65. Я ўзгадваю таксама сваё прабыванне ў Бургасе, прыкладна ў той жа час. Туды, каб пабыць са мною некалькі свабодных дзён, прыязджалі многія, хто не мусіў заставацца ў казармах.

Я жыў у паўразбураным гатэлі,  у адным пакоі разам з некалькімі сваімі духоўнымі дзецьмі. Нам бракавала самых неабходных рэчаў, але мы імкнуліся арганізаваць усё так, каб тыя, хто прыязджае, а гэта былі сотні, мелі ўсё для адпачынку і аднаўлення сілаў.

У мяне была звычка выходзіць на шпацыр да ракі Арлансон. Там мы размаўлялі, я выслухоўваў шчырыя прызнанні сваіх гасцей і спрабаваў дапамагчы ім адпаведнаю парадаю, умацаваць іх, адкрыць новыя далягляды духоўнага жыцця і заўжды з Божаю дапамогаю падбадзёрыць, заахвоціць, распаліць у іх жаданне быць хрысціянамі. Часам такія шпацыры прыводзілі нас да кляштара святой Марыі дэ лас Уэльгас, часам мы накіроўваліся да катэдральнага касцёла Бургаса.

Мне падабалася падымацца на вежу і зблізу разглядаць зубцы — сапраўдны каменны кужаль, плён цярплівай цяжкай працы. Я звяртаў увагу сваіх суразмоўцаў на тое, што гэтай прыгажосці не відаць здолу. Каб пацвердзіць прыкладам свае словы, якія так часта паўтараў, я тлумачыў: вось гэта і ёсць Божы выраб, Божая праца! Гэта значыць завяршаць усё, што робіш, дасканала, прыгожа, з майстэрствам, як вытанчаны каменны кужаль. Гледзячы на гэты цуд, яны разумелі, што гэта — малітва, прыгожы дыялог з Панам Богам. Тыя, хто зводзілі свае сілы на гэтую працу, вельмі добра ведалі, што на вуліцах горада ніхто не ацэніць іх высілкаў, — гэта праца толькі для Бога. Цяпер вы разумееце, як можна наблізіцца да Бога праз свае прафесійныя абавязкі? Рабіце так, як гэтыя муляры, і вашая праца таксама стане operatio Dei, чалавечаю працаю з Божаю сутнасцю і аздобаю. 

66. «Упэўненыя, што Бог прабывае паўсюдна, мы апрацоўваем палі, праслаўляючы Яго, плывем праз мора і выконваем іншую працу, апяваючы Яго міласэрнасць» (Клімэнт Александрыйскі, Stromata, 7, 7; PG 9, 451). Такім чынам, мы яднаемся з Богам у кожную хвіліну жыцця. Нават калі вы застанецеся ў
адзіноце, у далечыні ад звыклага асяродку, як тыя жаўнеры ў акопе, вы будзеце жыць, заглыбленыя ў Бога з дапамогаю сваёй мужнай няспыннай працы, якую вы навучыліся ператвараць у малітву, бо распачынаеце і заканчваеце яе ў прысутнасці Бога Айца, Бога Сына і Духа Святога.

Але не забывайцеся таксама, што вы знаходзіцеся ў прысутнасці іншых людзей і яны чакаюць ад вас (ад кожнага з вас!) хрысціянскага сведчання. Таму, займаючыся сваёю працаю, сваімі абавязкамі, мы павінны выконваць іх так, каб не адчуваць сораму, калі гэта ўбачаць тыя, хто ведае нас і любіць, каб не ўвагнаць іх ў чырвань. Калі вы будзеце чыніць усё ў тым духу, пра які я імкнуўся тут распавесці, за вас не будзе няёмка тым, хто вам давярае, і вы самі не будзеце чырванець за сваю працу.
З вамі не здарыцца тое, што здарылася з героем прыпавесці, які вырашыў збудаваць вежу: «Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: Гэты чалавек пачаў
будаваць і не змог скончыць...» (Лк 14, 29–30).

Запэўніваю вас, што калі вы не згубіце такога надпрырод-нага погляду на рэчы, вы здолееце ўкаранаваць вашую працу, збудаваць вашую катэдру, паклаўшы апошні камень.


Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней