«Малы шлях», які вядзе да вялікай любові

У 1991 г. епіскапат Францыі афіцыйна выступіў з прапановаю аб наданні святой Тэрэзе ад Дзіцяткі Езуса тытула доктара Касцёла. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас побыту ў Парыжы на ХІІ Сусветным дні моладзі аб’явіў, што 19 кастрычніка 1997 г. у місійную нядзелю ён абвесціць святую Тэрэзу доктарам Касцёла. Так і сталася. Дзякуючы гэтаму акту святая кармэлітка клаўзуровая, якая жыла ў канцы ХІХ ст., стала для нас правадніцаю праз цяжкасці канца ХХ стагоддзя і настаўніцаю ў веры.


Запытаем самі ў сябе: чаму мы можам навучыца ў сціплай манашкі кармэліткі? Ці можна людзям нашага часу прапанаваць мадэль святасці сястры, якая ўсё сваё манаскае жыццё правяла ў кляштарных мурах? Адказам будзе жыццё святой і яе духоўны «малы шлях», які вучыць нас, як рэалізаваць і здабываць святасць у штодзённасці. Не кожны з нас здольны на вялікія гераічныя ўчынкі і ахвяры, якія сведчаць аб веры. Святая Тэрэза вучыць, як дасягнуць святасці ў штодзённым жыцці.

Тэрэза Мартэн прыйшла ў свет у Алансоне ў 1873 годзе. Памерла ад сухотаў 30 верасня 1897 г. у кармэліцкім кляштары ў Лізьё, куды ўступіла ва ўзросце 15 гадоў. Паслухмяная настаяцельніцы, па яе даручэнні Тэрэза піша свае «Успаміны з дзяцінства», затым «Разважанні на тэму манаскага жыцця». Калі гэтыя рукапісы былі апублікаваныя пад загалоўкам «Гісторыя адной душы» ў 1898 г., праз год пасля смерці Тэрэзы, усе ўбачылі глыбіню і хараство душы маладой манашкі, вялікія вартасці яе характару і пазналі таямніцу яе духоўнага жыцця з Богам.

Папа Пій Х у 1914 г. назваў святую Тэрэзу «найбольшаю святою сучаснасці». Яна была кананізаваная ў 1925 г., а ў працэсуальных актах зафіксавана больш за 4 тысячы цудаў, якім прыпісваецца яе заступніцтва. Аўтабіяграфія святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса распаўсюджвалася з маланкаваю хуткасцю і была перакладзеная на 60 моваў. Яе постаццю і працамі цікавяцца  тэолагі і людзі культуры, зачараваныя яе асобаю. Святую Тэрэзу ўшаноўваюць таксама пратэстанты і нават арабскі свет. Такой папулярнасцю карыстаўся толькі святы Францішак Асізскі.

Гісторыя святой Тэрэзы з Лізьё — гэта часткова гісторыя вялікай сям’і, у якой яна адкрыла і развівала сваё манаскае пакліканне. Сям’і, дзе бацькі жывуць для дзяцей і з’яўляюцца знакам веры і любові да Бога. Некаторыя з дзевяці дзяцей памерлі яшчэ ў маленстве. Уся сям’я перажывала сваё жыццё як шлях да неба. Тыя, хто памёр раней і пайшоў да Бога, сталі пасрэднікамі і праваднікамі для тых, хто яшчэ знаходзіўся на гэтым шляху. Хто заставаўся на зямлі, дбаў пра тое, каб ніколі не сысці з дарогі, якая вядзе да Бога. Св. Тэрэза назвала гэта «жыццём на святой зямлі».

Мы ўвесь час пытаем сябе, па якой прычыне ўзнікла гэтая «бура славы», як выказаўся папа Пій ХІ пра простую дзяўчыну, якая жыла толькі 24 гады і з іх 9 правяла ў клаўзуры. Адказ знаходзім у духоўных перакананнях Тэрэзы, якія сама святая называла «малым шляхам духоўнага дзяцінства».

Калі мы заглыбімся ў чытанне твораў святой Тэрэзы, нас агорне чароўная прастата, з якой яна прымала Бога і перажывала з Ім свае сустрэчы. Яна не прасіла надзвычайных ласкаў, не жадала, каб Бог вёў яе па шляху святасці выключным чынам, а прытулялася душою да Бога ў спантанным парыве і патрэбе сэрца, ахвяруючы Яму сваё жыццё, штодзённасць з усімі невыгодамі, цярпеннямі і радасцямі.

Аказваецца, нялёгка перажываць штодзённасць без унутранага бунту і супраціўлення. Аказваецца, нават у кляштары можна сустрэцца з праявамі эгаізму, абыякавасці і ганарлівасці. Малая Тэрэзка — як яе паўсюль называюць — не расчаравалася, бо ведала, што любоў кіруецца сваімі законамі, не патрабуе вялікіх незвычайных учынкаў, а імкнецца да таго, каб чалавечае сэрца было напоўнена любоўю Езуса і білася ў рытме Яго сэрца. Св. Тэрэза цаніла кожную перажытую хвіліну з яе радасцямі і смуткам, прыносячы ўсё гэта Богу ў ахвяру.

Уся мудрасць святой Тэрэзы грунтавалася на адкрыцці ўласнай слабасці. На гэтым яна пабудавала свой «малы шлях». Бог паказвае яго «нязначнасць» як прывілей і адначасова адкрывае перад ёю логіку сваёй міласэрнасці. Найперш св. Тэрэза распазнала сваю мізэрнасць — прыйшла да пераканання, што без Божай дапамогі яна нічога не дасягне. «Я шчаслівая ад таго, што з’яўляюся малою і слабою», — пісала святая. Такія словы незразумелыя ў сённяшнім свеце амбіцый, незалежнасці, дамінавання над іншымі і поспеху. Ніхто не хоча быць малым, невядомым, спіхнутым гісторыяй на ўзбочыну жыцця, адсунутым у кут... Тэрэза вельмі добра ўсведамляла, што найцяжэй пагадзіцца са сваім убоствам і мізэрнасцю, і дадавала: «убоствам і мізэрнасцю ажно да смерці». Яна бачыла, што Бог у малым і нязначным заключыў вялізную моц. Менавіта мізэрным, а не адукаваным і ганарлівым разумнікам Ён давярае свае таямніцы!

Святая з Лізьё адкрыла небасхіл міласэрнасці. І такую пячатку міласэрнасці носіць яе малы шлях: перш за ўсё слабы, недасканалы, грэшны чалавек мае права быць блізка да Пана. Тэрэза прагнула ўсё сваё жыццё зрабіць малым. Яна не мела, як сама казала, «спрыту» да вялікіх цнотаў і выбірала гэтыя нязначныя даброты. Дзяўчына любіла пакрыёма складаць сёстрам плашчы пасля начной малітвы, калі тыя спяшаліся спаць. Любіла малыя самаўтаймаванні, бо лічыла, што на большыя не здольная. Тэрэза зразумела, што шчасце заключаецца ва ўкрыцці. Яна ціха змагалася за безнадзейныя справы, за збаўленне злачынцы Пранцыні, які быў асуджаны на смерць за трайное забойства. І сапраўды, перад экзекуцыяй ён пацалаваў крыж. Святой Тэрэзе было гэтага дастаткова як знаку, што Бог яе выслухаў.

Тэрэза адкрыла прастату сэрца. Быў час, калі яна шукала адказу на пытанне аб тым, што з’яўляецца яе пакліканнем. Урэшце, пасля чытання словаў святога Паўла пра дары ў Касцёле, яна ўсвядоміла, што хоча быць не проста рукою ці нагою, а ўсім гэтым адначасова. Яна адкрыла сэрца Касцёла як таемнае і самае вартае месца, якое «палае любоўю», і толькі любоў абуджае яго да жыцця. Тэрэза ведала толькі адзін спосаб любові: кіданне кветак да трону свайго Валадара. Гэтымі кветкамі з’яўляліся ўсе малыя выпадкі, позіркі, словы, нязначныя жэсты, напоўненыя любоўю. Яна верыла, што найменшая праява чыстай любові — большая, чым усе іншыя справы, разам узятыя.

Малая Тэрэзка ніколі не жадала стаць вялікаю дзякуючы ўласным заслугам. Бог даў ёй шчаслівае дзяцінства. Сям’я была для яе Касцёлам, а Касцёл — сям’ёю. Дзяўчына адчувала сябе моцна агорнутай бясконцаю Божаю міласэрнасцю, якая схіляецца да малых і слабых. І гэта давала ёй упэўненасць, што Бог апякуецца кожным чалавекам так, нібы толькі ён адзін існуе ў свеце. Яе дзяцінства было пагружанае ў Божую міласэрнасць. Яна адчувала, што для яе ёсць толькі адзін спосаб дасягнення святасці: яна павінна станавіцца ўсё мізэрнейшаю, цалкам даручаць сябе Божай міласэрнасці, падобна да дзяцей, якія не шукаюць ні заслугаў, ні выгады, а спантанна імкнуцца адказваць на любоў, якою іх атулілі, і робяць не вельмі значныя і, на першы позірк, малаважныя рэчы. У маі 1897 г. яна пісала: «Мне здаецца, што жыць у дасканаласці лёгка: дастаткова ўсведамляць уласную мізэрнасць і, як дзіця, аддацца ў абдымкі добрага Айца. Такая пазіцыя падмацоўваецца ў Евангеллі: я шукала ў святых кнігах тлумачэння гэтага „ліфта“, прадмета маіх імкненняў, і прачытала словы, якія выйшлі з вуснаў Спрадвечнай Мудрасці: „Хто просты, няхай прыйдзе сюды“ (Прып 9, 4). Такім чынам, я знайшла тое, чаго шукала. „Ліфт“, які занясе мяне да неба, — гэта Твае рукі, о Езу» (рукапіс С).

Святая Тэрэза з Лізьё была абраная апякункаю каталіцкіх місій (1927), апякункаю Расіі (1932) і патронкаю Францыі. З 1997 г. яна абвешчана таксама доктарам Касцёла.

У адной з апошніх размоваў св. Тэрэза прызналася: «Адчуваю, што мая місія яшчэ толькі пачынаецца. Мэта гэтай місіі — вучыць людзей любіць Бога так, як я Яго люблю, і вучыць душы майму „малому шляху“. Калі мае прагненні будуць выслуханыя, неба спусціцца на зямлю. Я не спачну ажно да канца свету, пакуль душам патрэбна будзе збаўленне. Я не паміраю, а ўваходжу ў жыццё».

Айцец Міраслаў Ярэмчук.

Пераклала з польскай мовы
Ганна Шаўчэнка.

Паводле: http://parafiapruszcz.x.pl

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней