Само паходжанне слова «пілігрым» (лац. peregrīnus, дзе per значыць «за», ager — «зямля, краіна») даволі простае: у дахрысціянскія часы ў Рымскай імперыі так называлі ўсіх чужынцаў, у адрозненне ад грамадзянаў імперыі, надзеленых усімі правамі (civile). Як людзей, што здзяйсняюць духоўнае падарожжа, пілігрымаў пачалі ўспрымаць пазней, калі па Еўропе пачало распаўсюджвацца хрысціянства.
Ужо ў IV стагоддзі пілігрымка стала важным спосабам сведчання пабожнасці і асабліва — спосабам пакаяння. Гэта не дзіва, бо пілігрымаваць па сярэднявечнай Еўропе было небяспечна, не кажучы аб тым, што доўга — пілігрымка магла доўжыцца некалькі гадоў.
Пілігрым першых стагоддзяў заўсёды мог выбраць для сябе адзін з двух кірункаў — Ерузалем або Рым. Адзін з першых у свеце літаратурных помнікаў, што адносіцца да «падарожных нататак», — гэта нататкі жанчыны, якую звалі Эгерыя, і датуюцца яны 380 годам. Эгерыя распавядае пра сваё падарожжа ў Ерузалем і па мясцінах, дзе жыў Хрыстус, падрабязна апісвае рэлігійныя цырымоніі, у якіх удзельнічала падчас Вялікага посту, Вялікай пятніцы і Пасхі.
Падарожнічаць у Ерузалем было адносна проста, пакуль Святая Зямля была часткаю Рымскай імперыі, але з цягам часу, калі пад націскам германскіх плямёнаў імперыя стала распадацца, пілігрымаваць у родныя мясціны Хрыста стала ўсё больш складанай задачай. Пасля горад увогуле апынуўся спачатку ва ўладзе персаў, а з VII ст. — ва ўладзе іншай магутнай сілы: арабскіх халіфатаў, якія набіралі моц, пагражаючы хрысціянскай Еўропе.
Рыцар з пальмавай галінкай — адзнакай духоўнага падарожжа ў Ерузалем.
Пілігрымкі ў Рым, цэнтр каталіцкага свету, з цягам часу станавіліся ўсё больш папулярнымі дзякуючы шматлікім хрысціянскім рэліквіям і святыням, што знаходзіліся там. Праз усю Еўропу расцягнулася сетка дарогаў, называных Via Francigena, што перакладаецца прыблізна як «шлях праз землі франкаў». І дагэтуль часткова гэта дарогі, пракладзеныя больш за 2000 гадоў таму старажытнымі рымлянамі. Сёння, на жаль, гэты старажытны шлях пілігрымаў не такі папулярны, як раней, але час ад часу выпускаюцца кнігі для пілігрымаў па Via Francigena, на дарогах з’яўляюцца ўказальнікі, што тут некалі праходзіў старажытны шлях пілігрымаў.
Пазней, у IX стагоддзі, пачаліся пілігрымкі да Сант’яга дэ Кампастэла, туды, дзе былі знойдзеныя парэшткі апостала Якуба, які хрысціянізаваў Пірэнейскую паўвыспу. Амаль што ўся тагачасная вестгоцкая Іспанія апынулася ва ўладзе арабскага халіфату, апроч гарыстых тэрыторый поўначы, акурат там, дзе манах-пустэльнік Пелайё ў 813 г. убачыў над полем россып зорак і знайшоў каменную труну з целам Апостала, і дзе хутка вырас горад святога Якуба як сімвал супрацьстаяння ворагу і заклік да пакаяння.
Можна сцвердзіць, што менавіта адсюль, з пілігрымак да Сант’яга, гісторыкі чэрпаюць больш за ўсё інфармацыі аб духоўных падарожжах Сярэднявечча, іх традыцыях і сімвалах. Тут быў складзены і першы ў свеце турыстычны «гід» — пяцітомнік Codex Calixtinus — кодэкс папы Калікста, напісаны па яго загадзе з мэтаю расказаць аб значэнні пілігрымавання, апісаць цуды св. Якуба і прапанаваць пілігрымам правілы паводзінаў на шляху.
У казанні Veneranda Dies («Дзень, варты ўслаўлення») з першага тома кодэкса мы чытаем, што чалавек, які выпраўляецца ў падарожжа з рэлігійнаю мэтаю, перадусім павінен прывесці ў парадак усе свае справы, улагодзіць усе сваркі і раздаць даўгі. Адзначалася, што пілігрым мусіць атрымаць лісты-рэкамендацыі ад мясцовага біскупа; мець з сабою пэўныя адзнакі, што паказваюць на яго статус (signa peregrinatonis): кій і невялікую скураную торбу. Торбу належала заўсёды трымаць адкрытай: без ніякіх замкоў і завязак у знак таго, што пілігрым цалкам адкрыты волі Божай і заўсёды аддае, што мае, іншым і прымае ў дар усё, чым адорваюць яго па Божай міласці. Тое, што торба зроблена са скуры забітай жывёлы, таксама сімвалічна — гэтаксама пілігрым павінен забіваць сваю ўласную плоць, пакутуючы ад холаду, смагі, голаду і цяжкасцяў дарогі. Кій пілігрыма служыць яму «трэцяй нагой», і гэтая траічнасць нагадвае пра Святую Тройцу, што падтрымлівае яго на шляху і ахоўвае ад нападаў д’ябла.
У хроніках захаваліся сведчанні аб тым, што кій і торба былі старажытнымі адзнакамі ўсіх пілігрымаў, не толькі тых, што накіроўваліся ў Сант’яга. Перад пачаткам падарожжа гэтыя прадметы абавязкова асвячалі і благаслаўлялі спецыяльным благаслаўленнем.
Іншую важную адзнаку пілігрым атрымліваў ужо напрыканцы свайго падарожжа, калі, канешне, дасягаў мэты, бо вядома, што далёка не ўсе мелі сілы дайсці да канца. Тыя ж, хто здолеў прайсці праз усе перашкоды на шляху да Бога (традыцыйна лічылася, што пілігрымаваць — азначае фізічна пераадолець духоўную адлегласць, што аддзяляе чалавека ад Хрыста), мелі права насіць асаблівы знак — у залежнасці ад таго, куды адбывалася пілігрымка. Гэтыя знакі часта насілі на капелюшы або нават прымацоўвалі каля ўваходных дзвярэй у дом, каб усе кругом ведалі, што тут жыве пілігрым. У Veneranda Dies дадавалася, што «прапойцы, распуснікі, ліхвяры-працэнтшчыкі і іншыя людзі падобнага кшталту не атрымліваюць права насіць адзнакі пілігрымаў».
Тых, хто выпраўляўся ў Рым, часта называлі рамэрамі, іх адзнакі — цвікі і шыпы (бо гэтыя святыя рэліквіі, цвікі з Хрыстовага крыжа і шыпы з Яго вянка, захоўваюцца ў рымскай базыліцы Санта Крочэ), а таксама алавяныя або свінцовыя медалікі з выявамі святых Пятра і Паўла або святой Веранікі.
Рамэро з адзнакамі, атрыманымі за духоўнае падарожжа ў Рым
Тыя, хто здолеў дайсці да Ерузалема, — гэта пальмэры, і ў гонар здзейсненай пілігрымкі яны маглі побач са святыняй Гроба Панскага набыць сабе медалік у форме пальмовага ліста.
Пілігрымы ў Сант’яга дэ Кампастэла называліся канчэрамі, ад лацінскага слова concha, якое азначае «ракавіна мідыі». Прайшоўшы сваё духоўнае падарожжа, яны мелі права прымацаваць да капелюша або торбы створку ракавіны марскога грабеньчыка, падобную да веера. З цягам часу пілігрымы сталі чапляць ужо не сапраўдныя ракавіны, а свінцовыя значкі ў форме ракавіны, якія набывалі каля сабора.
Ва ўсе часы пілігрымам стараліся гарантаваць бяспеку, іх нават выдзялялі ў асобную катэгорыю насельніцтва. Напрыклад, у заканадаўчым кодэксе, прынятым у Рэймсе ў 1131 г., дэкларавалася, апроч іншага, што «святароў, клірыкаў, манахаў, пілігрымаў, гандляроў, серваў (нявольнікаў) і іх жывёлу, што выкарыстоўваецца, каб араць зямлю, а таксама іх авечак належыць ва ўсе часы пакідаць у спакоі і бяспецы». Кару за напады на азначаныя катэгорыі люду вызначаў мясцовы біскуп, і звычайна яна была суроваю. Аднак усё адно пілігрымы часта пакутавалі ад нападаў рабаўнікоў і махлярства нячыстых на руку гаспадароў прыдарожных гатэляў.
З цягам часу змянялася палітычная сітуацыя ў Еўропе, ствараліся новыя дзяржавы і знікалі старыя, сціраліся і забываліся старыя дарогі і будаваліся новыя, эпідэміі і войны вынішчалі цэлыя гарады, якія пасля адраджаліся нанова. Ланцужок пілігрымаў то станавіўся зусім слабым і незаўважным, то мацнеў, асабліва ў часы цяжкіх выпрабаванняў, калі людзі пачыналі больш задумвацца пра духоўнае і вечнае.
Цяпер большасць страхаў, якія трывожылі старажытных пілігрымаў, нам невядомыя: да нашых паслугаў зручны транспарт, якое заўгодна турыстычнае абсталяванне, крамы і гатэлі з добрымі коштамі… Цяпер, вядома, большасць межаў для пілігрымаў закрытая, але і гэта зменіцца. Заўсёды можна ісці дарогамі роднага краю, у межах сваёй краіны, горада або вёскі. І калі выпраўляцца ў дарогу як пілігрым, кожны твой шлях стане пілігрымаваннем. Нездарма святы Геранім пісаў некалі святому Паўліну Нольскаму: «дасягнуць Нябеснага Валадарства з Брытаніі можна гэтак жа, як і з Ерузалема». Дадамо: і гэтак жа, як з Будслава, Тракеляў, Росіцы, Бялынічаў і многіх іншых месцаў нашага роднага Краю.
Юлія Косава