаць, бiць па твары i ўкрыжоўваць. Гэта не можа быць Бог!.. Такiм чынам, у самым цэнтры вялiкай монатэiстычнай традыцыi прысутнiчае такi глыбокi разлом.
У Касцёле, збудаваным на Скале, якою з'яўляецца Хрыстус, Пётр, апосталы i iх наступнiкi - гэта сведкi Бога, укрыжаванага i ўваскрослага ў Хрысце. Такiм чынам, яны - сведкi жыцця, магутнейшага за смерць. Яны - сведкi Бога, якi дае жыццё, таму што Бог - гэта Любоў (пар. 1 Ян 4, 8). Яны - сведкi, бо бачылi, чулi i дакраналiся - рукамi, зрокам i слыхам Пятра, Яна i гэтулькiх iншых. Але Хрыстус сказаў Тамашу: «Шчаслiвыя, якiя не бачылi i паверылi» (Ян 20, 29).
Такім чынам, Вы слушна кажаце, што Папа - гэта таямнiца. Слушна Вы кажаце таксама, што ён з'яўляецца знакам супраціву, што ён - гэта выклiк. Пра самога Хрыста старац Сiмяон сказаў, што стане Ён «знакам, якому працiвiцца будуць» (пар. Лк 2, 34).
Вы сцвярджаеце таксама, што ў адносiнах да гэтай праўды - а значыць, у адносiнах да Папы - трэба выбiраць, а выбар для многiх не такi лёгкі. Цi быў гэты выбар лёгкім для самога Пятра? Цi лёгкі ён для кожнага з ягоных наступнiкаў? Хiба лёгкі ён для цяперашняга Папы? Выбар - гэта iнiцыятыва чалавека. Хрыстус, аднак, гаворыць: «Бо не цела i кроў адкрылi табе гэтае, але Айцец Мой, што ў нябёсах» (Мц 16, 17). Значыць, выбар - не толькi iнiцыятыва чалавека, але таксама дзеянне Бога, які дзейнічае ў чалавеку, якi Сябе ў iм адкрывае. I дзякуючы моцы гэтага Божага дзеяння, чалавек можа паўтараць: «Ты Хрыстус, Сын Бога Жывога» (Мц 16, 16), i пасля можа прамаўляць усё Credo, якое ўнутрана спаяна глыбiннаю логiкаю Аб'яўлення. Ён можа таксама нагадваць сабе i iншым тыя патрабаваннi, якiя вынікаюць з тае ж самае логiкi веры i прасякнутыя тым самым ззяннем праўды. Ён можа ўсё гэта рабiць, хоць ведае, што стане з-за гэтага «знакам супраціву».
Што ж застаецца такому чалавеку? Застаюцца яму толькi словы Самога Езуса, скiраваныя да апосталаў: «Калi Мяне пераследавалi і вас пераследаваць будуць; калi Маё слова захавалi, i вашае захаваюць» (Ян 15, 20). Такiм чынам: «Не бойцеся!» Не бойцеся таямнiцы Бога, не бойцеся Яго любовi, не бойцеся нi слабасцi чалавека, нi таксама яго велiчы! Чалавек не перастае быць вялiкiм нават у сваёй слабасцi. Не бойцеся сведчыць аб годнасцi кожнае чалавечае асобы - з хвiлiны зачацця аж да смерцi.
I яшчэ, калi гаварыць пра азначэннi: Папу называюць таксама Намеснiкам Хрыста. Гэтае азначэнне трэба выказваць у поўным кантэксце Евангелля. Перад Унебаўшэсцем Езус сказаў апосталам: «Я з вамi ва ўсе днi аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Значыць, хоць i нябачны, Ён асабiста прысутнiчае ў сваiм Касцёле. Прысутнiчае Ён таксама ў кожным хрысцiянiне праз моц хросту i iншых сакрамэнтаў. Таму ўжо Айцы Касцёла звычайна гаварылi: «Christianus alter Christus» (хрысцiянiн - другi Хрыстус), тым самым iмкнучыся падкрэслiць годнасць ахрышчанага i яго паклiканне ў Хрысце да святасцi.
Апрача таго, Хрыстус асаблiвым чынам прысутнiчае ў кожным святары, якi, здзяйсняючы Эўхарыстыю альбо ўдзяляючы Сакрамэнты, чынiць гэта in persona Christi.
У гэтым кантэксце азначэнне «намеснiк Хрыста» набывае сапраўдны сэнс. Яно ўказвае не столькi на годнасць, колькi на служэнне, iмкнучыся падкрэслiць задачы Папы ў Касцёле, яго Пятрова служэнне, якое мае на мэце дабро Касцёла i вернiкаў. Гэта выдатна зразумеў святы Грыгоры Вялiкi, якi з усiх тытулаў, звязаных з функцыяй Бiскупа Рыму, выдзяляў тытул Servus servorum Dei (слуга слугаў Божых). Зрэшты, не толькi Папа бывае надзелены гэтым тытулам. Кожны бiскуп - Vicarius Christi (Вiкары Хрыста) у адносiнах да даверанага яму Касцёла. Папа - Вiкары Рымскага Касцёла, а праз яго - усiх касцёлаў, якiя маюць з iм супольнасць - супольнасць веры i супольнасць iнстытуцыйную, кананiчную. Гэты тытул вызначае годнасць Бiскупа Рыма, але годнасць гэту нельга браць iзалявана. Яна вельмi цесна звязана з годнасцю ўсяго Бiскупскага Калегiума, гэтаксама як i з годнасцю кожнага бiскупа, кожнага святара i кожнага ахрышчанага.
А якую ж асаблiвую годнасць маюць кансэкраваныя асобы, жанчыны i мужчыны, якiя сваiм паклiканнем выбiраюць ажыццяўленне шлюбнага вымярэння Касцёла, нявесты Хрыстовай! Хрыстус, Адкупiцель свету i чалавека - Жанiх Касцёла i ўсiх у Касцёле - «пакуль з iмi Жанiх» (пар. Мц 9, 15). Асаблiвае заданне Папы - вызнаваць гэтую праўду, а таксама пэўным чынам нагадваць аб ёй Касцёлу ў Рыме i ўсяму Касцёлу, чалавецтву i свету.
Такiм чынам, каб у нейкай ступенi развеяць Вашу асцярогу, прадыктаваную, зрэшты, глыбокаю вераю, я параiў бы Вам чытаць Святога Аўгустына. Як жа часта ён любiў паўтараць: «Vobis sum episcopus, vobiscum christianus» (для вас я бiскуп, з вамi - хрысцiянiн; пар. нпр. Sermo 340, 1: PL 38, 1483)! Добра падумаўшы: наколькi ж больш значнае гэтае christianus, чым episcopus, - нават калi б гаворка iшла пра Бiскупа Рыма.
Урывак з кнігі Яна Паўла ІІ «Пераступіць парог надзеі»
Пераклад Крыстыны Лялько
Ілюстрацыя: Рэмбрандт Ха́рменсзан ван Рэйн, «Апостал Пётр», 1632