Ці можа вера дэфармавацца ў «магію»?

Калі я раніцаю адводжу свайго сына ў яслі, ён амаль кожны раз просіць на развітанне: «Мама, дай мне што-небудзь з сабою!» Падчас адаптацыі да дзіцячага садка неяк сама ў нас склалася такая маленькая традыцыя: дзеля суцяшэння ў гэтым расстанні амаль на цэлы дзень я даю трохгадоваму сыну ці то маленькую картку з прыгожым малюнкам, ці адмыслова складзеную сурвэтку, ці проста якую-небудзь дробязь (а для яго зусім не дробязь!), і гэта нагадвае маёй малечы, што я цэлы дзень буду памятаць пра яго і моцна люблю, нягледзячы на тое, што пакідаю і бягу на працу. Нічога, што часта гэтая «памятка» на працягу дня дзесьці губляецца, рвецца ці псуецца — дзеці ўсё выпрабоўваюць на трываласць! Галоўнае не гэта, а сувязь з мамаю ў сэрцы, хоць і праз нейкую дробязь.

Ці не гэтак жа і Нябесная Маці — Марыя — у клопаце пра сваіх дарагіх дзяцей дала нам знакі сваёй прысутнасці і свайго бязмежнага клопату? Шкаплер, цудадзейны медалік, ружанец, шматлікія формы спецыяльных набажэнстваў — усе гэтыя сакрамэнталіі як прыгожыя сімвалы нашай глыбокай сувязі з Нябесным Домам і як прылады нашага асвячэння, несумненна, прыносяць вялікі плён і дапамагаюць не страціць сапраўдных духоўных арыенціраў.

Адной з прычынаў вялікай папулярнасці такіх сакрамэнталіяў сярод вернікаў з’яўляюцца незвычайныя абяцанні, звязаныя з імі. Напрыклад, «хто носіць шкаплер і аддае пашану Маці Божай, той мае Яе апеку над душой і целам у гэтым жыцці і асабліва ў хвіліну смерці». Падчас аднаго з фацімскіх аб’яўленняў Маці Божая абяцала тым, хто будзе практыкаваць набажэнства першых суботаў месяца, быць побач з імі ў хвіліну смерці «разам з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення». Святой Кацярыне Лябурэ Найсвяцейшая Панна Марыя так растлумачыла выяву, якую прасіла змясціць на медаліку: «Промні, якія сплываюць з маіх далоняў, — гэта сімвалы ласкаў, якімі Я адорваю тых, хто просіць іх у Мяне, а каштоўныя камяні, ад якіх не зыходзяць промні, — гэта ласкі, якіх ніхто не просіць»… Колькі ж людзей прыйшло да навяртання і збаўлення дзякуючы гэтым прыладам Божай ласкі!

Аднак часта сярод католікаў даводзіцца назіраць адну небяспечную з’яву, якая можа вельмі шкодзіць у належным карыстанні сакрамэнталіямі. Бяда пачынаецца там, дзе вернік у сваёй пабожнасці спыняецца менавіта на гэтых шчодрых абяцаннях: адзявае шкаплер ці медалік або, напрыклад, вешае на люстэрка аўтамабіля ружанец і ўспрымае іх як своеасаблівыя «амулеты», што павінны ахоў­ваць яго ад небяспекі і прыцягваць дабро. Інакш кажучы, пачынае магічным чынам ставіцца да іх, надзяляць іх тою моцаю, якой яны насамрэч не маюць. Нават паблагаслаўленыя рэчы самі па сабе не гарантуюць нам выратавання ад няшчаснага выпадку, ад страты здароўя, ад крадзяжу ці іншых непрыемнасцяў. І гэта не значыць, што яны «не спрацавалі». Такая форма «пабожнасці» хутчэй сыходзіць ад жадання кантраляваць сваё жыццё ў тых сферах, якія нам не падуладныя, а не ад шчырай веры ў Бога. Калі я нашу цудадзейны медалік, каб кожны раз, паглядзеўшы на яго, узгадваць пра сваё поўнае адданне Марыі — у кожнай справе, у кожнай радасці або цяжкасці, то ён сапраўды ўзмацняе веру… А калі я адзяваю медалік, каб абараніцца «ад сурокаў», то тут у маёй духоўнасці адкрываецца вялікая прорва… Сакрамэнталіі — не нейкі магічны, «замоўлены» прадмет, а проста знак Божай апекі і сімвал нашай пабожнасці. Зноў прывяду аналогію з зямных аносінаў паміж маці і дзіцем: калі я благаслаўляю раніцай сына ў садку, даю яму, напрыклад, выразанага з паперы дыназаўрыка і абяцаю, што вечарам дома бу­дзем ляпіць такога ж з пластыліну, то гэта зусім не «абярэг». Для дзіцяці гэты малюнак будзе сімвалам хуткай сустрэчы з мамай і сумеснага цікавага занятку. Магчыма, гэтыя думкі дапамогуць яму пераадолець смутак ці нават слёзы — бо мама ж недзе цяпер спецыяльна для яго ідзе ў «магазін пластыліну» і прыдумвае, як зляпіць дыназаўрыка. Інакш малым дзецям вельмі цяжка растлумачваць часавыя паняцці, даваць абстрактныя абяцанні, і гэтыя маленькія рэчавыя сімвалы — проста дапамога ў будаванні адносінаў любові, у навучанні чакаць, верыць і ніколі не падаць духам.

Мы — таксама як дзеці малыя перад Нябесным Айцом. Жывем зямнымі катэгорыямі і ў тыя моманты, калі нам здаецца, што Бог нас пакінуў, схільныя забывацца, што насамрэч Ён кожную секунду памятае пра нас і, як каштоўныя камяні, даў у рукі Божай Маці незлічоныя ласкі для ўсіх сваіх дзяцей.

Часам пэўныя магічныя ўласцівасці чалавек можа прыпісваць нават малітве. Напрыклад, аднойчы да маёй былой настаўніцы (каталічкі), якая малілася на магілцы мужа (праваслаўнага) па каталіцкім малітоўніку «Вечны адпачынак дай ім, Пане» падышла незнаёмая жанчына і раптам пачала «вучыць», што, маўляў, па-каталіцку за праваслаўнага нельга маліцца, бо такая малітва «не мае моцы»… Што гэта, калі не стаўленне да малітвы як да нейкай «замовы», да «магіі», дзе прамаўленне канкрэтнай слоўнай формулы ў спалучэнні з пэўнымі жэстамі павінна даваць жаданы вынік? Малітва — гэта размова з Панам Богам, з любаю Асобаю, выяўленне любові, а не здзяйсненне магічнага рытуалу.

Ці не надзяляем мы малітву магічнаю моцаю і тады, калі абавязкова чакаем ад яе канкрэтнага выніку? Напрыклад, часцей за ўсё менавіта нейкія невырашальныя праблемы змушаюць нас звярнуцца да «Пампейскай навэнны» як «непераможнай малітвы» (мяркую па сабе). Яно то вельмі добра, што чалавек менавіта да Бога звяртаецца ў цяжкіх сітуацыях, але часта бывае так, што мы молімся-молімся ў нейкай інтэнцыі, а малітва «не працуе», і тады вернік спрабуе чытаць іншую малітву, шукае «найбольш дзейсную», якая б напэўна прывяла да жаданага выніку. Між тым, Езус прамовіў да сваіх вучняў у Казанні на гары: «Прасіце, і будзе дадзена вам… Бо кожны, хто просіць, атрымлівае… Ці ёсць сярод вас чалавек, які, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, дасць яму камень? Або калі папросіць у яго рыбы, дасць яму змяю? Калі ж вы, будучы ліхімі, ведаеце, як даваць дзецям вашым добрыя дары, тым больш Айцец ваш, які ў нябёсах, дасць добрае тым, хто просіць у Яго» (Мц 7, 7–11). Дык што ж дрэннага ў тым, калі чалавек моліцца да Бога ў сваіх інтэнцыях і спадзяецца на вынік сваёй малітвы? Калі мы з мужам разважалі пра гэта, ён правёў такую аналогію, якая для мяне адразу ўсё расставіла на свае месцы: «Гэта падобна да сітуацыі, калі мужчына жэніцца з мэтаю атрымаць секс, гарачы абед, чысціню ў доме і чыстыя кашулі». Пералічаныя рэчы самі па сабе добрыя і ў шчаслівай сям’і абавязкова будуць, але сям’я грунтуецца ў першую чаргу на будаванні любові, аддаванні саміх сябе ў дар, а не на чаканні «абслугі». Напэўна, так і ў адносінах з Богам: калі я малюся да Бога як да «кур’ера», які даставіць мне жаданыя даброты, калі спрабую пры дапамозе малітвы «кіра­ваць» сваім жыццём, зрабіць гэты свет падуладным мне, то стаўлюся да малітвы як да магічнай формулы. А калі сама аддаюся ва ўладу Бога, калі давяраю Яму, хачу служыць Яму ва ўсіх тых сітуацыях, у якіх апынаюся, і гатовая пакорна цярпець жыццёвыя нягоды, то ўзрастаю ў любові да Яго. Цяжкія гэта справы… І колькі ж трэба маліцца, каб сапраўды прыняць гэта сэрцам і душою, адмовіцца ад сябе, цалкам аддацца і даверыцца Богу! Хіба ўсё жыццё трэба вучыцца гэтаму… Вучыцца пабожна насіць крыжык, шкаплер, цудоўны медалік — дый проста маліцца…


Ганна Шаўчэнка

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней