Перад люстэркам Божай міласэрнасці — рахунак сумлення

На працягу ўсяго жыцця ахрышчаны адчувае ўнутры сябе пэўную слабасць, усведамляючы, што носіць скарб веры і камуніі з Богам у глінянай пасудзіне (гл. 2 Кар 4,7). Камусьці можа падацца дзіўным, аднак гэта праўда, што чым больш мы набліжаемся да Бога, тым больш успрымаем сябе кволым начыннем, якому пастаянна патрэбная моц Божай ласкі. Мы прабываем у Хрысце і ведаем праўду, аднак не заўсёды дапасоўваем сваё жыццё да пазнанай веры і праўды і час ад часу здзіўляемся самі сабе.


Гэта нагадвае сітуацыю чалавека перад люстэркам, калі ён заўважае, што яго бачанне сябе не адпавядае рэчаіснасці. Якое ж люстэрка выкарыстаць, калі гаворка ідзе пра духоўнасць, маральнасць і наогул хрысціянскае жыццё? Адказаць не складана: люстэрка — гэта сам Езус Хрыстус. Углядацца ў Яго, нібы ў люстэрка, мы можам на працягу ўсяго жыцця. Асаблівы вобраз самога сябе можна ўбачыць у святле Божага слова, таму Касцёл і заахвочвае да слухання (чытання) словаў Хрыста, якія ёсць крыніцаю вечнага жыцця (гл. Ян 5,24).

Рахунак сумлення як малітва

Кожны, хто ходзіць да спове­дзі, ведае, што падчас падрыхтоўкі да сустрэчы з міласэрнасцю Бога ў сакрамэнце прабачэння неабходна зрабіць рахунак сумлення, які катэхізіс называе першаю ўмоваю добрай споведзі. Ведаем таксама, што ад гэтага пункту падрыхтоўкі вельмі шмат залежыць. Добры рахунак сумлення дапамагае адкрыцца на дзеянне Божай ласкі. Калі хтосьці робіць рахунак павярхоўна, то можна сказаць, што ён стаіць на месцы або нават рэгрэсіруе. Для таго каб дакладней разгле­дзець сутнасць першай умовы добрай споведзі, неабходна падкрэс­ліць, што нельга ўспрымаць рахунак сумлення толькі як фармальную падрыхтоўку да сакрамэнту пакаяння. Даследаванне ці аналіз уласнага сумлення з’яўляецца часткаю сустрэчы з міласэрным Збаўцам і інтэгральна спалучаецца з таямніцаю сакрамэнту. Такім чынам, рахунак сумлення далёка не матэматычны падлік цяжкіх і лёгкіх грахоў ці недасканаласцяў, а форма малітоўнай сустрэчы ў святле Божай праўды пад кіраўніцтвам Святога Духа. Памыляецца той, хто трактуе рахунак сумлення як разлік слугі і пана, які прывёў яго ў суд. Гэта дыялог, у якім вернік імкнецца ўбачыць любоў Бога да сябе і сваю любоў да Бога, а таксама ўласнае дзяленне любоўю з іншымі.

Захапленне Божай любоўю

Дзеля добрага рахунку сумлення неабходна стаць у прысутнасці Бога і прасіць аб ласцы ўбачыць сябе ў Божай праўдзе ва ўсіх вымярэннях жыцця. Рыхтуючыся да споведзі, мы можам найперш адчуць веліч і бязмежнасць любові Бога, незалежна ад нашых грахоў. Ад захаплення любоўю і шчодрасцю Божых дароў ідзе прамая дарога да разважання над адказам на дары Бога. Падчас рахунку сумлення варта паўтараць словы святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка: «Божа, які Ты добры! Божа, які Ты вялікі!» Хоць узгаданае вызнанне не датычыла споведзі, але яно прыгожа адпавядае менавіта гэтай рэчаіснасці. У святле любові Бога, які не асуджае грэшніка, але прагне прабачыць і паяднаць яго з сабою, стараемся глядзець на сваё жыццё: думкі, словы, учынкі і занядбанні. У рахунку сумлення пажадана спачатку звярнуць увагу на ўчыненае намі дабро і праславіць за яго Бога. Пасля захаплення Божай дабрынёю і падзякі пераходзім да сваіх грэшных учынкаў. Часам усведамленне нядобрых паво­дзінаў суправаджаецца болем і нават слязьмі, што дапамагае вызваленню і аздараўленню моцаю Божай любові. Грэх аслабляе чалавека і часам робіць немагчымым уласнае бачанне праўды, што ў сваю чаргу можа прывесці да закамянеласці сэрца, таму менавіта кантэмпляцыя Божай міласэрнасці дапамагае адкрывацца на Яго дзеянне. Узгаданыя вышэй словы кардынала Казіміра Свёнтка, які перанёс шмат выпрабаванняў, могуць дапамагчы ў падрыхтоўцы да споведзі ў розныя складаныя моманты жыцця.

Неабходнасць шчырасці

Бог глядзіць на нас позіркам міласэрнасці і прагне прабачыць, таму чакае ад нас поўнай шчырасці. Зрэшты, нескладана ўсвядоміць, што для Бога ўсё адкрыта — ён бачыць чалавека наскрозь. Недастаткова ўбачыць свае грахі ў яркім святле праўды, неабходна прызнаць іх, сказаць: гэта я зрабіў, гэта мае грахі. Такое прызнанне вынікае з усведамлення, што чалавек не хоча апраўдваць свой грэх, бо ведае, што Бог даў яму столькі ласкі, каб ён мог не грашыць. Тут трэба прызнаць згоду волі і рашэнне здзейсніць грэх, а часам і жаданне трываць у ім. Маральная вартасць чыну залежыць ад шматлікіх акалічнасцяў, у першую чаргу — ад ступені свядомасці і свабоды. Чалавек не стане на дарогу праўдзівага і шчырага пакаяння, пакуль не ўбачыць і не прызнае, што ягоны грэх супраціўляецца маральнай норме ў яго нутры — сумленні. Трэба цвёрда сказаць ужо падчас рахунку сумлення: я здзейсніў грэх, я зграшыў. Недастаткова сказаць агульна: маўляў, ёсць грахі, ці «здарылася зграшыць» (гл. Ян Павел ІІ, Reconciliatio et paenitentia, 31). Калі хтосьці спрабуе апраўдаць сябе, скі­нуць адказнасць за свой грэх на абставіны, іншых людзей або наогул не прызнаецца ў граху, ён ставіць бар’ер Божай ласцы і сам пазбаўляе сябе яе пладоў.

Убачыць сябе ў Божым слове

Рахунак сумлення павінен ахоп­ліваць прынамсі тры віды адносінаў: да Бога, да бліжніх і да сябе, таму перад споведдзю трэба прааналізаваць менавіта гэтыя вымярэнні свайго жыцця. Каб рахунак сумлення прынёс плён і стаў малітваю, трэба найперш глядзець на Езуса і Яго адносіны да Бога, людзей і сябе. Хто дакладней ведае Святое Пісанне, няхай звернецца да тых старонак і тэкстаў, якія кажуць пра гэта. Астатнія могуць у думках узгадаць падзеі і прыклады з жыцця Хрыста. Такім чынам мы пачынаем разважаць пра Яго любоў да Айца, трыванне ў Айцу, малітву, служэнне, адданасць, вернасць. Гледзячы на Хрыста, мы можам убачыць, што адбываецца з намі: як я малюся, як люблю, колькі ў мяне вернасці, як служу і гэтак далей. Падобным чынам можам прааналізаваць нашы адносіны да бліжніх. Такім чынам мы лепш бачым Езуса, Яго наказ любові, пацверджаны Яго Ахвяраю. Нібы ў люстэрку, мы ўсвядомім сваю недасканаласць, недахопы і грэх. Як прыклад можа паслужыць і гімн пра любоў (гл. 1 Кар 13), дзе замест слова «любоў» мы ставім сябе: я не гневаюся?, я не ганаруся?.. Падобным чынам можна маліцца тэкстам васьмі благаслаўленняў (гл. Мц 5, 1–12): я ўбогі духам, ціхі, чысты сэрцам?.. Урэшце глядзім на адносіны Езуса да самога сябе: Хрыстус ведае праўду пра сябе, дбае пра сваю чалавечую годнасць, з радасцю прымае і развівае ўсё, чым надзяліў Яго Айцец. Сын Божы быў паслухмяны сваім бацькам, Ён рупліва працаваў, радаваўся і перажываў сум, удзельнічаў у святкаваннях, адпачываў...

Прыняць дапамогу

Хтосьці, чытаючы гэты артыкул, можа падумаць, што рахунак сумлення і споведзь — гэта складаная рэч. Аднак вернікі, якія часта карыстаюцца сакрамэнтам паяднання, засведчаць, што, як духоўнае жыццё не з’яўляецца статычным і фарміруецца ў залежнасці ад супрацоўніцтва чалавека з Божаю ласкаю, таксама і сустрэча з міласэрным Езусам у споведзі патрабуе намаганняў і часу. Сучасныя католікі знойдуць у малітоўніках ці інтэрнэце шмат гатовых узораў рахунку сумлення, якімі варта карыстацца. Асабліва карыснымі яны стануць для тых, хто спавядаецца рэдка. Вядома ж, правядзенне добрага рахунку сумлення патрабуе часу, аднак варта даўжэй пастаяць перад люстэркам Божай міласэрнасці і як найлепш падрыхтавацца да сустрэчы з найвялікшай Любоўю. Апрача рахунку сумлення паводле малітоўніка, дапамогаю можа стаць другі чалавек, які здольны паказаць бліжняму яго ўчынкі. Гэта патрабуе ўзаемнай любові, адпаведнай сталасці і ўзаемнай пашаны. Добра, калі, напрыклад, сям’я, нарачоныя ці сябры разам рыхтуюцца і прыступаюць да споведзі: тады лягчэй трываць перад Богам і пазнаваць стан сваёй душы пад натхненнем Духа Святога. Карыснаю дапамогаю будуць і пакаяльныя набажэнствы, якія арганізуюцца ў парафіях і супольнасцях, спалучаныя са споведдзю.

Без добрага рахунку сумлення складана прайсці праз наступныя ўмовы добрай споведзі: не ўзбудзіцца жаль, не з’явіцца пастанова выправіцца, а вызнанне грахоў не будзе поўным, ды і сама споведзь можа стаць несапраўднаю.

Наступным разам паспрабуем паказаць асноўныя памылкі ў рахунку сумлення, а таксама разабрацца ў тым, як вызна­чыць маральную вартасць чыну і адрозніць лёгкі грэх ад цяжкага.

Заахвочваю чытачоў рабіць рахунак сумлення
не толькі перад споведдзю, але штодня,
у чым могуць дапамагчы пяць крокаў
паводле святога Ігнацыя Лаёлы.


Айцец Аркадзь Куляха OCD

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней