«Несумненна, біскупства — гэта пасада, але біскупу трэба з усяе сілы змагацца, каб не "абюракраціцца". Ён не можа забываць, што павінен быць айцом. Як я ўжо сказаў, князя Сапегу таму так любілі, што ён быў для сваіх святароў як бацька. Калі я думаю пра тое, хто можа быць дапамогаю і ўзорам для ўсіх пакліканых да айцоўства — у сям’і альбо ў святарстве, а тым больш у біскупскай службе, — мне на думку прыходзіць святы Юзаф». Чытайце цудоўныя разважанні святога Яна Паўла ІІ пра айцоўства на прыкладзе св. Юзафа.
Для мяне культ св. Юзафа звязаны таксама з досведам, атрыманым у Кракаве. Недалёка ад біскупскага палаца на вуліцы Пасэльскай ёсць сёстры бэрнардынкі. У сваім касцёле менавіта пад тытулам св. Юзафа яны маюць пастаянна выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт. Я хадзіў туды ў вольныя хвіліны і маліўся, а мой позірк часта вандраваў у кірунку вельмі шанаванага ў гэтым касцёле прыгожага абраза прыёмнага бацькі Езуса. Там я праводзіў таксама некалі рэкалекцыі для юрыстаў. Я любіў разважаць пра св. Юзафа ў кантэксце Святой Сям’і: Езус, Марыя, Юзаф. Я клікаў іх на дапамогу ў розных справах. Добра разумею гэту адданасць і любоў Святой Сям’і: тры сэрцы, адну любоў. Асабліва душпастырства сем’яў я давяраў святому Юзафу.
У Кракаве ёсць яшчэ іншы касцёл пад тытулам св. Юзафа, а менавіта на Падгор’і. Я бываў там падчас візітацыі. Выключнае ж значэнне мае санктуарый св. Юзафа ў Калішы. Туды прыбываюць з пілігрымкамі падзякі ксяндзы, былыя вязні з Дахаў. Была ў гэтым нацысцкім лагеры такая група, якая даверылася св. Юзафу, і яны былі ўратаваныя. Пасля вяртання ў Польшчу святары пачалі кожны год ездзіць у санктуарый у Калішы і заўсёды запрашалі мяне на гэтыя сустрэчы. Сярод іх — арцыбіскуп Казімеж Майданскі, біскуп Ігнацы Еж, а таксама кардынал Адам Казлавецкі, місіянер у Афрыцы.
Провід падрыхтаваў св. Юзафа да выканання ролі бацькі Езуса Хрыста. У прысвечанай яму адгартацыі Redemptoris Custos я напісаў: «Як вынікае з евангельскіх тэкстаў, законнаю падставаю айцоўства Юзафа было сужэнства з Марыяй. Бог выбраў Юзафа сужэнцам Марыі менавіта дзеля таго, каб гарантаваць Езусу бацькоўскую апеку. Адсюль вынікае, што бацькоўства Юзафа — сувязь, якая найбольш цесна яднае яго з Хрыстом, вяршыняю ўсялякай абранасці і прызначэння — здзяйсняецца праз сужэнства з Марыяй» (пар. 7). Юзаф быў пакліканы, каб стаць дзявічым сужэнцам Марыі менавіта дзеля таго, каб быць бацькам для Езуса. Айцоўства св. Юзафа, гэтаксама як мацярынства Найсвяцейшай Панны Марыі, мае першарадны хрысталагічны характар.
Усе прывілеі Марыі вынікаюць з таго, што Яна — Маці Хрыста. Гэтак жа ўсе прывілеі св. Юзафа вынікаюць з таго, што ён меў заданне выконваць ролю бацькі Хрыста.
Мы ведаем, што Хрыстус звяртаўся да Бога Айца словам Abba — словам блізкім і родным, такім, якім дзеці Яго народу звяртаюцца да сваіх бацькоў. Пэўна таксама, як іншыя дзеці, гэтым самым словам звяртаўся да Юзафа. Ці можна сказаць больш пра таямніцу людскога бацькоўства? Сам Хрыстус як чалавек перажываў айцоўства Бога праз сваё сыноўства ў адносінах да св. Юзафа. Сустрэча з Юзафам як з бацькам упісалася ў аб’яўленне, якое праз Хрыста сталася аб’яўленнем айцоўскага імені Бога. Гэта глыбокая таямніца!
Хрыстус як Бог меў уласны досвед Боскага айцоўства і сыноўства ва ўлонні Найсвяцейшай Тройцы. Як чалавек меў досвед сыноўства дзякуючы св. Юзафу. Ён, са свайго боку, ахвяраваў Дзіцяці, якое падрастала пры ім, апору мужчынскай раўнавагі, яснага бачання справы і адвагі. Служыў добрымі якасцямі прыкладнага бацькі, чэрпаючы сілу з таго найвышэйшага вытоку, з якога бярэ назву ўсялякае айцоўства на небе і на зямлі (пар. Эф 3, 15). Адначасова ў тым, што людское, ён сам многаму навучыў Сына Божага, якому збудаваў і даў на зямлі дом.
Для св. Юзафа жыццё з Езусам было пастаянным адкрыццём уласнага бацькоўскага паклікання. Незвычайным чынам, не даючы свайму Сыну цялеснага жыцця, ён станавіўся бацькам. Ці ж не такая рэалізацыя айцоўства ў якасці ўзору была прапанавана нам, святарам і біскупам?
Уласна кажучы, усё, што я рабіў у маёй біскупскай паслузе, я перажываў як праяўленне такога айцоўства: хрост, споведзь, Эўхарыстыя, навучанне, напамінанне, заахвочванне — гэта было для мяне рэалізацыяй бацькоўства.
Пра дом, збудаваны Сыну Божаму святым Юзафам, трэба думаць асабліва тады, калі мы сутыкаемся з тэмаю святарскага і біскупскага цэлібату. Цэлібат дае поўную магчымасць рэалізаваць такое айцоўства: айцоўства чыстае, цалкам аддадзенае Хрысту і Яго дзявічай Маці. Святар, вольны ад асабістага клопату пра сям’ю, можа ўсім сэрцам аддацца душпастырскай місіі. Таму зразумелая рашучасць, з якою Касцёл лацінскага абраду бараніў традыцыю цэлібату сваіх святароў, не паддаючыся націскам, якія час ад часу з’яўляліся ў гісторыі. Зразумела, што гэта патрабавальная традыцыя, але аказваецца яна дала выключна шчодрыя духоўныя плады. Аднак радуе і ўсведамленне таго, што святарства жанатых ва Усходніх каталіцкіх Касцёлах таксама дало цудоўныя доказы душпастырскай адданасці. Асабліва ў змаганні з камунізмам жанатыя святары былі не менш гераічныя, чым святары ў цэлібаце. Як гэта пацвердзіў некалі кардынал Ёсіп Сліпый, у адносінах да камуністаў яны паводзілі сябе гэтаксама, як іх калегі ў цэлібаце.
Трэба таксама падкрэсліць, што за цэлібатам стаяць глыбокія тэалагічныя абгрунтаванні. Энцыкліка Sacerdotalis caelibatus, якую ў 1967 годзе выдаў мой шаноўны папярэднік Павел VI, гаворыць пра гэта прыкладна так (пар. 19–34):
— Найперш існуе хрысталагічная матывацыя: Хрыстус, устаноўлены Пасярэднікам паміж Айцом і родам людскім, застаўся нежанатым, каб цалкам прысвяціць сябе службе Богу і людзям. Каму дадзена ўдзельнічаць у годнасці і місіі Хрыста, той пакліканы падзяліць таксама гэтую цалкавітую адданасць.
— Існуе эклезіялагічная матывацыя: Хрыстус палюбіў Касцёл, сваё цела, прысвячаючы гэтаму Касцёлу ўсяго сябе, каб падрыхтаваць сабе хвалебную, святую і беззаганную Абранніцу. Выбіраючы цэлібат, святар выбірае ва ўласнасць гэту дзявічую любоў Хрыста да Касцёла, чэрпаючы з яе сілу звышнатуральнай плоднасці.
— Урэшце існуе эсхаталагічная матывацыя: пры ўваскрасенні, як сказаў Езус, «ані жэняцца, ані йдуць замуж, але прабываюць як анёлы Божыя ў небе» (Мц 22, 30). Святарскі цэлібат прадказвае надыход канчатковага часу збаўлення і нейкім чынам прадвяшчае спаўненне Валадарства, пацвярджаючы, што існуюць найвышэйшыя каштоўнасці, якія ў пэўны час заззяюць ва ўсіх Божых дзецях.
Пры спробах аспрэчыць цэлібат часам падаецца як аргумент адзінота святара, адзінота біскупа. На аснове ўласнага вопыту рашуча адпрэчваю гэты аргумент. Асабіста я ніколі не адчуваў сябе адзінокім. Апроч усведамлення блізкасці Пана, таксама заўсёды побач са мною было шмат людзей, я падтрымліваў шмат сардэчных кантактаў з ксяндзамі — дэканамі, пробашчамі, вікарыямі і з самымі рознымі свецкімі асобамі.
Трэба думаць пра дом, які св. Юзаф збудаваў для Божага Сына, таксама й тады, калі гаворка ідзе пра айцоўскія абавязкі біскупа, каб быць з тымі, хто яму давераны. Дыяцэзія — вось дом біскупа. Не толькі таму, што менавіта там ён працуе і жыве, але ў сэнсе больш глыбокім: дыяцэзія — дом біскупа, бо яна — тое месца, дзе ён павінен штодня праяўляць сваю вернасць Касцёлу — ягонай Абранніцы. Калі Трыдэнцкі Сабор (адносна ранейшых занядбанняў у гэтай галіне) падкрэсліў і апісаў абавязак біскупа быць у сваёй дыяцэзіі, то тым самым праявіў глыбокую дальнабачнасць: біскуп павінен быць са сваім Касцёлам ва ўсе важныя хвіліны. Ён не павінен пакідаць Касцёл без істотнай прычыны даўжэй, чым на месяц — як добры бацька сям’і, які пастаянна знаходзіцца са сваімі, а калі вымушаны з імі разлучыцца, то сумуе па іх і прагне як найхутчэй да іх вярнуцца.
У сувязі з гэтым згадваю постаць вернага Тарноўскага біскупа Ежы Аблевіча. Святары ў яго дыяцэзіі ведалі, што ён па пятніцах не прымае, бо ў гэты дзень пілігрымуе пехатою чатырнаццаць кіламетраў у Тухава, у марыйны дыяцэзіяльны санктуарый. Па дарозе ў малітве ён рыхтаваў нядзельнае казанне. Быў вядомы тым, што вельмі неахвотна пакідаў сваю дыяцэзію. Ён пастаянна быў са сваімі, найперш у малітве, а пасля ў дзейнасці. Аднак найперш у малітве. Гэта з яе вырастае і развіваецца таямніца нашага айцоўства. Гэта ў малітве мы становімся людзьмі веры побач з Марыяй і Юзафам, каб разам з Імі і з усімі тымі, каго нам Бог давярае, будаваць дом для Божага Сына — Яго святы Касцёл.
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.
Паводле: Ян Павел ІІ.
Устаньце, хадзем! — Мінск: «Про Хрысто», 2008.