Прапануем урывак з кнігі св. Уршулі Ледухоўскай USJK «Скарб любові. Біблійные медытацыі» — разважанні над таямніцаю Уваскрасенне Хрыста, якія можна выкарыстоўваць падчас набажэнства першых суботаў месяца.
УВАСКРАСЕННЕ ХРЫСТА
І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўзышло сонца… <…> …Убачылі, што камень адсунуты, а быў ён вельмі вялікі. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся. А ён сказаў ім: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам”». (Мк 16, 2.4–7)
ХТО Ж МОЖА СКАЗАЦЬ, колькі ласкаў Пан улівае ў гарачае сэрца, якое вырываецца да Яго з самай раніцы… Езус чакае мяне, і мая любоў — суцяшэнне для Яго. Пабожныя жанчыны не шукаюць для сябе суцяшэння, а хочуць праявіць любоў да Езуса.
А я? Ведаю, што Езус у табэрнакулюме чакае мяне, прагне маёй любові, і ў гэтай адзіноце я магу суцяшаць Яго сваёю любоўю, сваёю вернасцю — аднак ці памятаю я пра гэта?
«ШУКАЕЦЕ ЕЗУСА, УКРЫЖАВАНАГА…» Езу, я таксама хачу заўсёды шукаць Цябе, укрыжаванага, бо менавіта Табе, Пане ўкрыжаваны, я абавязаная ўсім. Няхай у гэтым жыцці крыж вядзе мяне, у крыжы, каля яго падножжа я знайду свой супакой, суцяшэнне і сілу. Хачу шукаць Езуса церпячага, каб з Ім ісці крыжовым шляхам, бо толькі гэты шлях вядзе да неба. «Мне трэба хваліцца крыжам майго Пана», не ўцякаць ад цярпення, не саромецца яго. Няхай маё жыццё будзе суцэльным імкненнем да ўкрыжаванага Езуса, бо тады я найлепш зразумею веліч Яго любові да мяне, найлепш навучуся любіць і цярпець з любові да майго Пана. А калі Езус сам захоча спаслаць мне сваё суцяшэнне, сваю радасць, я прыму яе з удзячнасцю, але заўсёды буду гатовая вярнуцца да крыжа і, пакуль хопіць жыцця, штодзённа буду браць яго на сябе так, як наказвае Езус, у поўным адрачэнні ад свайго «я».
Ці шукаю я Езуса, менавіта Езуса ўкрыжаванага?
«ІДЗІЦЕ, СКАЖЫЦЕ ВУЧНЯМ ЯГОНЫМ І ПЯТРУ…» Бог падарыў гэтым жанчынам вялікую ласку, даючы ім пазнаць, што Пан уваскрос, але патрабуе таксама, каб яны абвясцілі гэтую навіну іншым …
Бог даў нам шмат ласкаў, але не толькі для нас — мы мусім быць апостальскімі душамі і з усіх сілаў прагнуць, каб на зямлю прыйшло Божае Валадарства, каб Бог панаваў у іншых душах. Маё апостальства — гэта апостальства малітвы, ахвяры, спакою духа, паслужлівай любові да бліжняга. Колькі ж душаў можна здабыць для Бога дабрынёю, галоўнае — не быць занятаю сваім «я» і шчыра хацець працаваць для Бога! А ці ёсць ува мне жаданне здабываць душы для неба і чыніць ім дабро? Ці, можа, я занятая сваімі малымі, асабістымі справамі, прыкрасцямі і забываю пра гэты вялікі абавязак?
ЗАДУМАЮСЯ НАД ДБАЙНАСЦЮ гэтых святых жанчынаў… З самага світанку яны ўжо на нагах, каб пайсці да магілы. Яны не чакаюць ніякага суцяшэння. Яны хочуць аддаць пашану Збаўцу, таму нясуць да магілы дарагія алеі.
Маці мая, выпрасі і для мяне такую руплівасць пра хвалу Езуса. Нават у сваіх малітвах я часта бываю карысліваю. Малюся да Бога — а думкі скіраваныя да майго «я». Пане, я хачу ўшаноўваць, праслаўляць Цябе, забываючы пра сябе. Дай мне руплівасць у праслаўленні Цябе.
УВАСКРОС! ЯКАЯ РАДАСЦЬ мусіла напоўніць засмучаныя сэрцы гэтых святых жанчынаў, што на самым ранку прыбылі да магілы. Яны ж любілі Езуса, аплаквалі Яго як памерлага, а цяпер атрымліваюць радасную вестку: Яго няма ў магіле, Ён уваскрос! Таму жанчыны забываюць пра ўсё, пра свае цярпенні, неспакой, клопаты і пра сваю стому, каб радавацца хвале ўваскрасення, пацверджанню Боскасці Настаўніка, якога яны так моцна любяць.
Сёння я таксама, добры Езу, хачу забыць пра ўсе свае малыя зямныя турботы, клопаты, неспакой і смутак. Хачу забыць пра сябе, пра гэты маленькі бедны свет, каб цешыцца, Езу мой, Тваёй хвале, радавацца Твайму шчасцю, таму што любоў больш жыве ва Умілаваным, чым у сабе.
Люблю Цябе, Езу, і таму радуюся, што Ты вялікі, што Ты магутны, святы. Толькі Ты — найвышэйшы, Пан мой і Бог мой. Радуюся, што ўвесь свет каля Тваіх ног… Радуюся Тваёй велічы, бо люблю Цябе больш за ўсё, бо хачу <…> жыць заўсёды ў Табе, з Табою і праз Цябе…
Любоў праяўляецца не праз пачуццё, а праз учынак — учынак, які вымагае ахвярнасці, самаадрачэння, самазабыцця… Сёння, калі маё сэрца вырываецца да Цябе, уваскрослага, калі я так хацела б праявіць да Цябе любоў за Тваё ўваскрасенне, якое прадвяшчае маё ўваскрашэнне, за цярпенне, за смерць, якая прывяла Цябе да хвалебнай перамогі, — я магу зрабіць адно: праявіць да Цябе сваю любоў учынкам любові…
Бачачы Цябе ў хвале ўваскрасення, я хацела б, Езу мой, <…> думаць пра Цябе ў іншых, служыць Табе ў іх — гэта будзе мой учынак любові, які значыць больш, чым пачуццё! Езу, гэта будзе мой учынак любові да Цябе!
Марыя стаяла каля магілы і плакала. <…> Езус сказаў ёй: «Марыя!» А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік!»). Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага». Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.
(Ян 20, 11.16–18)
ЧАМУ ТЫ ПЛАЧАШ, МАГДАЛЕНА? Яна плача, бо не можа жыць без свайго Пана, бо яна тужыць па Ім, бо ўвесь свет стаў для яе цемраю і смуткам, калі з ёю няма Езуса. Яна нічога не ведае — не ведае, ці ўбачыць Пана яшчэ калі-небудзь, ці, можа, ужо ніколі нічога не дазнаецца пра Яго. Ён знік. Незваротна? Які цяжкі быў смутак Марыі Магдалены…
А я ці гэтак жа люблю Езуса? Маючы табэрнакулюм, знаходзячыся так блізка каля Езуса, ці карыстаюся я гэтым шчасцем? <…> Ці гарнуся я да Яго? Ці спяшаюся ў вольныя хвіліны да табэрнакулюма, да майго Пана, каб выказаць Яму сваю любоў, каб у Яго чэрпаць сілы і адвагу ў жыцці працы, да якога Ён мяне паклікаў?
Хачу прасіць майго Езуса, каб я адчувала вялікае шчасце ад таго, што магу быць так блізка каля Яго, і каб належным чынам карысталася гэтым шчасцем. Езус у табэрнакулюме — гэта цэнтр, вакол якога павінна круціцца ўсё маё жыццё. Думка мая ў працы і занятках мусіць ляцець да табэрнакулюма, а памяць пра Езуса ў белай Гостыі павінна абуджаць ува мне давер, калі прыгнятаюць клопаты; адвагу — калі праца здаецца мне не па сілах; адрачэнне — калі крыж абцяжарвае мае плечы; памяркоўнасць — калі людзі крыўдзяць мяне; бязмежную дабрыню да ўсіх, хто мяне атачае; радасць перад абліччам смерці. Прыкладу ж усе намаганні, каб у думках прабываць каля падножжа табэрнакулюма, дзе жыве мой Езус, мой Настаўнік, мой Пан і мой найлепшы Сябар!
ЗАДУМАЮСЯ НАД МОЦАЮ ЛЮБОВІ Магдалены і над яе поўным самазабыццём… Езус — у яе думках, Езус — у яе сэрцы, у душы, у словах, ва ўчынках… Усё — з Езусам, заўсёды з Ім.
О, калі б Ты, Магдалена, выпрасіла для мяне любоў, падобную да тваёй любові! Няхай маё сэрца так прыхінецца да Езуса, каб я бачыла Яго заўсёды, усюды, ва ўсім і ва ўсіх.
Любоў дае ёй сілу і адвагу, гатоўнасць да выканання самых цяжкіх заданняў… Ці ёсць у маім сэрцы такі высакародны запал любові? <…> Езусу патрэбныя бескарыслівыя, шчырыя і высакародныя душы, якія аддаюцца Яму і працы дзеля Яго цалкам, без аглядкі на сваё ўласнае «я».
Езу, змілуйся нада мною, дай мне любоў — моцную, як смерць, гатовую на ўсё для Цябе, Пане ўмілаваны!
ЯКАЯ МУСІЛА БЫЦЬ РАДАСЦЬ у Магдалены, калі раптам з вуснаў чалавека, якога яна палічыла садоўнікам, пачула адно гэтае слова: «Марыя!» Яна ведала гэты голас, і раптам нібы заслона спала ў яе з вачэй — яна пазнала Настаўніка… Зразумела, што Езус бачыў яе смутак, яе жаль, што Езус, які так ведае таямніцы нашых сэрцаў, адчуў яе адзіноту, тую страшную пустку, якую Яго смерць пакінула ў яе сэрцы… Яна зразумела, што зноў назаўсёды здабыла Таго, каго з такім болем аплаквала. І смутак саступіў месца такому вялікаму і такому салодкаму шчасцю, што яна змагла вымавіць толькі адно слова: «Настаўнік!» Але ў адным гэтым слове змясцілася ўся бездань любові!
Настаўнік, Ты — мой Настаўнік, а я — Твая паслухмяная вучаніца, бо хачу вучыцца ад Цябе жыць і любіць. Настаўнік, Ты — мой Пан, а я — Твая пакорная слуга, таму хачу ва ўсім і заўсёды выконваць Тваю волю, нават калі Твая воля будзе мяне крыжаваць. Настаўнік, Ты — мая сіла, на Цябе я абапруся ў сваіх цяжкасцях, калі мне не будзе хапаць адвагі і ад стомы апусцяцца рукі. Ты — мая сіла, якая ўмацоўвае мяне ў хвіліны спакусы, каб я без вагання і няпэўнасці мужна захоўвала веру і цноту. Настаўнік, Ты — маё святло ў хвіліны, калі мяне з усіх бакоў атачае цёмная ноч, калі сэрца шукае шляху і нічога не бачыць…
Сэрца Магдалены растае ў пачуццях любові, напоўненай жалем, і жалю, напоўненага любоўю… Езу, Настаўнік мой, ці разумею я гэтак жа, як Магдалена, усё шчасце прабывання каля Тваіх ног? <…>
Няхай хвіліны, праведзеныя каля ног Пана, будуць найсвятлейшымі хвілінамі нашага жыцця, няхай да іх вырываюцца нашыя сэрцы. Але давайце памятаць пра тое, што Езус яшчэ не заклікае нас да пастаяннага спачынку. Гэтак жа, як Магдалену, Ён і нас заклікае да апостальскай працы, таму так, як яна, будзем слухаць Пана… Возьмемся за працу з руплівасцю, стараннасцю, адважна і ахвотна, бо праца — гэта таксама акт любові, гімн любові душы на хвалу ўмілаванага Настаўніка!
ЦІ ПАДОБНАЯ Я ХОЦЬ ТРОХІ да Магдалены ў руплівасці і тузе па Езусу? <…> Ці спяшаюся да святой Камуніі, у якой Езус яднаецца са мною, уваходзячы ў маё сэрца? Ці разумею, што святая Камунія, святая Імша зранку — гэтая мая сіла на ўвесь дзень працы і клопатаў, якіх заўсёды хапае ў жыцці?
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы [дома], дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана.
(Ян 20, 19–20)
«СПАКОЙ ВАМ!» Гэтымі цудоўнымі словамі Езус вітае Апосталаў, паказаўшыся ім першы раз пасля свайго ўваскрасення… І напэўна ў сэрцах Апоўсталаў стала так ціха, так спакойна. Знікла боязь, што яны пакінутыя, пазбаўленыя апекі, якою карысталіся на працягу трох гадоў, і яны адчулі, што адгэтуль Езус ужо будзе з імі назаўсёды. Зразумелі, што спакой — гэта найкаштоўнешы дар, які Езус выслужыў для нас сваёю мукаю і смерцю, што гэты салодкі, Божы спакой, які анёлы прадвяшчалі пры нараджэнні Хрыста і які Езус абяцаў Апосталам пасля ўстанаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, цяпер ужо стаў належаць сэрцам добрай волі, сэрцам, якія жадаюць служыць Езусу; што гэты святы, Божы спакой можа спадарожнічаць беднаму чалавеку ў бурах, у цемры і сярод крыжоў зямнога жыцця ажно да смерці і праз усю вечнасць.
Шчаслівыя Апосталы, якім Езус сам прынёс свой Божы спакой. Але, Езу мой, Ты выслужыў яго і для мяне, галоўнае — каб я дбала пра гэты пяшчотны і мілы дар. Езус хоча мне даць яго, але не без майго садзеяння… Езу, я таксама хачу мець гэты святы спакой, прагну яго і зраблю тое, што Ты ад мяне патрабуеш, а Ты, Пане, скажы і мне гэтыя благаслаўлёныя словы: «Спакой табе!»
Вось двое з іх [вучняў] у той жа дзень ішлі ў вёску, якая <…> называлася Эмаус. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. І Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?» Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам… <…> Тады Ён сказаў ім: « <…> Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» <…> Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?»
(Лк 24, 13–19.25.28–32)
ЗАХАПЛЯЙМАСЯ ТУТ ПЕРШ ЗА ЎСЁ далікатнаю дабрынёю Езуса. Вучні сумныя, разбітыя, расчараваныя — яны давяралі Езусу, а цяпер нічога не бачаць, нічога не разумеюць, іх ахоплівае сумненне. Добры Пан не абцяжарвае крыжам звыш сілаў. Ён бачыць іх у стане поўнай бездапаможнасці, таму прыходзіць сам, каб зноў суцешыць і дадаць ім адвагі… Які Езус добры, <…> як Ён спяшаецца з дапамогаю і суцяшае, калі бачыць сэрца, прыгнечанае клопатам і смуткам! <…>
Хоць мы не заўсёды Яго пазнаем, але Ён знаходзіцца побач з намі і вядзе справы, якія здаваліся страчанымі, дапамагае праз людзей, часам чужых нам, кіруе акалічнасцямі, якія нам спрыяюць. Езус знаходзіцца побач з намі, хоць мы Яго не бачым, хоць мы пра гэта не ведаем, толькі давайце ніколі не будзем пераставаць маліцца і давяраць. Нават калі ўсё здаецца страчаным, Езус усё можа і для верных душаў з дрэннага выводзіць добрае… Таму давайце давяраць і заўсёды прасіць: «Езу, застанься з намі, будзь побач з намі і ніколі не пакідай нас!»
ХРЫСТУС, БОГ-ЧАЛАВЕК, мусіў столькі цярпець, перш чым увайшоў у хвалу… Чаму мы не памятаем пра тое, што Ён усё жыццё ішоў крыжовым шляхам і ўрэшце на крыжы памёр? Ці не прагнем мы аддаліцца ад крыжовага шляху і тым самым аддаліцца ад Хрыста, які нясе крыж? Мы зноў і зноў павінны разважаць над праўдаю пра тое, што крыж — самы надзейны шлях да неба, што крыж — гэта доказ Божай любові да нас, што крыж, які мы нясём ахвотна і цярпліва, ачышчае душу і набліжае яе да неба, што крыж — гэта адзіная надзея на шчаслівую вечнасць!
ЯКАЯ ГЭТА СВЯТАЯ і добрая справа — размова пра справы Божыя, святыя, размова, якая ўздымае душу да Бога! Не трэба нудзіць іншых, жадаючы гаварыць увесь час пра святыя справы, але душа, якая сапраўды любіць, здольная ненадакучліва, без дэкларатыўнасці час ад часу сказаць штосьці ўзнёслае. І дзякуючы гэтаму часам можна зрабіць столькі добрага!
Давайце прасіць Бога, каб Ён надзяліў нас дарам гаварыць пра Божыя справы так, каб гэта было прыемна і карысна. Мы самі так не зможам, але Бог можа даць нам ласку, аб якой мы горача просім, бо яна патрэбная не толькі для нашага дабра, але і для дабра іншых.
«ЗАСТАНЬСЯ З НАМІ, БО ЎЖО ВЕЧАРЭЕ…» Ці ёсць і ў маім сэрцы жаданне мець Езуса і заставацца побач з Ім? Ці стараюся я настойліваю працаю дасягнуць такой еднасці з Панам, якой дасягнула абранніца з «Песні песняў», калі ўсклікала: «Я шукала Таго, каго мая душа кахае, знайшла Яго і больш не адпушчу»?
Гэта вяршыня шчасця, калі душа дайшла да такога яднання з Езусам, што ўжо нішто не можа адарваць яе ад Яго. Тады стварэнні ёй не перашкаджаюць, наадварот, усё дапамагае служыць Пану, з якім яна ніколі не расстаецца. Разам з Ім душа моліцца, і праз гэта яе малітва, як дым кадзіла, уздымаецца проста да Нябеснага Айца. З Ім душа працуе, і праца, нават цяжкая і пакутлівая, не будзе яе абцяжарваць, бо ёй дапамагае Езус. Разам з Ім душа радуецца ў светлыя і спакойныя дні, і яе радасць побач з Езусам чыстая і Божая. Разам з Ім душа церпіць, і яе крыжы каля падножжа крыжа становяцца асалодаю. З Панам яна кантактуе з бліжнім, і любоў да бліжняга праз Езуса і для Езуса становіцца святою і звышнатуральнаю. З Ім і пры Ім душа памірае, і смерць побач з Езусам спакойная і поўная даверу, бо, знаходзячыся разам з Ім падчас зямнога жыцця, яна будзе з Ім і на працягу ўсёй вечнасці…
Варта мне засвоіць прыгожыя словы вучняў з Эмауса і часта іх паўтараць, асабліва калі я адчуваю, што вір свету хоча адцягнуць мяне ад Езуса: «Застанься са мною, Пане, бо ўжо вечарэе, застанься, свет вабіць, заняткі рассейваюць увагу, клопаты прыгнятаюць, застанься, Езу мой наймілейшы, бо ўжо вечарэе».
«ТАДЫ АДКРЫЛІСЯ ІХНІЯ ВОЧЫ, І ЯНЫ ПАЗНАЛІ ЯГО…» Вось вынікі добрай святой Камуніі. Яна дае нам святло, каб распазнаць Божае дзеянне, Бога ў нас і вакол нас. І Ты, Пане, так моцна патрэбны нам у святой Камуніі… Адкрый нашыя вочы, каб мы пазналі і бачылі.
Якою была гэтая несвядомая падрыхтоўка вучняў да святой Камуніі, падрыхтоўка, што заслужыла такой узнагароды? Па-першае, гэта забыццё пра сябе — вучні гутараць пра смерць Езуса паміж сабою і з Тым, каго прынялі за падарожніка; яны расчуленыя не сваім жыццём, а Хрыстоваю смерцю, знікненнем з іх вачэй надзеі на Яго Валадарства; па-другое, гэта любоў да Езуса — вучні аплакваюць Яго смерць, бо вельмі горача любілі Яго; па-трэцяе, гэта прагненне затрымаць каля сябе таго падарожніка, які абвяшчае ім Божае слова.
Калі мы хочам, каб наша святая Камунія прынесла нам багаты плён, то давайце пастараемся рыхтавацца да яе, забываючы пра сябе… Мы павінны думаць пра Езуса, радавацца таму, што Яго радуе, смуткаваць з-за таго, што напаўняе смуткам Яго Сэрца, і перш за ўсё прагнуць, каб імя Яго было святым, каб прыйшло Яго Валадарства, каб Яго воля споўнілася як у небе, так і на зямлі.
Я павінна любоўю прывабіць майго Пана да сябе, адчуваючы ў сваім сэрцы той боль, які Ён выцерпеў дзеля мяне. Павінна няспынна клікаць Яго ў сваім жаданні, кажучы: «Прыйдзі, Пане Езу, <…> прыйдзі, бо без Цябе мяне агортвае ноч!» Тады Езус дасць святло, і я ўсё лепш буду пазнаваць, што мне патрэбна адно: заўсёды і ўсюды мець Езуса ў сваім сэрцы.
ЕЗУ МОЙ! ЗАСТАНЬСЯ са мною, бо без Цябе жыццё — не жыццё, застанься!
Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!»
(Ян 20, 24–28)
«МЫ БАЧЫЛІ ПАНА!» — гэта вокліч радасці Апосталаў. Якая радасць і якое шчасце! <…>
Гэта павінна быць і маім дэвізам: Езус адзін заменіць мне ўсё… Чаму я часта стагну, наракаю, плачу, што не ўсё ідзе так, як бы я хацела? <…> Мяне ж павінна хваляваць адно: ці маю я Езуса — Езуса ўкрыжаванага, які вучыць мяне, што ў крыжы — збаўленне, у крыжы — надзея.
ЕЗУ, У ТВАІХ РАНАХ Тамаш знойдзе моцную веру, якой яму не хапае… Якія цудоўныя Твае раны, якія яны дабратворныя, міратворныя!
Ці ўсведамляю я, які скарб маю ў гэтых ранах? Яны заўсёды адкрытыя, нібы Езус запрашае мяне: «Прыйдзі да Мяне, да Маіх ранаў, спачывай там у непарушным супакоі, там ты ў бяспецы. Злы дух не мае доступу да гэтых найсвяцейшых месцаў, там знойдзеш моцную, непарушную веру ў Боства Таго, хто сцярпеў гэтыя раны для цябе і пасля свайго ўваскрасення пакінуў іх, ззяючых, як каштоўныя рубіны, каб запэўніць цябе, што Я, Уваскрослы, — Той самы, хто ў страшных муках памёр на крыжы. Там ты знойдзеш нязломную надзею, бо калі ты прытулішся да святых ранаў, то адчуеш, што Я ў гэтых ранах спалю твае грахі і крывёю, што сцякае з іх, абмыю душу ад заганаў граху. Там ты знойдзеш жар любові, бо ці ж не палюбіш ты Таго, хто ранамі і сваёю крывёю збавіў цябе ад вечнай смерці?»
О раны майго Езуса, вы — мая надзейная сховань. Калі я схаваюся ў вас — буду ў бяспецы… О раны майго Езуса, я хілюся да вас у захапленні любові…
Праз раны Твае, найдаражэйшы Езу, будзь міласцівы да маёй грэшнай душы.
«ПАН МОЙ І БОГ МОЙ!» Божа мой, няхай гэтыя словы будуць у маім сэрцы і на вуснах! <…> Гэтыя словы — найпрыгажэйшы акт веры каля падножжа табэрнакулюма, у якім жыве Езус…
Вось я каля Твайго падножжа. Маё заданне — служыць Табе ўсім сваім жыццём, праслаўляць Цябе, адараваць і ўсім сэрцам вырывацца да Цябе… Я — уся Твая, а Ты будзь назаўсёды маім Панам, маім Богам і ўсім для мяне.
З кнігі «Скарб любові. Біблійныя медытацыі» св. Уршулі Ледухоўскай USJK.