Паданні кажуць, што маці святога Дамініка, благаслаўлёная Ёанна, калі была цяжарная, мела прарочы сон: яна ўбачыла сабаку, які трымаў у зубах паходню і бег па ўсім свеце, распальваючы ў ім агонь. Гэты сон павінен быў значыць, што дзіця, якое мелася нарадзіцца, будзе запальваць на зямлі агонь Божай любові.
Гэты агонь павінен быў таксама сімвалізаваць святло праўды, якое разыходзіцца па ўсім свеце праз прапаведнікаў Евангелля ў духу навучання святога Грыгорыя Вялікага, які зрабіў адным з хрысціянскіх сімвалаў вобраз сабакі — прапаведніка пры Боскім Пастыры Хрысце. Сабака з паходняю ў зубах стаў таксама сімвалам ордэну дамініканаў, лацінская назва якога — Domini canes — перакладаецца як «Божыя сабакі».
Пра жыццё святога мы ведаем з біяграфіі, напісанай адным з яго першых паслядоўнікаў — Ярданам Саксонскім. Ён апісвае, што аднойчы, падчас дыпламатычнага падарожжа ў Данію праз Паўднёвую Францыю, Дамінік усю ноч правёў у дыскусіі з адным з ерэтыкоў-катараў, спрабуючы пераканаць яго вярнуцца да каталіцкай веры. Пасля таго, як гэты чалавек выракся ерасі, у Дамініку пачала ўзрастаць думка стаць вандроўным тэолагам-прапаведнікам. Такім чынам, два элементы веры павінны былі стаць падмуркам новай манаскай супольнасці: апостальства ва ўбостве, посце, самаўтаймаванні і вандроўнае прапаведаванне ад вёскі да вёскі, ад горада да горада, каб не чакаць людзей, якія шукаюць Бога, а знаходзіць іх самім. Вяртаючыся з Даніі, Дамінік застаўся ў Паўднёвай Францыі, каб прысвяціць сябе прапаведаванню і змаганню з ерассю катараў.
У 1206 годзе ўзнікла першая дамініканская супольнасць: у французскім мястэчку Пруйль, недалёка ад Фанжо, быў заснаваны першы кляштар дамініканскіх манашак. Ордэн нарадзіўся ў складаныя для Касцёла часы і ў тым месцы, дзе асабліва адчуваўся крызіс Касцёла. У Еўропе множыліся ерасі, паўднёвая Францыя была галоўным месцам дзейнасці секты катараў — там гэты рух квітнеў, далучаючы прадстаўнікоў усіх саслоўяў. Мужчыны катары найчасцей вандравалі, прапаведуючы сваё вучэнне, а жанчыны жылі вялікімі супольнасцямі ў дамах, якія фундавала мясцовая арыстакратыя. І першымі манашкамі дамініканкамі сталі менавіта катаркі, якіх святы Дамінік навярнуў у каталіцтва.
Кляштар святой Марыі ў Пруйлі стаў альтэрнатываю для жанчын, якія жадалі вярнуцца ў Каталіцкі Касцёл, але выраслі ў катарскіх сем’ях і таму надавалі вялікае значэнне аскетычнасці жыцця, пакуце і малітве, чаго бракавала Касцёлу, які перажываў вялікі крызіс. Прыклад любові, веры і аскетычнага жыцця святога Дамініка прывёў іх да навяртання. Дамінік, адораны вялікім духам апостальства, стаў іх духоўным айцом і кіраўніком. Магчыма, сутнасць дамініканскага ордэну і яго яснае бачанне нарадзіліся ў святым Дамініку менавіта пасля навяртання катарскіх жанчын. Ён пажадаў, каб у месцы духоўнай згубы ўзнікла супольнасць, якая несла б святло праўды і стала знакам жывой прысутнасці Хрыста. Дамініканскія манашкі занялі асаблівае месца ў евангелізацыйным служэнні. Ведаючы, што плённасць абвяшчэння Евангелля цесна звязаная з малітваю, Дамінік далучыў манашак з заснаванай ім супольнасці да сваёй справы прапаведавання праз іх заступніцкую малітву. (Цяпер на тэрыторыі Беларусі, на жаль, няма кляштара дамініканскіх манашак, але некалькі сясцёр беларусак жывуць у кляштары ў Дрохедзе, у Ірландыі.)
З цягам часу вакол Дамініка пачалі збірацца паслядоўнікі і ў Тулузе ўзнікла першая супольнасць з шасці братоў. У 1215 годзе падчас IV Латэранскага Сабору Дамінік выправіўся ў Рым з просьбаю да папы Інацэнта ІІІ зацвердзіць Статут новага манаскага ордэну.
Паданні кажуць, што папа Інацэнт ІІІ прысніў, што па сценах касцёла святога Яна на Латэранскім пагорку пайшлі расколы, і касцёл вось-вось мог абрушыцца, але падбег Дамінік і рукамі ўтрымаў будынак. Пад уплывам гэтага сну Папа вырашыў зацвердзіць новы ордэн, абаперты на рэгулу святога Аўгустына, выбраную Дамінікам.
Датай узнікнення ордэну лічыцца 22 снежня 1216 года, калі было афіцыйна зацверджанае яго існаванне, а 21 студзеня 1217 года булаю Religiosam vitam наступнага Папы, Ганорыя ІІІ, была абвешчаная навізна канцэпцыі, прапанаванай святым Дамінікам, і заснаваную ім супольнасць назвалі Ордэнам Прапаведнікаў (Ordo Praedicatorum, OP).
Аднойчы падчас малітвы Дамінік убачыў святых апосталаў Пятра і Паўла. Пётр даў яму ласку быць вандроўным прапаведнікам, а Павел працягнуў Евангелле, сказаўшы: «Ідзі і абвяшчай, для гэтага ты быў пасланы». Пасля Дамінік убачыў сваіх братоў, якія па двое ідуць у свет, каб прапаведаваць. Пад уплывам гэтага відзежу, а таксама словаў з папскай булы пра тое, што ордэн пакліканы для таго, каб ва ўсім свеце абвяшчаць імя Хрыста, Дамінік паслаў сваіх братоў у свет, кажучы: «Пасеянае зерне дае плён, але калі яго збіраць у адным месцы, пачынае гніць». 15 жніўня 1217 года святы Дамінік выслаў у свет з Пруйля першых братоў прапаведнікаў. Іх было мала, і таму браты разыходзіліся па свеце без надзеі на далейшыя сустрэчы, задаючы сабе пытанне: «Што мы будзем рабіць у Парыжы, Балоньі і Рыме?». У адказ яны пачулі: «Абвяшчаць слова Божае, вучыцца і засноўваць кляштары».
Дамінік памёр у 1221 годзе ў Балоньі, дзе і цяпер знаходзяцца яго парэшткі. Ён быў кананізаваны ў 1234 годзе папам Грыгорыем ІХ.
Святы Дамінік лічыў, што слова Божае неабходна абвяшчаць усім сабою, што пацвярджае і дэвіз ордэну, які фармулюе сутнасць дамініканскай духоўнасці: contemplata aliis tradere, што значыць вучыць іншых таму, у чым ты сам укаранёны з дапамогаю кантэпляцыі. Коранем дамініканскай духоўнасці з’яўляецца ўсведамленне таго, што абвяшчэнне Евангелля і развіццё Касцёла не ёсць самамэтаю. Павага да чалавека, спачуванне да яго духоўных бедаў і клопат пра яго збаўленне — найбольш характэрныя рысы апостальства. Асаблівае месца ў дамініканскай духоўнасці займаюць навука і навучанне ў духу праўды. Шукаць яе — адна з галоўных задачаў дамініканіна, і гэта павінна весці яго да канкрэтнай мэты. Першая канстытуцыя ордэну кажа: «Нашае навучанне перадусім і з усёю палкасцю павінна служыць таму, каб мы маглі прынесці карысць душам бліжніх». Апроч таго, у супольнасці, якая называецца Ордэнам прапаведнікаў Божага слова, абвяшчэнне словам зусім не лічыцца першаснай задачай — канстытуцыі ордэну парадаксальна ставяць гэта на апошняе месца: «Сярод элементаў, з якіх складаецца жыццё дамініканаў, найважнейшым з’яўляецца жыццё ў супольнасці, цэлебраванне літургіі і асабістая малітва, выкананне манаскіх шлюбаў, нястомнае паглыбленне праўды і апостальскае служэнне».
Дамінікане — адна з першых каталіцкіх манаскіх супольнасцяў, якая з’явілася на Беларусі і вяла на нашых землях актыўную дзейнасць. Цяпер на Беларусі браты прапаведнікі служаць у Віцебску і Магілёве.
А. Крыштаф Коц'ян ОР, Віцебск
Фота Валянціны Аўсянікавай
Дамініканскі ордэн праславіўся мноствам святых і благаслаўлёных, настаўнікаў Касцёла. Сярод іх папа Пій V, які распачаў рэформу Трыдэнцкага Сабору; тэолагі, філосафы і містыкі святы Альберт Вялікі, святы Тамаш Аквінскі, святы Вінцэнт Ферэр, благаслаўлёны мастак Фра Анжэліко. Благаслаўлёны Барталамей дэ лас Касас стаў вядомы сваёю грамадскаю дзейнасцю, змагаючыся за правы індзейцаў падчас іспанскай каланізацыі Паўднёвай Амерыкі; грамадскаю антыфашысцкаю дзейнасцю займаўся ў Італіі благаслаўлёны П’ер Джорджо Фрасаці, дамініканскі тэрцыяр. Тэрцыяркаю была таксама святая Кацярына Сіенская, тэолаг і містык, адна з чатырох настаўніц Касцёла, якая спрыяла вяртанню Святога Пасаду з Авіньёнскага выгнання ў Рым.
Лічыцца, што трэцяя галіна дамініканскага ордэну, дамініканскія тэрцыяры, таксама пачала існаваць з часоў святога Дамініка, уключыўшы ў сябе свецкіх людзей, цесна звязаных з Ордэнам прапаведнікаў і яго апостальскай місіяй: праз малітву, навучанне і прапаведаванне, адпаведна свайму свецкаму стану. Аднак уласны Статут і прававы статус яны атрымалі пазней: у 1285 годзе, пры сёмым генерале дамініканскага ордэну Муньё дэ Самора. Цяпер трэцяя галіна Ордэну Прапаведнікаў існуе ў многіх краінах свету. Найбольшае развіццё яна атрымала ў В’етнаме, дзе да Трэцяга дамініканскага ордэну належаць больш за 100 000 братоў і сясцёр. Супольнасці — фратэрні — свецкіх дамініканаў звычайна існуюць пры кляштарах братоў дамініканаў або дамініканскіх манашак. На Беларусі фратэрня Святой Тройцы свецкіх дамініканаў дзейнічае пры кляштары благаслаўлёнага Міхала Чартарыйскага ў Віцебску.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле дамініканскіх інфармацыйных крыніцаў
Надрукавана ў часопісе «Наша вера», № 2, 2015 г.