Прадстаўляем вашай увазе ўрыўкі з кнігі святога Хосэ Марыя Эскрывы «Сябры Божыя». Святы Хосэ Марыя Эскрыва — аўтар шматлікіх духоўных твораў, перакладзеных на розныя мовы свету, сярод якіх: «Шлях» (1939), «Святы Ружанец» (1934), «Сябры Божыя» (1977), «Хрыстус праходзіць побач» (1973), «Кузня» (1988), «Баразна» (1986) і інш.
Урыўкі 63-64
63. Я не маю на ўвазе недасяжны ідэал. Я кажу пра вельмі канкрэтныя рэчы, якія, аднак, маюць надзвычайнае значэнне і здольныя змяніць самы язычніцкі асяродак, варожае стаўленне да Божых патрабаванняў, як гэта адбылося ў тыя часы, калі распачалася эра нашага збаўлення. Атрымайце асалоду ад словаў ананімнага аўтара тых часоў, якія датычаць велічы нашага паклікання: «Хрысціяне для свету — як душа для цела. Яны жывуць у свеце, але не належаць свету, як душа жыве ў целе, але не належыць целу. Яны жывуць сярод усіх народаў, як душа жыве ва ўсіх частках цела. Яны дзейнічаюць па натхненні свайго ўнутранага жыцця, не прыцягваючы нічыёй увагі, як душа дзейнічае па натхненні сваёй сутнасці... Яны жывуць як пілігрымы сярод марнасці ў чаканні несмяротнасці нябёсаў, як вечная душа жыве цяпер у смяротным шатры. У час пераследу іх колькасць узрастае з дня ў дзень, як душа ўзрастае ў прыгажосці, калі пакутуе... Нельга хрысціянам пакінуць сваё пакліканне ў свеце, як душы не дазволена свабодна пакідаць цела» (Epistola ad Diognetum, 6;
PG 2, 1175).
Таму мы пакінем вызначаны шлях, калі перастанем дбаць пра часовыя клопаты: у іх нас таксама чакае Пан. Будзьце ўпэўненыя: незалежна ад абставінаў штодзённага жыцця, натхнёных або дазволеных Божым Провідам у Яго бясконцай мудрасці, мы, людзі, павінны імкнуцца да Бога. Мы не дасягнем гэтай мэты, калі не будзем дбаць пра належнае выкананне сваіх заданняў і не будзем настойліва весці працу, распачатую згодна з чалавечымі ці надпрыроднымі планамі і спадзяваннямі; калі не станем выконваць свае абавязкі як найлепш і, калі гэта магчыма (а мне здаецца, што калі сапраўды жадаць гэтага, так і будзе), лепш і чым найлепш, бо дзеля гэтага ў нашых руках усе годныя матэрыяльныя і неабходныя духоўныя сродкі. Такім чынам, мы здолеем прынесці ў дар Богу па-майстэрску зробленую, дасканала завершаную працу.
64. Я часта кажу, што ў хвіліны нашай размовы з Езусам, укрытым у табэрнакулюме, адкуль Ён бачыць нас і чуе, нельга страціць асабістасці размовы. А каб нашае разважанне адразу перайшло ў дыялог з Панам, якому не патрэбны слоўны шум, мы мусім пакінуць ананімнасць, стаць у Ягонай прысутнасці такімі, якімі з’яўляемся. Мы не павінны хавацца сярод натоўпу ў касцёле, не павінны падманваць сябе чарадою пустых словаў, якія не нараджаюцца ў сэрцы, а застаюцца адною пазбаўленаю сэнсу звычкаю.
І цяпер я дадам, што і твая праца павінна стаць асабістаю малітваю, павінна ператварыцца ў доўгую размову з нашым нябесным Айцом. Калі ты шукаеш святасці ў прафесійнай дзейнасці, то абавязкова павінен прыкладаць высілкі, каб ператварыць яе ў асабістую малітву. Гэтыя твае клопаты і абавязкі не павінны трапіць у пазбаўленую сэнсу цемру руціны, не павінны стаць безасабовымі, бо інакш у гэтае самае імгненне загіне боскае натхненне, якое ажыўляе тваю штодзённую працу.
Цяпер я ўзгадваю, як ездзіў на лінію фронту падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Без аніякіх дапаможных сродкаў я ішоў туды, дзе была патрэбная праца святара. Там, ва ўмовах вялікай небяспекі, што давала многім магчымасць апраўдаць сваю нядбайнасць, няўважлівасць і недагляд, я не абмяжоўваўся аднымі парадамі аскетычнага жыцця. Тады мяне натхняў той жа клопат, які я адчуваю цяпер і пра які пішу, жадаючы, каб Бог абудзіў яго ў кожным з вас. Мяне цікавіла дабро для душаў жаўнераў і іх радасць тут, на зямлі, я заахвочваў кожнага бавіць час з карысцю, каб вайна не сталася перапынкам у іх жыцці. Я прасіў іх не складаць рукі і рабіць усё, каб акопы і зямлянкі не ператварыліся ў залу чакання на чыгуначным вакзале, дзе пасажыры забіваюць час у чаканні цягніка, які, здаецца, ніколі не прыбудзе...
Я раіў жаўнерам заняцца нечым карысным, напрыклад, вучыцца або вывучаць мовы, каб гэта не перашкаджала іх абавязкам жаўнераў. Я вучыў іх ніколі не пераставаць быць Божымі людзьмі і імкнуцца рабіць усе свае ўчынкі operatio Dei — Божаю працаю. Я бываў расчулены, калі бачыў, як цудоўна паводзілі сябе гэтыя хлопцы ў вельмі складаных сітуацыях: гэтак выяўлялася іх унутраная духоўная моц.
Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.