Сучаснае і несучаснае

Розныя людзі лічаць сябе хрысціянамі. Ёсць тыя, якія мяркуюць, што дастаткова мець Бога ў сэрцы. Ёсць тыя, якія ўсім сэрцам адданыя справам міласэрнасці. Ёсць тыя, якія кожны дзень распачынаюць і заканчваюць малітвай, а яшчэ ў нядзелю абавязкова наведваюць касцёл. Ёсць тыя, якім не замінае, што нехта верыць інакш, чым яны. Ёсць тыя, якія не супраць існавання Бога, але Яго слова, Евангелле, здаецца ім несучасным.


Некаторыя мяркуюць, што калі б Езус сёння хадзіў па зямлі, Ён казаў бы зусім па-іншаму, бо іншыя цяпер умовы жыцця, іншыя рэаліі. І я з гэтым цалкам згодны. Давайце хаця б крыху паразважаем, як бы гэта магло адбывацца. Можа так?

Езус ужо не размаўляе толькі з тымі, хто пацярпеў ад зло­дзеяў, але гутарыць з прадпры­мальнікамі пра падаткі. Ён не абмяжоўваецца напамінам пра загану чужаложства, але кажа пра парнаграфію і разбэшчванне малалетніх і заахвочвае падзяліцца не вопраткай, але сваім часам з уласнай жонкай, мужам, дзіцем, унукам.

Змяняецца таксама форма выказванняў. Ужо няма мовы пра сейбіта, бо яго замянілі сеялкі. Замест словаў пра вінаград і смакоўніцу Ён для нас, беларусаў, кажа пра яблыкі і бульбу.

Але не змяняецца сутнасць Евангелля! Езус і надалей благаслаўляе дзяцей; і надалей з любоўю і надзеяй глядзіць на тых, хто не можа вызваліцца ад таго, што іх знявольвае; і надалей гаворыць пра Айца, які чакае, каб сказаць, што ўсё прабачае.

Менавіта так Езус і робіць. Сёння Ён кажа пра актуальныя для нас праблемы і прапаноўвае актуальныя, дзейсныя вырашэнні. Ён не толькі чуе плач, крык аб паратунку са старонак Евангелля. Ён адчувае трывогу, безвыходнасць і стомленасць, якія сталіся эпідэміяй сэрцаў сучасных людзей.

Праз гамілію, якую мы чуем пасля Евангелля, Езус спрабуе прамовіць да нас, сучасных людзей, так, каб мы Яго зразумелі. Словы, якія мы чуем у Евангеллі, не заўсёды здаюцца нам зразумелымі альбо рэальнымі для выканання. Менавіта таму яны патрабуюць тлумачэння, «перакладу» на нашу звычайную мову штодзённасці. Дзеля гэтай паслугі Бог выбірае святара, які звычайна жыве ў адным з намі асяроддзі, бачыць усё тое, што мы бачым, і мае такое ж, як мы, сэрца. Заданнем святара ў гэты момант з’яўляецца паказаць, што Бог і надалей блізкі нам у нашых патрэбах, а Яго слова — гэта не загад, незахаванне якога непазбежна прывядзе да пакарання, але запрашэнне да выбару паміж хрысціянскай дарогай у жыцці і кірункам у тупік. Мэта прапаведавання ў тым, каб чалавек пачуў не толькі чалавечае слова, але каб адчуў любоў Бога, якая запрашае яго адкрыць сваё сэрца, каб яно сталася месцам дзеяння Збаўцы. Бо Евангелле — Добрая Навіна — абвяшчаецца не для таго, каб мы толькі захапляліся тым, што Бог учыніў для іншых, але каб мы разам з Ім зрабілі ўсё неабходнае для зменаў у жыцці, сваім і нашых бліжніх да лепшага.


Ксёндз Уладзімір Русак

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней