Божы замысел адносна сужэнства і сям’і. З апостальскай адгартацыі «Familiaris consortio»

У дзень літургічнага ўспаміну святога Яна Паўла ІІ публікуем урывак з яго апостальскай адгартацыі «Familiaris consortio».


Чалавек як вобраз Бога-Любові

11. Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу і падабенства1; паклікаўшы яго да існавання з любові, у той жа час Ён паклікаў яго да любові.

Бог ёсць любоў2, і ў самім сабе Ён перажывае таямніцу асабовай еднасці любові. Ствараючы чалавека паводле свайго вобразу і няспынна падтрымліваючы яго пры існаванні, Бог упісвае ў чалавечую сутнасць мужчыны і жанчыны пакліканне, гэта значыць здольнасць і адказнасць за любоў і супольнасць3. Такім чынам, любоў — гэта асноўнае і прыроджанае пакліканне кожнай чалавечай істоты.

Чалавек як уцелаўлёны дух, гэта значыць душа, якая праяўляе сябе ў целе, і цела, сфармаванае несмяротным духам, пакліканы да любові ў гэтай сваёй з’яднанай цэласнасці. Любоў ахоплівае таксама і чалавечае цела, а цела ўдзельнічае ў духоўнай любові.

Хрысціянскае Аб’яўленне ведае два адпаведныя спосабы ажыццяўлення паклікання чалавечай асобы — у яе ўнутраным адзінстве — да любові: сужэнства і дзявоцтва. Як адно, так і другое ва ўласцівай ім форме з’яўляецца канкрэтным выкананнем найглыбейшай праўды пра чалавека, пра яго існаванне «паводле вобразу Божага».

У выніку гэтага сексуальнасць, праз якую мужчына і жанчына адорваюць адно аднаго ў адпаведных і выключна сужэнскіх актах, з’яўляецца не толькі чыста біялагічнаю з’яваю, але ўнутранай сутнасцю чалавечай асобы. Яна рэалізуецца спосабам, годным чалавека, толькі тады, калі з’яўляецца інтэгральнаю часткаю любові, якая яднае мужчыну і жанчыну да самай смерці. Дасканалы цялесны дар быў бы падманам, калі б не быў знакам і плодам поўнага асабістага адорвання, у якім прысутнічае ўся асоба, у тым ліку і ў часовым вымярэнні. Калі ж чалавек пакідае штосьці для сябе або пакідае за сабою магчымасць у будучыні змяніць рашэннне, то ўжо праз гэта ён не аддае сябе цалкам.

Гэтая паўната, якой патрабуе сужэнская любоў, таксама адпавядае патрабаванням адказнага бацькоўства, якое хоць і скіравана на нараджэнне чалавечай істоты, аднак пераўзыходзіць па сваёй прыродзе біялагічны парадак і набывае ўсю паўнату асабістых каштоўнасцяў, але для яе гарманічнага ўзрастання неабходны няспынны і згодны ўклад абодвух бацькоў.

Адзіным «месцам», дзе такая самааддача можа быць ажыццёўлена ва ўсёй сваёй праўдзе, з’яўляецца сужэнства, гэта значыць саюз сужэнскай любові або свядомы і свабодны выбар, праз які мужчына і жанчына прымаюць унутраную еднасць жыцця і любові, якая прадугледжаная самім Богам4 і толькі ў гэтым святле выяўляе сваё сапраўднае значэнне. Інстытут сужэнства не з’яўляецца вынікам нейкага несправядлівага ўмяшання грамадства ці ўладаў або знешнім навязваннем пэўнай формы, але заключае ў сабе ўнутранае патрабаванне саюзу сужэнскай любові, які публічна сцвярджае сябе адзіным і выключным, каб захаваць такім чынам дасканалую вернасць замыслу Бога Стварыцеля. Гэтая вернасць, ні ў якой ступені не абмяжоўваючы свабоды чалавека, аберагае яго ад усялякага суб’ектывізму і рэлятывізму і дае яму магчымасць удзелу ў стваральнай Мудрасці.

Сужэнства — гэта еднасць паміж Богам і людзьмі

12. Еднасць паміж Богам і людзьмі, у якой заключаная сутнасць Аб’яўлення і досведу веры Ізраэля, знаходзіць сваё красамоўнае праяўленне ў сужэнскім саюзе, заключаным паміж мужчынам і жанчынаю.

Адсюль вынікае і асноўнае пасланне Аб’яўлення: «Бог любіць свой народ»; яно выказана жывымі і канкрэтнымі словамі, праз якія мужчына і жанчына выказваюць сваю сужэнскую любоў. Іх саюз любові становіцца вобразам і знакам Запавету, які злучае Бога з Яго народам5. І той самы грэх, якім можа быць паранены сужэнскі саюз, становіцца вобразам нявернасці народа ў адносінах да Бога; ідалапаклонства з’яўляецца прастытуцыяй6, нявернасць — чужалоствам, непаслухмянасць праву — адкіданнем любові Пана. Аднак нявернасць Ізраэля не знішчае спрадвечнай вернасці Бога, гэта любоў Бога становіцца ўзорам повязяў вернай любові, якія павінны злучаць сужэнцаў7.

Езус Хрыстус, Абраннік Касцёла, і сакрамэнт сужэнства

13. Еднасць паміж Богам і людзьмі набывае сваё канчатковую паўнату ў Езусе Хрысце, Абранніку, які любіць чалавецтва і ахвяруе сябе яму як Збаўца, яднаючы яго ў сваім целе.

Ён аб’яўляе асноўную праўду сужэнства, праўду пра «пачатак»8, і, вызваляючы чалавека ад жорсткасці сэрца, робіць яго здольным рэалізаваць напоўніцу гэтую праўду.

Гэтае Аб’яўленне набывае сваю канчатковую паўнату ў дары любові, які Слова Божае дае чалавецтву, прымаючы чалавечую натуру, і ў ахвяры, у якой Езус Хрыстус складае самога сябе на Крыжы для сваёй абранніцы — Касцёла. У гэтай ахвяры цалкам ажыццяўляецца той план, які Бог упісаў ў чалавечую сутнасць мужчыны і жанчыны ад моманту стварэння9; сужэнства ахрышчаных становіцца такім чынам знакам Новага і Вечнага Запавету, заключанага праз Кроў Хрыста. Дух, які ўдзяляе Пан, дае новае сэрца і робіць мужчыну і жанчыну здольнымі любіць адно аднаго гэтак, як нас палюбіў Хрыстус. Сужэнская любоў набывае паўнату, якой яна ўнутрана падпарадкаваная, гэтую сужэнскую «caritas», якая з’яўляецца адпаведным і асаблівым спосабам, дзякуючы якому сужэнцы пакліканыя перажываць любоў самога Хрыста, які складае сябе ў ахвяру на Крыжы.

У адным са сваіх заслужана вядомых пасланняў Тэртуліян апеў велічнасць і прыгажосць сужэнскай любові ў Хрысце: «Як жа я магу апісаць шчасце таго сужэнства, якое Касцёл яднае, эўхарыстычная Ахвяра ўзмацняе, а благаслаўленне накладае пяч аць, анёлы абвяшчаюць, а Айцец сцвярджае?.. О, якое цудоўнае ярмо двух верных, злучаных у адной надзеі, у адзіным захаванні вернасці, у адзіным служэнні! Абое браты ў веры і абое служаць; няма паміж імі раздзяленняў ні ў целе, ні ў духу. Наадварот, яны ўдваіх сапраўды адно цела, а дзе адно цела, там і адзін дух»10

Прымаючы і верна разважаючы над словам Божым, Касцёл урачыста вучыў і вучыць, што сужэнства паміж ахрышчанымі з’яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў Новага Запавету11.

Праз хрост мужчына і жанчына канчаткова ўключаныя ў Новы і Вечны Запавет, у Запавет, заключаны паміж жаніхом, Хрыстом, і нявестаю, Касцёлам. Менавіта дзякуючы гэтаму незнішчальнаму ўключэнню глыбокая еднасць сужэнскага жыцця і любові, устаноўленая Стварыцелем12, узвышаная і ўключаная ў абранніцкую любоў Хрыста, падтрымліваецца і ўзбагачаецца Яго збаўчаю моцаю. 

Моцаю сакрамэнтальнага характару сужэнства ўзаемная сувязь сужэнцаў тым больш становіцца непарыўнаю. Праз сакрамэнтальны знак іх прыналежнасць адно аднаму з’яўляецца рэальным вобразам стасункаў паміж Хрыстом і Касцёлам.

Такім чынам, сужэнцы з’яўляюцца няспынным напамінам Касцёлу пра тое, што´ здзейснілася на Крыжы; яны адно для аднаго і для дзяцей з’яўляюцца сведкамі збаўлення, удзельнікамі якога яны сталі дзякуючы сакрамэнту. Сужэнства, як і іншыя сакрамэнты, з’яўляецца напамінам, ажыццяўленнем і прароцтвам справы збаўлення: «Як напамін, сакрамэнт дае ім ласку і заданне памятаць пра вялікія справы Божыя і сведчыць пра іх сваім дзецям; як ажыццяўленне, дае ім ласку і заданне рэалізоўваць у жыцці адно аднаго і ў жыцці дзяцей вымаганні любові, якая прабачае і адорвае адкупленнем; як прароцтва, дае ім ласку і заданне жыць і сведчыць пра надзею будучай сустрэчы з Хрыстом»13.

Як і кожны з сямі сакрамэнтаў, сужэнства па-свойму таксама з’яўляецца знакам справы збаўлення. «Тыя, хто заключыў сужэнскі саюз, як муж і жонка ўдзельнічаюць у ім удваіх, як пара, да такой ступені, што першым і непасрэдным вынікам сужэнства (res et sacramentum) з’яўляецца не сама звышнатуральная ласка, а хрысціянская сужэнская сувязь, уласцівае хрысціянству адзінства дваіх, бо яно ўвасабляе таямніцу ўцелаўлення Хрыста і таямніцу Яго Запавету. Асабліваю з’яўляецца таксама сутнасць удзелу ў жыцці Хрыста; у сужэнскай любові заключана паўната, у якой змешчаны ўсе вымярэнні асобы: імпульсы цела і інстынкты, сіла пачуццяў і адданасці, імкненне духу і волі. Любоў скіраваная да глыбока асабістай еднасці, якая злучае не толькі ў адно цела, але вядзе да таго, каб было толькі адно сэрца і адна душа. Яна патрабуе непарыўнасці і вернасці ў поўным узаемным адорванні і адкрываецца на плоднасць (гл. «Humanae vitae», 9). Адным словам, гаворка ідзе пра нармальныя рысы натуральнай любові кожнага сужэнскага саюзу, але ў новым значэнні, бо сакрамэнт не толькі ачышчае і ўзмацняе іх, але і настолькі ўзвялічвае, што яны становяцца ўвасабленнем сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцяў»14.

Дзеці — найкаштоўнейшы дар сужэнства

14. Паводле Божай задумы, сужэнства з’яўляецца асноваю больш шырокай супольнасці сям’і, бо сам інстытут сужэнства і сужэнская любоў скіраваныя на нараджэнне і выхаванне патомства, у якім яны знаходзяць сваё ўвянчанне15.

У сваёй найглыбейшай рэчаіснасці любоў сутнасна з’яўляецца дарам, а сужэнская любоў, ведучы сужэнцаў да ўзаемнага пазнання, якое ўчыняе іх «адным целам»16, не абмяжоўваецца імі двума, бо робіць іх здольнымі да найбольшага дару, дзякуючы якому яны становяцца супрацоўнікамі Бога, даючы дар жыцця новай чалавечай істоце. Ва ўзаемным адорванні адно аднаго сужэнцы нараджаюць з сябе новую рэчаіснасць — дзіця, жывое адлюстраванне іх любові, трывалы знак сужэнскай еднасці, а таксама жывое і непадзельнае спалучэнне бацькоўства і мацярынства.

Стаўшы бацькамі, сужэнцы атрымліваюць ад Бога дар новай адказнасці. Іх бацькоўская любоў павінна стаць для дзяцей бачным знакам той самай любові Бога, ад якой «бярэ сваю назву ўсялякі род на нябёсах і на зямлі»17.

Аднак не трэба забывацца пра тое, што таксама і тады, калі нараджэнне патомства немагчымае, сужэнскае жыццё не страчвае з-за гэтага сваёй каштоўнасці. Фізічнае бясплоддзе можа стаць для сужэнцаў нагодаю да іншага важнага служэння на карысць жыцця чалавечай асобы, як, напрыклад, усынаўленне, розныя формы выхаваўчай працы, аказанне дапамогі іншым сем’ям або бедным дзецям ці дзецям з інваліднасцю.

Сям’я — гэта адзінства асобаў

15. У сужэнстве і ў сям’і ўтвараецца цэлы спектр міжасобасных адносінаў: сужэнскае каханне, бацькоўства-мацярынства, сыноўства, братэрства, праз якія кожная асоба ўваходзіць у «чалавечую сям’ю» і ў «Божую сям’ю», якою з’яўляецца Касцёл.

Хрысціянскае сужэнства і сям’я ствараюць Касцёл. У сям’і чалавечая асоба не толькі нараджаецца і паступова праз выхаванне далучаецца да чалавечай супольнасці, але таксама праз адраджэнне ў хросце і выхаванне ў веры далучаецца да Божай сям’і, якою з’яўляецца Касцёл.

Чалавечая сям’я, падзеленая грахом, была нанава з’яднаная збаўчаю моцаю смерці і ўваскрасення Хрыста18. Хрысціянскае сужэнства, беручы ўдзел у пладах гэтай таямніцы, становіцца натуральным асяроддзем, у якім здзяй сняецца далучэнне чалавечай асобы да вялікай сям’і Касцёла. 

Запаведзь, дадзеная на пачатку мужчыну і жанчыне, каб тыя раслі і размнажаліся, дасягае такім чынам усёй паўнаты сваёй праўды і ажыццяўлення. Такім чынам, Касцёл знаходзіць у сям’і, народжанай у сакрамэнце, сваю калыску і месца, у якім яна ўваходзіць у чалавечыя пакаленні, а яны — у Касцёл.

Сужэнства і дзявоцтва

16. Дзявоцтва і цэлібат дзеля Валадарства Божага не толькі не супярэчаць годнасці сужэнства, але і ўстанаўліваюць яе і сцвярджаюць. Сужэнства і дзявоцтва — гэта два спосабы праяўлення і перажывання адной таямніцы Запавету Бога са сваім народам. Без пашаны да сужэнства не можа існаваць і кансэкраванае дзявоцтва; калі чалавечая сексуальнасць не ўспрымаецца як вялікая каштоўнасць, падораная Стварыцелем, страчвае сэнс і адрачэнне ад яе дзеля Валадарства Нябеснага.

Справядліва заўважае св. Ян Хрызастом: «Хто асуджае сужэнства, той пазбаўляе хвалы і дзявоцтва; а хто ўсхваляе сужэнства, той учыняе дзявоцтва яшчэ больш вартым захаплення і больш хвалебным. Тое, што мы лічам дабром толькі ў параўнанні са злом, не можа быць вялікім дабром, але калі нешта лепшае за тое, што ўсе лічаць дабром, то гэта бясспрэчна ў найвышэйшай ступені дабро»19.

Жывучы ў дзявоцтве, чалавек прабывае ў чаканні, у тым ліку і цялесна, эсхаталагічных заручынаў Хрыста з Касцёлам, цалкам аддаючы сябе Касцёлу ў надзеі, што Хрыстус аддасць сябе Касцёлу ў паўнаце праўды вечнага жыцця. Нежанаты чалавек такім чынам прадугадвае ў сваім целе новы свет «будучага ўваскрашэння»20.

Дзякуючы гэтаму сведчанню дзявоцтва падтрымлівае ў Касцёле жывое разуменне таямніцы сужэнства і ахоўвае яе ад усялякага прыніжэння і збяднення.

Робячы асаблівым чынам свабодным сэрца чалавека21, каб распаліць у ім большую любоў да Бога і да ўсіх людзей22, дзявоцтва дае сведчанне таго, што менавіта Валадарства Божае і яго справядлівасць з’яўляюцца тою каштоўнаю пярлінаю, якой трэба аддаць перавагу перад усімі, нават найбольшымі каштоўнасцямі, і якую чалавек павінен шукаць як адзіную і канчатковую каштоўнасць. У тым ліку і таму Касцёл на працягу сваёй гісторыі заўсёды абараняў больш высокі статус гэтай харызмы ў параўнанні з харызмаю сужэнства, бо ўлічваў яе асаблівую сувязь з Божым Валадарствам23.

Нежанаты чалавек, хоць і адмаўляецца ад фізічнай плоднасці, становіцца плодным духоўна, становіцца айцом і маці для многіх, спрычыняючыся да справы фарміравання сям’і паводле Божай задумы.

Такім чынам, хрысціянскія сужэнцы маюць права чакаць ад нежанатых і незамужніх асобаў добрага прыкладу і сведчання вернасці свайму пакліканню да самай смерці. Як для сужэнцаў захаванне вернасці часам бывае цяжкім і патрабуе ахвяраў, утаймавання і адрачэння ад сябе, гэтак жа яно можа быць цяжкім і для нежанатых і незамужніх асобаў. Іх вернасць, у тым ліку і падчас магчымага выпрабавання, павінна быць стваральнаю для вернасці сужэнцаў 24.

Гэтыя разважанні на тэму дзявоцтва могуць стаць святлом і дапамогаю для тых, хто з прычынаў, не залежных ад іх волі, не змог уступіць у сужэнскі саюз і прыняў сваё становішча ў духу служэння.


Пераклад з польскай мовы Дар’і Ахламёнак.
Паводле: Jan Paweł ІІ, «Familiaris consortio».

____________________

  1. Гл. Быц 1, 26 і наст.
  2. Гл. 1 Ян 4, 8.
  3. Гл. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская Канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes», 12.
  4. Гл. Другі Ватыканскі Сабор. «Gaudium et spes», 48.
  5. Гл. Ос 2, 21; Ер 3, 6–13; Іс 54 і наст.
  6. Гл. Эз 16, 25.
  7. Гл. Ос 3.
  8. Гл. Быц 2, 24; Мц 19, 5.
  9. Гл. Эф 5, 32 і наст.
  10. Tertulian. «Ad uxorem», II, VIII; 6–8: CCL I, 393.
  11. Гл. Sobór Trydencki, Sesja XXIV kan. 1: I. D. Mansi. «Sacrorum Conciliorum Nova et Amplissima Collec o», 33, 149 n.
  12. Гл. Другі Ватыканскі Сабор. «Gaudium et spes», 48.
  13. Jan Paweł II, Przemówienie do Delegatów «Centre de Liaison des Equipes de Recherche», 3 (3 listopada 1979 r.): Insegnamen di Giovanni Paolo II, II, 2 (1979), 1032.
  14. Ibidem, 4.
  15. Гл. Другі Ватыканскі Сабор. «Gaudium et spes», 50.
  16. Гл. Быц 2, 24.
  17. Гл. Эф 3, 15.
  18. Гл. Другі Ватыканскі Сабор. «Gaudium et spes», 78.
  19. Św. Jan Cryzostom, «La Verginita», X: PG 48, 540.
  20. Гл. Мц 22, 30.
  21. Гл. 1 Кар 7, 32–35.
  22. Другі Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра абнаўленне манаскага жыцця «Perfectae carita s», 12.
  23. Pius XII, Enc. «Sacra Virginitas», II: AAS 46 (1954), 174 nn.
  24. Jan Paweł II, List «Novo incipiente», 9 (8 kwietnia 1979 r.): AAS 71 (1979), 410 nn.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней