Як піша слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, «Найсвяцейшая Панна Марыя як жонка вучыць сумленнасці і парадку, любові і чыстасці. Гэта з’яўляецца колам сямейных абавязкаў, у падмурку якіх — Божая любоў»1 (RM 70/71).
«Пра сямейнае жыццё Марыі, як і пра іншыя акалічнасці, звязаныя з Яе асобаю, не шмат напісана ў Евангеллі. [Аднак] з тых нямногіх словаў, якія адносяцца да Яе, у думках, а больш выразна ў нашых сэрцах, паўстае вобраз Дзевы ціхай, <…> якая занята духоўнымі справамі і цярпліва пераносіць цяжары абавязкаў паўсядзённых або выпадковых (напрыклад, розных падарожжаў), да ўсіх лагодная і ветлівая. Узгадаем евангельскі аповед… [і заўважым], што агульныя рысы Яе аблічча адпавядаюць рэчаіснасці, і гэта не падлягае сумненням. Марыя была дасканалаю ва ўсім, і няма патрэбы скардзіцца на тое, што мы так мала ведаем пра Яе, бо тое, што захавана, заўсёды дае ўсім незмяняльнае сведчанне аб Яе святасці, якое пераўзыходзіць усялякае разуменне».
«Найбольш выразна ў Евангеллі апісана ціхая пакорнасць Найсвяцейшай Панны да Яе жаніха [святога Юзафа]. Яна бачыла ў ім таго, каму паабяцала любоў і хто сваёю цнатлівасцю сапраўды заслугоўваў яе, хто быў апекуном, дадзеным Богам Ёй і Яе Боскаму Дзіцяці, і як такі з’яўляўся галавою Найсвяцейшай Сям’і. Магчыма, гэта ядналася з прыхільнасцю да яго як да старэйшага сваяка. На падставе пэўных гістарыялагічных камбінацый некаторыя аўтары называюць святога Юзафа сваяком Марыі са старэйшага пакалення (дзядзькам, хоць і не родным). Паводле традыцыі, святы Юзаф памёр у абдымках Пана Езуса і Найсвяцейшай Панны, якая да апошняй хвіліны яго жыцця была яму суцяшэннем і дапамогаю» (RM 71).
«Марыя ўносіла ва ўсё, што рабіла ці перажывала, тую Божую любоў, якою палала Яе найчысцейшае Сэрца. У святле гэтай любові квітнелі ў сваёй неўвядальнай белі чыстасць… ціхасць і лагода ў адносінах з усімі блізкімі, цярпліваць без межаў у нястачах і цяжкасцях, руплівасць у выкананні штодзённых справаў і ўменне яднаць малітоўнае жыццё з дробязямі паўсядзённасці. Дзякуючы таму, што ў Яе жыцці валадарыла Божая любоў, Марыя дасканала выконвала кожны абавязак, які даручаў Ёй Бог, і Яе сужэнства не толькі не змяншала Яе святасць, але, наадварот, было крыніцаю новых заслугаў» (RM 73/74).
Маці Божая «малілася, дбала пра хатнюю гаспадарку,
з уласціваю Ёй клапатлівасцю была ўважліваю да ўсіх патрэбаў Пана Езуса,
з якімі магла справіцца; заўсёды ўглядалася ў Яго Сэрца, думкі і жаданні.
Калі толькі мела магчымасць, Яна была з Ім, размаўляла, с
лухала Яго, прасіла растлумачыць ці параіць;
Яна бязмежна шчаслівая, бо магла чэрпаць з паўнаты Яго мудрасці і святасці,
укладаючы ўсе свае турботы, працу, надзеі і жаданні ў Яго рукі» (RM 163).
Тое, што Яна канцэнтравала сваю ўвагу на Найсвяцейшай Сям’і, «не перашкаджала Ёй заставацца ў добразычлівых сяброўскіх адносінах з далёкімі сваякамі і з іншымі жыхарамі мястэчка ці ваколіцаў, як гэта бачна ў кароткіх евангельскіх згадках, якія, здаецца, дапускаюць існаванне такіх зносінаў (гл. Лк 2, 44; Мц 13, 55 і наст., Мк 6, 2 і наст.)» (RM 163) . Святы Лука і святы Ян апавядаюць, верагодна, пачутыя ад Найсвяцейшай Маці падзеі, якія добра паказваюць асабістыя адносіны паміж членамі Найсвяцейшай Сям’і, а таксама іх стаўленне да сваякоў і суседзяў (гл. Лк 1, 39–56; 2, 41–52; Ян 2, 1–11).
Марыя, якая сама цяжарная, ідзе да сваячкі, таксама цяжарнай, Альжбеты, каб тры месяцы служыць ёй2 (гл. RM 87–90, R 37). «У вельмі сціплым евангельскім апісанні нам пададзены прыклад поўнай цудоўнай пакоры і прастаты адданасці ў паслузе пажылой сваячкі (Лк 1, 1. 7) і паслужлівасці, так прыемнай Сэрцу Езуса (Ян 13, 1–15; Мц 25, 31–46)» (RM 88). Гэтая паслужлівасць аб’явілася таксама і тады, калі «Пан Езус і Найсвяцейшая Маці не толькі прысутнічалі на вяселлі, але і непасрэдна дапамагалі гасцям весяліцца з большаю свабодаю. Найсвяцейшая Панна звяртае ўвагу не проста на дробязь, але на такую малаважную рэч (гл. RM 315), як адсутнасць віна. Пан Езус не вагаецца выкарыстаць усю сваю Боскую усёмагутнасць, каб запоўніць гэтую нястачу» (RM 181; гл. RM 184). Цудоўна апісаны таксама іх асабістыя адносіны ў здарэнні, названым «Дванаццацігадовы Езус у святыні (Лк 2, 41–52)» (гл. R 60–65; RM 154–161).
Слуга Божы сцвярджае, што «Найсвяцейшая Панна Марыя глыбока захоўвала ў сэрцы ўсё і разважала над усім, што чыніў або казаў Пан Езус (гл. Лк 2, 51), усё, што здаралася ці гаварылася адносна Яго, словам, усё, што датычыла Пана Езуса (RM 174). Пра Маці Божую не сказана: „Захоўвала ў памяці“, але „ў сэрцы“. У сэрцы чалавек захоўвае тое, што яму дорага і што ў той ці іншай ступені ўплывае на яго паводзіны» (RM 174). Гэты шлях вядзе да духоўнай еднасці з Езусам: «Тое, што ў духоўным жыцці называецца яднаннем з Хрыстом, адначасова з’яўляецца ўмоваю святасці і яе вынікам ці, хутчэй, існасцю» (RM 163). «Па сутнасці быць святым — гэта значыць жыць з Богам, жыць жыццём, якім Бог хоча, каб мы жылі пад нязменным дзеяннем Яго ласкі» (RM 164).
Здаецца, гэта самае галоўнае пасланне Найсвяцейшай Панны Марыі як жонкі, маці, сваячкі і суседкі. Яно пераклікаецца з тым, да чаго заклікае папа Францішак у Пасланні на XXXII Сусветныя Дні моладзі, абвешчаным 27 лютага 2017 года.
«Сказана [піша Святы Айцец], што Марыя захоўвала ўсе гэтыя справы
і разважала над імі ў сваім сэрцы (гл. Лк 2, 19. 51).
Гэтая простая дзяўчына з Назарэта на ўласным прыкладзе
вучыць нас захоўваць у памяці жыццёвыя падзеі,
а таксама яднаць іх, аднаўляючы сувязь фрагментаў,
якія разам ствараюць мазаіку3. Як мы можам практыкавацца ў гэтым?
Я дам вам некалькі парадаў.
Напрыканцы кожнага дня мы можам засяродзіцца на некалькі хвілінаў, каб узгадаць тыя добрыя моманты, тыя выклікі, з якімі мы справіліся, і тое, што нам не ўдалося зрабіць. Такім чынам перад Богам і перад самімі сабою мы можам выказаць падзяку, скруху і давер, а калі захочаце, можна запісаць гэта ў сшытку і весці своеасаблівы духоўны дзённік. Гэта абумоўлівае малітву ў жыцці, праз жыццё і адносна жыцця. Гэта абавязкова дапаможа больш выразна бачыць вялікія рэчы, якія Пан чыніць для кожнага з вас». «Дбайце аб блізкіх і даверлівых адносінах з Божай Маці, дзелячы з Ёю вашыя радасці, неспакой і страх. Я запэўніваю вас, вы не пашкадуеце аб гэтым!»
Заахвочаныя прыкладам слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, які вельмі часта заканчваў свае разважанні вуснаю малітваю, словы якой ён чэрпаў са скарбніцы Касцёла (гл. RM 28; 53; 76 і наст.) ці з уласнага вопыту веры (гл. RM 293; 339 і наст.), молімся:
Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, выпрасі для мяне ў Бога ўменне наследаваць Найсвяцейшую Маці ў Яе вернасці пакліканню, заўважаць вялікія рэчы, якія Пан чыніць для мяне і для кожнага чалавека, каб і я, гэтак як Марыя, у сужэнстве, у адносінах з дзецьмі, сваякамі і суседзямі разам з Ёю аднаўляў свет у Езусе Хрысце. Амэн.
Падрыхтаваў
кс. Станіслаў Паўліна fDP
- Z. Łoziński, Rozważania Majowe dla duchowieństwa. — Poznań, 1927. Далей спасылкі на гэтую крыніцу падаюцца ў дужках.
- Z. Łoziński, Święty Różaniec. — Pińsk, 1931. Далей спасылкі на гэтую крыніцу падаюцца ў дужках.
- Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі параўноўвае асобныя падзеі чалавечага жыцця са «звеннямі замкнёнага ланцуга, кожнае з якіх можна лічыць або першым, або тым, якое знаходзіцца пасярэдзіне, або канцавым (RM 177).