Рахунак сумлення з айцоўства

Дэвіз XIX стагоддзя пра «смерць Бога» ставіць пад пытанне саму сутнасць чалавека, а таксама ўсе адносіны і сувязі, пакладзеныя ў аснову яго жыцця: сямейныя, сужэнскія, бацькоўскія. «Але што сталася з чалавекам пасля „смерці Бога“»? — пытаецца кард. Годфрыд Данеэлс. «Калі сыходзіць бацька, дзяцей апаноўвае холад. Калі знікае Бог, людзі шукаюць іншыя крыніцы цяпла. Але дзе ж іх знайсці? Айца ўжо няма, і мы ўсе сталі сіротамі»1.


Асаблівым паказчыкам асірацеласці чалавека і яго адчужэння з’яўляецца дэструкцыя сужэнства і сям’і, а разам з імі бацькоўства і мацярынства. «Жанчына часта ўспрымаецца мужчынам як прадмет. Дзеці становяцца для бацькоў перашкодаю. Сям’я становіцца інстытутам, які абмяжоўвае свабоду яе членаў»2.

Калі адкінулі Бога, на якога спасылаліся ўсе рэлігіі і цывілізацыі, раптам усе найбольш відавочныя прынцыпы суіснавання, якія адкрывала і развівала чалавецтва, становяцца баластам. Раптам тое, што лічылася крыніцаю ладу і шчасця, становіцца прычынаю зняволення і ўсялякіх няшчасцяў.

У чалавека няма ўлады над сваім жыццём і няма моцы для вызначэння сваіх новых мэтаў, новых законаў у будаванні міжасобасных сувязяў. Ён можа толькі прымаць і рэалізоўваць у жыцці тыя прынцыпы, якія сам Бог у ім укараніў. Таму, як піша Данеэлс, неабходна занава «адшукаць Бога як Айца», уваходзіць з Хрыстом у досвед сыноўства. Менавіта ён дасць нашай цывілізацыі надзейную моц аздараўлення.

Крызіс духоўнага айцоўства ў Касцёле

І хоць мы як святары не ставім пад сумненне маральных прынцыпаў сужэнства і сексуальнай этыкі, аднак здараецца, што і мы ўваходзім у ментальнасць «гэтага свету». Гэта сапраўдная трагедыя Касцёла, што ў яго структурах жывуць маральна сапсаваныя духоўныя асобы, якія неаднойчы адкрыта пагарджалі Богам і Яго воляю. Двайное жыццё, з якім звязана выкарыстанне жанчынаў, несумленнае кіраванне фінансамі, занядбанне святарскіх абавязкаў, пагарда да ўбогіх, гомасексуальныя сувязі, сексуальнае насілле непаўналетніх — усё гэта сведчыць пра крызіс айцоўства ў Касцёле. Патуранне і ўтойванне амаральных паводзінаў святара настаяцелямі з’яўляецца грахом і крыўдаю, нанесенаю народу Божаму. Гэта антыайцоўская пазіцыя людзей Касцёла.

«Чаму педафілія змагла дасягнуць такіх маштабаў?» — задаецца пытаннем Бэнэдыкт XVI. «Асноўнаю прычынаю з’яўляецца адсутнасць Бога. Мы таксама як вернікі і святары неахвотна кажам пра Бога, бо такія размовы здаюцца нам недарэчнымі»3.

Апостальcтва жыцця і апостальства слова

Узгадванне грахоў святароў і біскупаў у свецкіх медыя мы павінны ўспрымаць не як пераслед нявінных, але хутчэй як заклік да больш стрыманага абвінавачвання сапсаванага свету. Востры язык на больш палітычныя, чым евангельскія тэмы, танальнасць гвалтоўнага абурэння, павышаны голас ніяк не дапамогуць, калі ў сэрцы і паводзінах пастыра не будзе шчырай айцоўскай зычлівасці і спачування ў адносінах да загубленых і бедных. 

Фармулюючы пастырскія павучанні, неабходна памятаць, што людзі, пра якіх у іх ідзе гаворка, часцей за ўсё не атаясамляюць сябе з Касцёлам, больш за тое, яны ставяцца да яго варожа, адчужаюцца ад яго. Каб прыцягнуць іх увагу, мы павінны здабываць іх сваім жыццём, вартым даверу, павагаю, пакораю, добразычлівасцю, клопатам пра ўбогіх.

Наша «апостальства слова» часам бывае вельмі маштабным і дзякуючы тэхнічным сродкам набывае яшчэ большы размах. Мы ганарымся, што многія слухаюць нас, аднак гэта не прынясе пладоў, калі нашае прапаведаванне не будзе пацвярджацца сапраўдным «апостальствам жыцця».

Кожнае айцоўства мае духоўнае вымярэнне

Прыняты ў шырокім дыскурсе падзел на духоўнае айцоўства і фізічнае бацькоўства не проста не карэктны, але, можна нават сказаць, памылковы. Кожнае сапраўднае айцоўства па сваёй сутнасці заўсёды духоўнае. Ці ж можам мы назваць бацькоўствам, у глыбокім чалавечым разуменні, той факт, што мужчына здае сваё семя ў банк спермы? Або ці можна назваць мацярынствам той факт, што жанчына нараджае дзіця па замове (сурагатнае мацярынства)?

Біялагічнае бацькоўства надае сэнс жыццю мужчыны толькі тады, калі яно злучана з бескарыслівым, ахвярным служэннем дзіцяці з моманту зачацця і ажно да ўласнай смерці. І хоць з цягам часу адносіны дзіцяці і бацькі набываюць іншыя формы, аднак яны накладваюць свой адбітак на ўсё жыццё мужчыны. Біялагічны фактар і звязанае з ім усведамленне, што гэта «мая кроў», з’яўляецца для мужчыны сутнаснай матывацыяй яго чалавечай і духоўнай барацьбы за трывалыя адносіны з дзецьмі. 

Духоўнае айцоўства

Дабравольнае адрачэнне ад сужэнскай любові і фізічнага бацькоўства з боку ксяндзоў і манахаў не з’яўляецца адмоваю ад бацькоўства; наадварот, яно становіцца запрашэннем да духоўнага айцоўства: «У магчымасцях, якія натуральнае бацькоўства распальвае ў сэрцы мужчыны, ёсць і веліч, і далікатнасць: прыняцце сур’ёзнай адказнасці, здольнасць любіць, гатоўнасць да любой ахвяры — усё гэта спраўджваецца і ў духоўным айцоўстве»4.

Ксёндз не з’яўляецца айцом па прыкладзе айца сям’і, яго роля іншая. Прыметнік «духоўнае» зводзіць «айцоўскія» адносіны ксяндза з людзьмі, асабліва з дзецьмі, перадусім да вымярэння духоўнага, маральнага і рэлігійнага.

Ксяндзам, якім не хапае эмацыйнага самаспазнання, неабходна нагадваць, што іх роля заключаецца не ў будаванні душэўных сувязяў з вернікамі, асабліва з дзецьмі, а ў напаўненні іх жыцця вераю, у тым, каб вучыць іх малітве і Божым запаведзям. Моладзь, дзеці павінны выхоўвацца ў доме пад наглядам бацькоў, а не на плябаніі ці ў сакрыстыі. У выпадку канфліктаў маладога чалавека з бацькамі святар павінен дапамагаць яму будаваць адносіны з імі, асабліва з бацькам, а не замяняць яго. Маніпуляцыі і злоўжыванні з боку ксяндзоў у адносінах да дзяцей і падлеткаў пачынаюцца звычайна з парушэння здаровых межаў у іх камунікацыі.

Наколькі адказны мужчына, які кіруецца голасам сумлення і мае добрыя адносіны з жонкаю, можа быць добрым бацькам у сям’і, нават калі ён дыстанцуецца ад рэлігіі, настолькі мала рэлігійны ці нерэлігійны ксёндз не толькі не можа быць добрым духоўным айцом, але будзе крывадушнікам, спакуснікам і злодзеем. Пра гэта кажа Езус: «Хто ўваходзіць не праз браму ў авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец» (Ян 10, 1).

Блізкія адносіны з Езусам як шлях духоўнага айцоўства

Сутнасцю духоўнага айцоўства з’яўляецца нараджэнне любові і веры ў Езуса, памнажэнне дзяцей Касцёла. Але як мы, святары, можам перадаць веру і любоў, калі мы самі не жывем імі? Падкрэслю, што шляхам да духоўнага айцоўства з’яўляецца ў першую чаргу і перадусім кантэмпляцыя любові Нябеснага Айца, аб’яўленай у Хрысце. «Хто бачыць Мяне, той бачыць таго, хто паслаў Мяне» (Ян 12, 45), — кажа Езус Тамашу. Хто бачыць, слухае і кантэмплюе Езуса — Божага Сына, той бачыць, слухае і кантэплюе самога Айца. Еднасць і любоў Айца і Сына ў Святым Духу з’яўляюцца крыніцаю і ўзорам кожнай любові, асабліва бацькоўскай.

Калі ў жыцці семінарыста ці святара няма блізкіх адносінаў з Езусам, няма фактычна нічога. Адносіны з Езусам у жыцці святара нічым не ўдасца замяніць. Ніякія фармацыйныя намаганні не прынясуць плёну, калі няма жадання сустрэцца з Езусам, волі пазнаваць Яго, захапляцца Яго любоўю, жадання ісці за Яго прыкладам паслушэнства Айцу, гатоўнасці зносіць штодзённыя цяжкасці і разам з Ім несці крыж. Сэрца, душа і розум кожнага семінарыста павінны напаўняцца клопатам менавіта пра такую сувязь з Панам. У святарстве мы пакліканыя перадусім да прабывання з Езусам і толькі потым да працы з Ім і дзеля Яго.

Сын расце бацькам побач са сваім бацькам

І хоць асабістая адказнасць за фармаванне айцоўскага сэрца ляжыць перш за ўсё на саміх семінарыстах і ксяндзах, аднак сямейнае і касцёльнае асяроддзе адыгрываюць у гэтым працэсе істотную ролю. Але як натхніць клерыкаў будаваць гэтыя блізкія, поўныя захаплення і свабоды адносіны з Езусам? Як абудзіць у іх шчодрасць, велікадушнасць, жаданне прысвяціць сябе Богу і бліжнім?

Сын расце пры сваім бацьку. Семінарыст узрастае да духоўнага айцоўства побач з духоўным айцом. Няма іншага шляху. Той факт, што многія маладыя ксяндзы адыходзяць ад святарства, мае, безумоўна, шмат прычынаў, але неадпаведная фармацыя, гэта значыць такая, якая не адпавядае патрэбам семінарыстаў, з’яўляецца, напэўна, адной з самых галоўных.

Узнікае вельмі балючае пытанне: як фунцыянуюць касцёльныя супольнасці (парафіяльныя, дыяцэзіяльныя, нацыянальныя, а ў ордэнах —правінцыяльныя), у якіх гадамі існуюць нездаровыя фармацыйныя структуры і якія становяцца прычынаю граху? У пошуках адказу на гэтае пытанне большую карысць прынясе шчыры рахунак сумлення, чым чарговая дыскусія.

Сталае сыноўства як шлях да сталага айцоўства

І яшчэ адна рэфлексія. Семінарысты вучацца духоўнаму айцоўству ў першую чаргу ў сям’і5. Досвед сыноўства ў адносінах з уласным бацькам з’яўляецца вырашальным у працэсе ўзрастання ў духоўным айцоўстве. Малады мужчына, які адкрывае сябе як сына ў адносінах да свайго бацькі і знаходзіць з ім сардэчную сувязь, таксама заўважыць у сабе жаданне быць бацькам паводле яго вобразу і падабенства.

Сапраўднае айцоўства заўсёды вельмі пакорнае, бо яно знаходзіцца на «службе» айцоўства самога Бога. У жыцці святара шмат сітуацый, калі выкананне ролі духоўнага айца з’яўляецца простым і прыносіць чалавечае задавальненне і радасць ад працы дзеля людзей. Але нярэдка здараюцца і такія сітуацыі, у якіх святар перажывае сваё духоўнае айцоўства з болем, бо сустракаецца з недаверам, расчараваннем ці гневам сваіх духоўных дзяцей. Як у сямейным жыцці радасці, цяжкасці і ахвяры фізічнага бацькоўства становяцца для маладых людзей месцам узрастання з уласных нясталасці і хлусні, так і духоўнае айцоўства ксяндзоў з’яўляецца запрашэннем да чалавечага, духоўнага і святарскага сталення.


Айцец Юзаф Аўгустын SJ
Пераклад з польскай мовы Дар’і Ахламёнак.
Паводле: «Rachunek z ojcostwa», «W drodze», №12, 2020.

  1. Danneels, G. Gdy ojciec znika, dzieci trzęsą się z zimna // «List», 10. — 1996. — S. 11–12.
  2. Jan Paweł II. List do Rodzin. — Rzym, 1994. — S. 13.
  3. Benedykt XVI. Kościół a skandal wykorzystania seksualnego. — 11 kwietnia 2019 r.
  4. Kongregacja ds. Wychowania Katolickiego. Wskazania dotyczące przygotowania wychowawców w seminariach. — Rzym, 1993. — S. 32. 5 Augustyn, J. Kapłańskie ojcostwo. — Kraków, 2014. — S. 31–38.

 

 

Цэтлікі: Разважанні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней