Божы Провід у тэорыі і практыцы

Заўсёды захапляўся спецыялістамі, здольнымі з нічога стварыць цуд. Калі добры архітэктар на кавалку зямлі ўжо бачыць будучы будынак або ў галаве кампазітара музыка, якую пакуль ніхто, апроч яго, не чуе, просіцца быць запісанай у нотах. Ды нават спячы пірог для абсалютнага прафана ў кулінарыі — суцэльная магія напалову з алхіміяй!


Штодня на маёй вуліцы адбываецца безліч, складаных і не вельмі, працэсаў, рухаў, захапляльных і банальных гісторый. Калі памножым гэта нават не магу ўявіць сабе на якую лічбу (бо такіх месцаў на зямным шары не пералічыць) — паўстае захапляльная карціна бясконцай дынамікі. Штодня. Штогадзіны. Паўсюль. Цяжка верыцца, што ўсё гэта здольнае было б існаваць самастойна і не разваліцца.

З другога боку, возьмем канкрэтнага чалавека — гэткі мікрасвет: паводле святога Антонія з Падуі, кожны з нас мае ўласныя «ўсход» і «захад» — нараджэнне ды смерць, «поўдзень» у постаці поспехаў і «поўнач», калі апаноўваюць крызіс і няўдачы. Жыццё мае пачатак і канец, аднак самае істотнае — кожны з людзей на працягу ўсяго чалавечага існавання з імпэтам шукае свайго месца ў свеце і мэты гэтага самага існавання. Хрысціянства з навукай пра вечнае жыццё чалавека яшчэ больш падкрэслівае гэтую патрэбу. Паміж складаным і дынамічным, агромністым сусветам і не менш складанай чалавечай асобай ёсць сіла, здольная напоўніць гэтае суіснаванне сэнсам. Назва ёй — Божы Провід.

Трошкі тэорыі

Праблемы пачынаюцца ўжо з акрэсленнем. Што ж гэта значыць — «Божы Провід»? Сам быў сведкам, калі дзеткі на катэхезе замянялі «провидение» на «привидение», што давала нямала прычынаў для смеху...

Ужо старажытныя філосафы прызнавалі існаванне пэўнага Провіду для гэтага свету, але не ўсе да канца разумелі, у чым ён праяўляецца і як далёка сягае яго ўплыў. Адныя лічылі, што Провід уплывае толькі на агульна зразумелае чалавецтва, а не мае ўплыву на лёсы асобных людзей. Іншыя — прыхільнікі маніхейства — верылі ў існаванне двух Провідаў — вызначаных «сцэнараў развіцця»: адзін з іх кіруе дабром, а іншы — злом. І ў грэцкай, і ў габрэйскай мовах не існуе акрэслення, адэкватнага лацінскаму выразу «providentia», калькай якога з’яўляецца наш «провід». Габрэйскае слова «pequddah», а таксама грэцкія выразы «pronoia» і «episkope» выкарыстоўваліся для апісання наведзінаў чалавека Богам з мэтаю апекі, але не з’яўляліся тэалагічнымі тэрмінамі, як гэта стала пасля ў выніку з паняццем «провід». Як кажа аўтар паслання да Габрэяў, усё адкрыта перад вачыма Бога (гл. Гбр 4, 13). Аднак Святое Пісанне, прыводзячы безліч прыкладаў Божага Провіду, не тлумачыць наўпрост, чым ён з’яўляецца. Сістэматызаваць веды нам, цікаўным, дапамагае Катэхізіс: «Божы Провід азначае пастановы, праз якія Бог з любоўю і мудрасцю вядзе ўсе стварэнні да іх канчатковай мэты» (гл. ККК, 321). З дапамогай сваёй усёмагутнасці і мудрасці Бог кіруе ўсё існаванне да дасканаласці, якой яно ў паўнаце не атрымала ў момант стварэння (гл. ККК, 302). Такім чынам, усе мы знаходзімся ў працэсе «працяглага стварэння» (creatio continua), створаныя «у дарозе» (in statu viae) да канчатковай дасканаласці, якую маем асягнуць і да якой прызначыў нас Бог» (гл. ККК, 302).

Можа стацца, што пасля прачытання гэтых фрагментаў з Катэхізісу хтосьці падумае: «Як жа гэта Бог стварыў нас нейкімі недасканалымі, няпоўнымі? Мы што — мабільныя прылады, якім увесь час патрэбна абнаўленне ад вытворцы?» Добрае пытанне, хаця параўнанне з мабільнай прыладай не такое ўжо недарэчнае, калі гаворым пра дынаміку. Паспрабуем знайсці аналогію з нашага свету: калі немаўля расце, ператвараецца з дзіцяці ў падлетка і ў рэшце рэшт у дарослую асобу, змяняюцца яго патрэбы, заданні і спосабы іх выканання. Ніхто не параўноўвае дашкольніка з дзядулем, бо гэта розныя этапы аднаго шляху. Гэтаксама і ў Божым плане, калі б мы — тыя самыя — не «здзяйсняліся» ў часе, не было б гаворкі ні пра дынаміку, уласцівую Богу, ні пра будаванне адносін.

…і практыкі

«Мы ведаем таксама, што ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога і хто пакліканы па Яго пастанове» (Рым 8, 28).

Прыемна гаварыць пра Божы Провід у тэорыі, падкрэсліваючы яго ўсёмагутнасць, пэўнасць і беспамылковасць. Зусім інакш, калі стараешся пагадзіць з ім адно з найбольш папулярных пытанняў хрысціянства: чаму існуюць зло і цярпенне? Літаральна палова, калі не больш, Святога Пісання — гэта спроба зразумець сэнс цярпення справядлівых. Тут няма месца для тэорыі, а найбольшы адказ Бог даў у смерці і ўваскрасенні свайго Сына, успамінаючы якія мы спяваем у пасхальную ноч: «O felix culpa!» — «О благаслаўлёная віна!»

Таму замест стосу цытатаў раскажу адну гісторыю. На сваё трыццацітрохгоддзе, пасля вячэры з братамі, вырашыў крыху паразмаўляць з Богам. Падзякаваўшы Яму за «Хрыстовы ўзрост», яшчэ раз даручыў сябе, сваіх блізкіх і сваё пакліканне, дадаўшы шчыра, але не зухвала: «Я сваё жыццё Табе аддаю, рабі з ім што хочаш». Ну і не думаў, што Ён так дакладна гэта ўспрыме. Літаральна праз тыдзень, аднаго вечару, тэмпература ўзнялася да 37,4. Пасля — амаль бяссонны тыдзень, 39,1, слабая сатурацыя, «хуткая» на КТ і як вынік — кавідная пнеўманія. Колькасць кіслароду ў крыві падае няўмольна, трасучыся і ўдыхваючы дадатковы, слухаю суцяшэнне медсястрычкі, што «сатурацыя 80 — гэта не так і мала». Дзіўна гэта і абсалютна на той час незразумела бачыць, што пальцы твае робяцца белымі і празрыстымі, а сонную мару (бо нармальнага сну не было ўжо тыдні два) ад явы цяжка адрозніць. Паправа не прыходзіла і апошнія некалькі дзён да пераломнага моманту не асабліва і памятаю. Пасля вялікай малітоўнай падтрымкі шматлікіх добрых людзей — за што ім бясконца ўдзячны — справа пачала наладжвацца. І так, паміж дзясяткамі ружанца, працэдурамі і настойлівымі просьбамі добрых санітарачак прыбрацца, бо падтрымка ў выглядзе дамашняй ежы і вады ад матулі, сабратоў, сясцёр тэрцыярак і сяброў не мясцілася ў шафку, я, наколькі стан мой дазваляў, шукаў адказ — навошта? Сёння, пасля доўгай рэабілітацыі, як мінімум тузін адказаў магу вылучыць. Іншымі вачыма ўдалося паглядзець і на дар жыцця, і на адносіны з блізкімі, і на ласку цэлебраваць cвятую Імшу, у якой амаль тры месяцы прыходзілася ўдзельнічаць онлайн. Некаторыя неагучаныя высновы пакіну толькі для сябе. Але галоўнае — сэнс цярпення бачны толькі пасля цярпення. Тут не працуюць тэорыі: толькі пасля ўсяго, што прайшоў Абрагам, з ахвяраваннем уласнага сына ўключна, мог называцца «Божым сябрам» (то бок тым, хто Яго хоць неяк разумее). Для Ёва адказ на ўласнае цярпенне немагчыма вербалізаваць і перадаць іншым у якасці лайфхака. Але пэўна адно — яго і без таго някепскія адносіны з Усявышнім перайшлі на абсалютна новы ўзровень.

Таму, як пісаў святы Томас Мор у лісце сваёй дачцэ Эліс Маргарэт: «Нішто не можа здарыцца, калі б гэтага не хацеў Бог. А ўсё, чаго Ён хоча, хоць магло б выдавацца для нас найгоршым, з’яўляецца найлепшым». А той факт, што святы пісаў гэтыя словы перад уласнай мучаніцкай смерцю, толькі дадае вагі яго перакананню ў тым, што Бог ведае, што робіць.


Айцец Яўген Голуб OFMConv — канвентуальны францішканін, пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродна, магістр міжкультурнай камунікацыі ФФСН БДУ

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней