У сваім апавяданні ксёндз Ян Твардоўскі разважае над тым, як можна пазнаць, што хтосьці любіць Бога.


Па чым пазнаць, што хтосьці любіць Бога? Можа, у таго на ілбе напісана: «Люблю Пана Бога»? Але на ілбе нічога не пішуць.

На ўроках адзін хлопчык блакітнай фарбай заляпаў сабе лоб — ажно ўскочыў блакітны пеўнік. Хлопцы засмяяліся: «Што за недарэка — на лбе кукарэка!» Хлопчык мусіў бегчы і старанна мыцца. Доўга потым пахнуў мылам. Словам, не любяць людзі ніякага пісьма на ілбах.

Па чым можна пазнаць, што хтосьці любіць Пана Бога?

Можа, любіць Пана Бога той, хто заўсёды бурчыць: «Ня гніся, выпрастайся, вынімі лыжачку з кубка, калі п’еш гарбату, не абапірайся на халодную сцяну, не насіся гэтак, бо на сэрца захварэеш». Можа, любіць Пана Бога той, хто пастаянна бурчыць?

Па чым пазнаць, што хтосьці любіць Пана Бога? Можа, Пана Бога любіць той, хто заўсёды галадае? Адна дзяўчынка, якая пасыпала кветкі на працэсіях, вельмі хацела быць падобнай да святой на абразку і перастала есці. Не есць марожанага з вішнямі, не есць печыва з разынкамі, не есць смачнага яйка, не п’е цёплага малака — нудзіцца і галадае. Ходзіць блізка каля балдахіна і ксяндза, а дома зрабілася невыноснай нудотай.

Любіць яна Пана Бога?

Па чым можна пазнаць, што хтосьці любіць Пана Бога?

Можа, той, хто Яго любіць, хто заўсёды сумны, са спушчанай галавой, скрыўлены, нібы яго хтосьці пацалаваў пад ніцай вярбою?

А можа любіць Пана Бога той, хто нелюдзімы, хто ўцякае ад гасцей, ад сяброў і сябровак? Хто павыкідаў усе малюнкі зялёныя, чырвоныя, залатыя, срэбныя і толькі глядзіць на чорнага птаха на маляванцы? А калі п'е гарбату, то мае выгляд, нібы хоча ў шклянцы схаваць свае сплаканыя вусны?

Можа, любіць Пана Бога той, хто выхваляецца: «Я набожны, цэлых два пальцы акунаю ў асвячаную ваду, ніколі не маню, бо я лепшы за маіх сяброў…»

Пана Бога любіць той, хто любіць сваіх бліжніх.

Каго мы называем бліжнім?

Кожнага, бо кожны павінен быць як найбліжэй да нашага сэрца. Наш бліжні — кожны чалавек, мілы нам і ня мілы.

Няміламу таксама трэба ўсміхацца. Калі ён прыгожа дэклямуе верш —трэба пляскаць у ладкі. Хвала рукам, чырвоным ад апладысментаў! Бліжні — гэта і твая Мама, бо яна найбліжэй да цябе з усіх блізкіх — блізенька, блізенька, вось тут — побач.

Сядзіш за сталом, робіш урокі і здаецца табе, што матуліна слязіна вісіць над сталом, як празрысты каменьчык. Можа, ёй штосьці патрэбна? Памагчы матулі, прынесці ёй штосьці, пацалаваць ёй руку?

Нашым бліжнім з’яўляецца хлопец-здаравіла і хілы, які заўсёды глытае пігулкі. Хварэе? Схадзі да яго, распавядзі, што было ў школе, што на дом зададзена.

Твой бліжні таксама і твой сабака.

Ішоў я неяк па вуліцы і ўбачыў, як выскачыў з-за варотаў сабака Азор. Яго збіла машына. Скавытаў так, нібы ягонае сэрца вісела на танюткай нітцы крыві. І шукаў вачыма бліжняга, каб было куды галаву пакласці.

Бліжні наш і вавёрка з хвастом — гэткім доўгім, як і ўсё ейнае цела. Падыдзе часам гэтак блізка, нібы хоча дакрануцца да тваёй шкарпэткі. А дасі арэшак — круціць яго, як вятрак.

Ёсць яшчэ зусім безабаронныя бліжнія — дрэва, кветкі, трава…

Мы любім Пана Бога тады, калі памятаем пра нашых бліжніх, — прыходзім да іх х дапамогай, падтрымліваем ва ўсім і на ўсё глядзім закаханымі вачыма. Нават кандуктара, які храпе ў сонным аўтобусе.


Ксёндз Ян Твардоўскі.
Пераклад з польскай мовы.
Надрукавана ў «Ave Maria» № 7-8, 1995 г.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней