Бог Айцец прамаўляе да сваіх дзяцей

Не сакрэт, што ў многіх вернікаў Бог Айцец асацыіруецца са строгім, справядлівым Суддзёю, які толькі і чакае нагоды, каб пакараць чалавека за яго грахі і правіны, і зусім мала тых, хто любіць свайго Стварыцеля як найлепшага і любячага Айца. Гэта не можа не засмучаць Бога Айца, які з’яўляецца абсалютнай Любоўю, які нават Сына свайго, Езуса Хрыста, не пашкадаваў, паслаўшы дзеля нашага збаўлення на ўкрыжаванне.


Чалавек жа ў большасці сваёй адплачвае Нябеснаму Айцу абыякавасцю, пагардай, знявагамі, а ў лепшым выпадку страхам і недаверам. Каб нагадаць дзецям пра сваю любоў і міласэрнасць, Бог Айцец у 1932 годзе аб’явіўся малаадукаванай маладой манашцы з Італіі Яўгеніі Елізавеце Равазіо, якую пазней пачалі называць маці Яўгенія — у свае 25 гадоў яна была абрана генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі сясцёр Каралевы Анёлаў. Яна бачыла два аб’яўленні — 1 ліпеня і 12 верасня 1932 года. Гэта адзінае аб’яўленне, дадзенае Богам Айцом, якое прызнана Касцёлам пасля 10-ці гадоў дасканалага даследавання.

З успамінаў маці Яўгеніі

1 ліпеня 1932 года — свята Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста. Вось нарэшце настаў дзень, благаслаўлёны навекі, абяцаны Нябесным Айцом! Сёння заканчваюцца доўгія дні падрыхтоўкі, і я адчуваю сябе вельмі блізкай да прыходу майго Айца і Айца ўсіх людзей. Анёлы прыходзяць і абвяшчаюць мне гэта шчаслівае прыбыццё. Іх спеў такі прыгожы... Раптам гэтая гармонія спынілася, і вось — шэсце выбраных херубімаў і серафімаў разам з Богам, нашым Створцам і нашым Айцом! Упаўшы тварам на зямлю, заглыбіўшыся ў бездань сваёй мізэрнасці, я прамовіла: «Велічае душа мая Пана...». У гэтую хвіліну Айцец прапануе мне сесці з Ім, каб запісаць тое, што Ён вырашыў сказаць людзям. Увесь нябесны эскорт, які Яго суправаджаў, знік. Перад тым як сесці, Айцец прамовіў: «Я табе ўжо казаў і гавару яшчэ, што не магу другі раз ахвяраваць Майго Любага Сына, каб пацвердзіць Маю любоў да людзей! Цяпер дзеля таго, каб яны пазналі гэтую любоў, Я прыходжу да іх, прымаючы бедны выгляд, падобны да іх. Глядзі, Я здымаю Маю Карону і ўсю Маю Славу, каб прыняць выгляд звычайнага чалавека!»

Паклаўшы сваю Карону і сваю Славу каля ног, Айцец прыціснуў да Сэрца зямны шар, трымаючы Яго левай рукою, а потым сеў каля мяне. У сваім невуцтве я не маю слоў, каб выказаць тое, што Ён даў мне зразумець.

Пасланне Бога Айца

Першы сшытак
(1 ліпеня 1932 г.)

Я выбраў гэты дзень для таго, каб пачаць Маю Справу сярод людзей, бо гэта Свята Найдаражэйшай Крыві Майго Сына Езуса. Я маю намер абмыць гэтаю Крывёю Маю Справу, каб яна прынесла вялікі плён усяму чалавецтву. Вось сапраўдная мэта Майго прыходу.

  1. Я прыходжу, каб выгнаць празмерны страх, які адчуваюць перада Мною Мае стварэнні, і даць ім зразумець, у чым Мая сапраўдная радасць — быць пазнаным і любімым Маімі дзецьмі, гэта значыць усім чалавецтвам, якое існуе і будзе існаваць.
  2. Я прыходжу, каб прынесці надзею людзям і народам. Як жа даўно многія яе згубілі! Гэта надзея дазволіць ім жыць у супакоі і ўпэўненасці, працуючы для збаўлення.
  3. Я прыходжу, каб Мяне пазналі такім, які Я ёсць, каб павялічыць давер людзей разам з іх любоўю да Мяне, іх Айца, які мае толькі адзіны клопат — дбаць пра ўсіх людзей і любіць іх як дзяцей.

Мастак цешыцца, любуючыся намаляванай ім карцінай, таксама і Я адчуваю задавальненне і радасць, праходзячы паміж лю­дзьмі, шэдэўрам Майго Тварэння!

Час прыспешвае! Я хацеў бы, каб чалавек даведаўся як мага хутчэй, што Я яго люблю і адчуваю найвялікшае шчасце, калі знаходжуся побач з ім і размаўляю з ім як Айцец са сваімі дзецьмі. <…> Чым больш павялічвалася зло, тым больш Мая дабрыня натхняла Мяне звяртацца да праведных душаў, каб яны перадавалі Мае запаведзі тым, хто беспакарана чыніў беспарадак. Часам Я павінен быў праявіць строгасць, каб вярнуць людзей на шлях дабра, — не пакараць, бо гэта прынесла б толькі зло, але адвесці іх ад зла і скіраваць да іх Айца і Стварыцеля, пра якога яны забыліся і не вызнавалі ў сваёй няўдзячнасці. Пазней зло настолькі авалодала сэрцамі людзей, што Я быў вымушаны паслаць у свет бедствы, каб праз пакуты, страчаны дабрабыт і нават страчанае жыццё чалавек ачысціўся — быў патоп, разбурэнне Садома і Гаморы, войны і г. д. Я заўсёды хацеў заставацца ў гэтым свеце сярод людзей, таму падчас патопу Я быў блізка ад Ноя, адзінага ў той час праведніка. Пры іншых бедствах Я заўсёды знаходзіў праведніка, з якім быў побач, і праз яго Я быў сярод людзей гэтага часу. Так было заўсёды. Вельмі часта свет быў ачышчаны ад сваёй сапсаванасці Маёй бясконцай дабрынёю да чалавецтва. <…>

Я абяцаў свету Месію. Чаго Я толькі ні ўчыніў для падрыхтоўкі Яго прыйсця, аб’яўляючыся ў вобразах, якія прадказалі Месію нават за тысячагоддзі да Яго прыбыцця! Хто гэты Месія? Адкуль ідзе? Што зробіць на зямлі? Каго будзе прадстаўляць?

Месія — гэта Бог. Кім ёсць Бог? Бог — гэта Айцец, Сын і Святы Дух. Адкуль ідзе альбо хто наказаў Сыну прыйсці да людзей? Гэта Я, Яго Бог Айцец. Каго будзе прадстаўляць Месія на зямлі? Свайго Бога Айца. Што здзей­сніць Месія на зямлі? Дасць людзям пазнаць і палюбіць Яго Бога Айца. Ці ж Ён не сказаў: «Хто бачыць Мяне, бачыць Айца Майго». «Я ў Айцу, і Айцец ува Мне». «Ніхто не прыходзіць да Айца, акрамя як праз Мяне». <…>

Калі Я зразумеў, што ні патрыярхі, ні прарокі не маглі зрабіць так, каб людзі Мяне пазналі і палюбілі, Я вырашыў прыйсці сам. Не было іншага спосабу як прыйсці Мне ў другой Асобе Маёй Боскасці. Я ведаў, што лю­дзі ў Маім Сыне Мяне праклянуць і ўкрыжуюць. Але Я не спыніўся ў сваёй любові.

Зразумейце, што Я ўзлюбіў вас яшчэ больш, чым Майго ўмілаванага Сына, а калі сказаць дакладней, больш за самога сябе.

Калі б нават было дастаткова жыцця і смерці аднаго з людзей, падобных сваім жыццём і смерцю да Майго Сына для адкуплення грахоў чалавецтва, то Я засумняваўся б. Чаму? Таму што тады Я здрадзіў бы Маёй любові, дазволіўшы пакутаваць іншаму чалавеку, Майму стварэнню, якое Я люблю, замест таго каб пакутаваць самому ў Маім Сыне. Я ніколі не хацеў цярпенняў лю­дзей — Маіх дзяцей!

Вядома ж, Я разумею слабасці Маіх дзяцей! Таму Я наказаў свайму Сыну даць ім сродкі для таго, каб падымацца пасля падзенняў. Сродкі, якія дапамагаюць людзям ачысціцца ад грахоў, — гэта сем сакрамэнтаў. Найбольш вялікім сродкам для вашага збаўлення з’яўляецца Кроў Майго Сына Езуса Хрыста, якая кожны момант выліваецца на вас, як толькі вы гэтага захочаце, ці ў сакрамэнце споведзі, ці ў святой Ахвяры Імшы. Мае дарагія дзеці, вось ужо дваццаць вякоў з асабліваю міласэрнасцю Я асыпаю вас гэтымі дарамі, а вынік вельмі сумны! <…>

Я справядлівы, гэта праўда, але любоў усё аплачвае! Каб вы былі ўпэўненымі ў Маёй любові, прывяду параўнанне. Для Мяне вашыя грахі — нібы жалеза, а вашыя чыны любові, як золата. Нават калі вы Мне дадзіце тысячу кілаграмаў жалеза, гэта будзе роўным 10-ці кілаграмам вашага золата! Гэта азначае, што малой любоўю адкупляюцца незлічоныя правіны. Вось які лёгкі Мой суд над Маімі дзецьмі — усімі людзьмі без выключэння. Такім чынам, неабходна толькі прыйсці да Мяне. Я ж так блізка да вас! Я вас так люблю! <…>

Я прыходжу да вас двума шляхамі: у крыжы і ў Эўхарыс­тыі! Крыж — Мая дарога, каб спусціцца да Маіх дзяцей, бо праз яго Я адкупіў вас Маім Сынам. А для вас крыж — дарога ўзыходжання да Майго Сына і ад Майго Сына да Мяне. Без крыжа вы ніколі б не змаглі прыйсці да Мяне, таму што праз грэх чалавек аддаліўся ад Бога. Менавіта гэтымі двума шляхамі Я пастаянна пасылаю на зямлю і Маю магутнасць, і Маю бясконцую міласэрнасць. <…> Хачу таксама нагадаць вам, што Я прыходжу да вас пры дапамозе Майго Святога Духа. Справа гэтай трэцяй Асобы Маёй Боскасці здзяйсняецца маўкліва, і чалавек часта Яго не заўважае. Але для Мяне гэта надзейны сродак, каб прабываць не толькі ў табэрнакулюме, але і ў душах усіх, хто знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі. <…>

Паверце, калі б вы пачалі шанаваць Мяне з асаблівай адданасцю з часоў ранняга Касцёла, то праз 20 стагоддзяў засталося б мала людзей, якія жывуць у паганстве, многіх ілжывых і шкодных сектах, у якіх чалавек з заплюшчанымі вачыма рушыць у бездань вечнага агню! <…> Вось чаму Я жадаю, каб чалавек часцей успамінаў пра тое, што Я знаходжуся там жа, дзе і ён, што ён не змог бы жыць, калі б Я не быў з ім, такі ж жывы, як і ён. Нягледзячы на нявернасць чалавека, Я ніколі не перастаю быць побач з ім. Я ведаю ўсе вашыя патрэбы, жаданні, ведаю ўсё пра вас.

Але якім бы я быў шчаслівым і ўдзячным вам, калі б убачыў вас прыходзячых да Мяне і давяраючых Мне вашыя патрэбы, як робіць гэта сын, цалкам давяраючы свайму бацьку. Якой жа заслугай для вас аднойчы стане тое, што вы паверылі ў Мяне, нябачнага!

Не верце, што Я з’яўляюся тым грозным старым, якога людзі паказваюць у іх малюнках і кнігах! Не, Я не малодшы і не старэйшы за Майго Сына і Майго Святога Духа! Таму Я хацеў бы, каб усе, ад дзіцяці да старога, называлі Мяне па-сямейнаму Айцом і Сябрам, бо Я заўсёды побач. Раблюся падобным да вас, каб вас зрабіць падобнымі да сябе. Жадаю, каб кожная сям’я мела ў сваім доме Маю выяву, якую пакажу Маёй маленькай дачцэ, з якою цяпер размаўляю, — так будзе лягчэй Мяне шанаваць. Такім чынам сям’я будзе мець Маё асаблівае заступніцтва. <…>

Як пяшчотны Айцец, Я хачу абараніць моладзь. У свеце так шмат зла! Маладыя нявопытныя душы дазваляюць спакусіць сябе ганебнымі “прыемнасцямі”, якія крок за крокам вядуць іх, бедных, да поўнай гібелі. О, вы маладыя, прыйдзіце да Мяне! Я — Айцец, які любіць вас больш за ўсе стварэнні, якія могуць вас любіць! Прыйдзіце! Я бачу, што вы маеце вялікую патрэбу ў такім мяккім і бясконца добрым Айцу, як Я. <…>

Пасланне Бога Айца

Другі сшытак
(12 жніўня 1932 г.)

Я хачу ад чалавека толькі таго, што ён можа Мне даць: любоў, давер і ўдзячнасць. Мне гэта неабходна зусім не таму, што Я маю патрэбу ў Маім стварэнні альбо ў яго пакланенні, не таму, што Я жадаю быць пазнаным, шанаваным і любімым, а толь­кі для таго, каб выратаваць чалавека і зрабіць яго ўдзельнікам Маёй славы. На жаль, істоты, пакліканыя Мною з небыцця і ўсыноўленыя як сапраўдныя дзеці, у вялікай колькасці з-за шатана трапляюць у вечнае няшчасце, не дасягаючы мэты, дзеля якой Я іх стварыў! <…>

Калі Я нечага жадаю ў гэты час, дык гэта большага запалу з боку праведнікаў, жадаю таксама няцяжкага шляху грэшнікам у іх навяртанні да Бога — навяртанні шчырым і трывалым. Жадаю вяртання гэтых блудных сыноў у Бацькоўскі дом, жадаю гэтага асабліва габрэям, а таксама ўсім Маім стварэнням, Маім дзецям — раскольнікам, ерэтыкам, масонам, атэістам, багахульнікам і членам розных тайных сектаў. Хачу, каб усе ў гэтым свеце даведаліся, што ёсць адзіны Бог і адзіны Стварыцель. Яны не ведаюць, што Я іх Айцец, хаця Я падвойваю свае намаганні, звяртаючыся да тых, хто Мяне не ведае. <…>

Паверце Мне вы, якія слухаеце Мяне і чытаеце гэтыя словы: калі б усе людзі, далёкія ад Касцёла, пачулі слова пра Айца, які іх вельмі любіць, які з’яўляецца іх Стварыцелем і Богам, пра Айца, які прагне даць ім вечнае жыццё, вялікая колькасць гэтых людзей, нават самых упартых, прыйшла б да Мяне. Большасць няверуючых, бязбожнікаў і членаў розных сектаў застаецца ў беззаконні і нявер’і таму, што думаюць, нібыта Я прашу ад іх немагчымага. Думаюць, што яны павінны падпарадкоўвацца Маім загадам, нібы тыя рабы, якія падпарадкоўваюцца тырану, што ў сваёй магутнасці і гардыні аддаляецца ад сваіх падданых, каб прымусіць іх паважаць сябе і пакланяцца. Не, не, дзеці Мае! Я магу прынізіцца ў тысячы разоў, стаць яшчэ меншым, чым вы можаце сабе ўявіць. Маё адзінае жаданне, каб вы паводзілі сябе са Мною па-дзіцячы, з прастатой і даверам да Мяне!

Аднак, чаго Я сапраўды патра­бую, дык гэта вернага выканання Маіх запаведзяў, якія Я даў Майму Касцёлу. Патрабую, каб вы былі думаючымі стварэннямі і не прыпадабняліся да жывёлаў у недысцыплінаванасці і дурных схільнасцях, каб вы маглі захаваць скарб, якім з’яўляецца ваша душа, падараваная вам Мною ў поўні Боскай прыгажосці, у якую Я яе апрануў. <…>

Калі ўсе народы будуць Мяне заклікаць і шанаваць, ніколі больш не будзе разладаў і войнаў, таму што Я — Бог супакою, і там, дзе Я знаходжуся, вайны не будзе! Хочаце атрымаць перамогу над ворагам? Паклічце Мяне — і вы возьмеце верх над ім. Я — сама святасць у яе дасканаласці і паўнаце. І Я дару вам гэтую святасць, Творцам якой Я з’яўляюся. Праз Майго Святога Духа Я будую яе ў вашых душах па заслугах Майго Сына Езуса Хрыста. <…> Нежаданне і няўменне аддаць сваё жыццё ў Божыя рукі сведчыць, што людзі не ведаюць Бога, у адрозненне ад вас, мае абраныя. Я хачу выказаць пажаданні вам, святары, манахі і манашкі. Я даю вам перавагу ў выкарыстоўванні Маёй дабрыні, але з вашага боку чакаю вернасці пакліканню па добрай волі. Вось Маё пажаданне: вы, якія лягчэй разумееце тое, чаго Я чакаю ад чалавецтва, прасіце Мяне, каб Я змог пасяліць у душах людзей любоў. Вы ведаеце ўсе складанасці, якія даводзіцца пераадольваць, каб здабыць хаця б адну душу! Вось вам дзейсны сродак, які дапаможа здабыць для Мяне вялікае мноства душаў — даць людзям Мяне пазнаць, палюбіць і шанаваць. <…>

Я буду нястомна паўтараць сваё абяцанне: «Усе, хто ад усяго сэрца хаця б адзін раз назавуць Мяне сваім Айцом, не загінуць, але атрымаюць вечнае жыццё сярод абра­ных».

Не адмаўляйце Мне ў гэтай радасці цешыцца сярод вас! Я аддзячу вам за ўсё ў сто разоў больш. Я — Святло свету: там, куды Я пранікаю, будзе жыццё, хлеб і шчасце. Усім — Маё Айцоўскае Боскае благаслаўленне! Амэн.


Падрыхтавала Галіна Калевіч
Паводле: «Дзённік маці Яўгеніі Равазіо».
Цалкам «Дзённік маці Яўгеніі Равазіо» чытайце на рускай мове rkc.zp.ua

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней