Быць побач з Езусам

Быць побач з Езусам — значыць «слухаць вушамі, пачуццямі, думкамі, жаданнямі і ўсім сабою Таго, Хто вядзе нас у нашым "танцы жыцця"», — разважае ў сваім матэрыяле Тэрэса Клімовіч.

У сталовай аднаго рэкалекцыйнага дома вісіць драўляны барэльеф, на якім прадстаўлена Апошняя Вячэра — сапраўдны мастацкі твор, які прыцягвае ўвагу ўзроўнем выканання і вобразнасцю. Найбольш закранула мяне постаць чалавека, якога Езус трымае за руку, а той закрывае даланёй вочы. Ці гэта Ян так туліцца да Настаўніка? Але, магчыма, Ян сядзіць леваруч, пагружаны ў малітву. У Евангеллі не згадваецца вучань, якога Езусу прыйшлося моцна трымаць за руку, але адсутнасць звестак не перашкаджае паспрабаваць зразумець гэты вобраз з барэльефа.

Езус «паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў, і яны прыйшлі да Яго. І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць, і каб яны мелі ўладу выганяць злых духаў» (Мк 3, 13–15). Выбраў, каб былі з Ім, — найперш і перадусім, каб прабывалі побач, каб глядзелі, слухалі і запаміналі, разважалі і вучыліся ісці след у след… Аж урэшце яны апынуліся на парозе чагосьці такога, што перавышае іх сілы трываць і верыць. Ужо чутныя па Ерузалеме пагрозы расправы з «новым вучэннем», ужо зневажаюць імя Настаўніка аўтарытэтныя ў народзе асобы, ужо сочаць і спяшаюцца пазбавіцца, каб і памяці не засталося пра Езуса з Назарэта.

Як вучні адчувалі сябе ўнутры гэтага працэсу? Нам няцяжка гэта ўявіць, хоць і XXI стагоддзе на дварэ. Вучні ведалі, што пачынаецца ўраган, горшы за буры на Галілейскім моры. У эпіцэнтры зноў стаіць Езус, аднак чым бліжэй да Яго, тым глыбейшыя цішыня і таямніца. Ад Езуса не сыходзіць ніякай агрэсіі, злосці, прагі адплаты... Калі вакол «закручвае» і зацягвае ў свой ненаедны вір вялікая бура, апынуцца ў Боскай прасторы любові і цішы — надзвычай дзіўна, нязвыкла. Бура гудзе, крычыць, вішчыць, не разбірае дарогі, не дае ані імгнення на роздум — ляці разам з ёю, бойся, крычы, не спрабуй нават выпрастацца, павялічвай гэты вір, няхай захопіць усіх (але дзеля чаго?). І вось гэты Апостал паказвае, што існуе іншы выбар — дазволіць узяць сябе за руку і застацца ў эпіцэнтры. Не глядзець на буру, — а яна прыцягвае позіркі і ўвагу! — але слухаць дотык Езуса, успрымаць тое, што Езус дае без слоў, у цішыні. Вось за крок пачне спаўняцца Хрыстовае прадказанне смерці і ўваскрасення. Але як чалавеку зірнуць у твар таго, што набліжаецца, калі розум і воля бяссільныя?

«Я, Пан Бог твой, які ўзяў цябе за правіцу тваю, і кажу табе: Не бойся, Я дапамагу табе» (Іс 43, 13).

Магчыма, мы бачым у гэтай постаці вучня, які адкрыў свой страх, глыбіню неадольнага пачуцця, што раптам авалодала ім і зрабіла ўсё звонку і ўнутры няпэўным, хісткім, пагрозлівым. Для вялікага страху не так важная прычына, калі ён здаўна жыве ў чалавеку. Езус не пакідае яго сам-насам з цемрай, ведаючы, што менавіта такія страшныя выпрабаванні робяць дарослых людзей малымі дзецьмі, якія заплюшчваюць вочы, каб «знікнуць», стаць недасяжнымі для ўсіх. Аднак гэты вучань прагне затаіцца не ў хованцы, а каля Езуса, быць як мага бліжэй і сцішыцца ў Божых абдымках, як немаўля ў матчыных руках. Колькі гэта можа доўжыцца, калі, мы ведаем, гісторыя няўмольна ідзе далей? Так, ідзе і працягваецца цяпер сярод нас.

Калі Апошняя Вячэра з усім багаццем Божых дароў, слоў і ласкаў адбылася, надышоў час… «новай песні», можна нават сказаць танца, якога яшчэ не бачыў свет. Правая рука нашага вучня ў правай руцэ Хрыста. Куды Ён павядзе? Які будзе наступны рух, якому вучань прагне быць паслухмяным? Кожнага Пан вядзе асабіста. Для простых назіральнікаў рухі могуць зусім не нагадваць танец, выглядаць наборам бессэнсоўных жэстаў ці бяздзейнасцю. І сам вучань, нават ведаючы, што ідзе за воляй свайго Настаўніка, не заўсёды разумее, што ён дакладна робіць, у чым прымае ўдзел. Па шчырасці, лепш і не рабіць выгляд знаўцы, які не адчувае страху, мае план і нечага дасягае, бо сапраўдная мэта ў тым, каб слухаць вушамі, пачуццямі, думкамі, жаданнямі і ўсім сабою Таго, Хто вядзе ў гэтым «танцы жыцця». Слуханне любячым сэрцам — найбольш тонкае і адчувальнае — разам з кірункам руху ўспрымае і багацце ласкі, якая сыходзіць ад Езуса, Яго спакой і пяшчоту, моц і непераможную пасхальную радасць, схаваную нават у самым горкім келіху. І запрашэнне на гэты танец, які доўжыцца ўсё жыццё, дасланае таксама кожнаму асабіста. Калі спачатку страшна, нічога, можна заплюшчыць вочы…


Тэрэса Клімовіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней