Ружанцовыя імпрэсіі

Малітва на вуснах застыла.
Ружанец рука затрымала.
Да Бога душа ўзляцела
з пакутаў, мучэнняў ахвяры…


Гэта не паэтычны вобраз пра ружанец, які так моцна трымаў чалавек, што нават смерць не вырвала яго з рук. Чалавека спалілі жыўцом іншыя  людзі (як жа цяжка ў гэтым выпадку называць іх гэтым словам!). Ад чалавека засталіся адны косткі, а рука… ацалела. І ў пальцах — блакітнага колеру ружанец.

Гэта адбылося ў Росіцы, якая тады называлася Расіцай, у лютым 1943 года.

Той жудасны попел разграбалі праз некалькі дзён пасля росіцкай трагедыі дзве мужныя сястры эўхарысткі. Адна з іх, Ядвіга Віршута, і распавяла мне потым пра ружанец у руцэ спаленага чалавека.

Колькі ні згадваю гэтую гісторыю, не перастаю захапляцца духоўнай прыгажосцю і мужнасцю гэтых людзей. Тых, што знайшлі ў сабе сілы вярнуцца на месца трагедыі і разграбаць попел Росіцы — шукаць у ім парэшткі айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Тых, што да апошняга дыхання не выпусцілі з рук ружанца і маліліся на ім. Тых, што каналі ў агні нечалавечай нянавісці і пасылалі ўжо з вечнасці напамін нам, як трэба жыць, ве­рыць, паміраць… Мужныя і прыгожыя душой нашы папярэднікі.

Благаслаўлёныя мучанікі айцец Юрый Кашыра і айцец Антоній Ляшчэвіч

Ці пакінем мы пасля сябе гэткае ж мужнае пасланне-напамін сваім нашчадкам?

Падарунак з Лондана

Гэты ружанец трапіў да мяне зусім нечакана. Зрэшты, найбольш дарагія падарункі, мабыць, заўсёды бываюць нечаканыя. Ксёндз Сяргей Сурыновіч гасцяваў у Лондане, у беларускіх грэка-католікаў, якія цяпер апякуюцца беларускім духоўным і культурна-асветніцкім асяродкам, створаным калісьці нашымі айцамі марыянамі. Яму прапанавалі ўзяць на памяць ружанец з шуфляды айца Язэпа Германовіча. Як казаў мне потым ксёндз Сяргей, калі ён убачыў тыя некалькі ружанцаў, ён адразу чамусьці згадаў пра мяне, бо ведаў, што мне вельмі дорага ўсё, што тычыцца беларускіх марыянаў. А як згадаў, то й сказаў айцу Надсану, што можа ён будзе ласкавы даць яму не адзін, а два ружанцы: яму, ксяндзу Сяргею, і яшчэ аднаму чалавеку, гэта значыць, мне. Гэткім чынам трапіў да мяне гэты пацямнелы ад часу ружанец айца Язэпа Германовіча, вядомага таксама ў беларускай літаратуры пад псеўданімам паэта і пісьменніка Вінцука Адважнага. Таго самага Вінцука Адважнага, які пісаў у адным са сваіх вершаў:

…Калі ж то будзе,
 Божа дай,
наш вольны Край?

Айцец Язэп Германовіч. Над ягонай кнігай «Кітай — Сібір — Масква» ў свой час я душылася горкімі слязьмі, а з жартаўлівага тэксту «Як Казюк да споведзі збіраўся» сучасныя католікі і цяпер смяюцца ды адначасна бяруць тое-сёе карыснае для сябе.

Айцец Язэп Германовіч (Вінцук Адважны)

І вось нібы прывітанне ад айца Язэпа — ружанец… Ужо ў вечнасці той, хто калісьці маліўся на ім. А я, перабіраючы пацерынкі счарнелага ружанца, нібы чую дотык святара Язэпа Германовіча, нібы чую ягоны голас, які зліваецца з нашымі галасамі, калі мы на Імшы разам спяваем песню на словы айца Язэпа:

Дай, добры Божа, зару й сонца бачыць,
Тваёю ласкай захавай ад грэху;
К Табе ўздыхае маё сэрца, плачыць –
Дай ў Тваёй сіле мне знайсці пацеху!

Перабіраю счарнелыя пацерынкі і нібы размаўляю, размаўляю ў такія хвіліны не толькі з Матачкай Божай, але і з ім, айцом Язэпам…

Сон

Раней я чамусьці не думала, што за памерлых трэба маліцца і на ружанцы таксама. Імшу замовіць і ўдзельнічаць у ёй — так, «Анёл Панскі» штодня — так, малітвы ў лістападзе — так, а вось каб на ружанцы… Чамусьці не мела я такога натхнення. І гэтак было да таго часу, пакуль не прысніўся мне адзін вельмі дарагі для мяне чалавек. Прыснілася адна памерлая жанчына.

Аднае начы яна ў маім сне… падала мне жменю ружанцаў ды папрасіла: «Раздай жанчынам, што збіраюцца на малітву да прыдарожнага крыжа. А гэты, — падала мне асобна прыгожы вішнёвага колеру ружанец, — аддай Ганцы, бо тая калі ўжо памоліцца, то памоліцца!»
Ну і што было рабіць? Пачала я сама маліцца за гэтую памерлую і вельмі дарагую для мяне жанчыну, бо хіба магло мне выпадкова прысніцца такое? А калі ў чарговы раз паехала ў маю родную вёску, папрасіла аб гэтым таксама некалькі жанчын, што збіраліся на малітву да прыдарожнага крыжа, пры якім і яна яшчэ нядаўна таксама разам з імі малілася. А для Ганкі (жыла тады яшчэ ў нашай парафіі тая жанчына з цудоўным голасам, які вольна й прыгожа гучаў пад скляпеннямі касцёла Маці Божай Ласкавай на кожнай нядзельнай Імшы) я знарок купіла прыгожы ружанец. Аддала ёй, распавяла пра свой дзіўны сон і папрасіла аб малітве. Ганка, як мне здалося, не здзівілася маім словам і падарунку. Яна згодна кіўнула галавой:

— Учора, толькі учора была на магільніку, малілася, праходзіла і каля яе магілкі — памалілася… А Ружанец, вядома ж, буду маліцца, раз просіць — трэба. Дзякуй і табе, дарагая, і ёй. За падарунак дзякуй, за давер…

Больш мне такіх просьбаў аб малітве ў снах не было.

З хлеба, з дроту...

У сваім дзённіку «Маўклівы сведка» сястра анялянка Ванда Банішэўская ўспамінала пра свой побыт у сталінскім лагеры: «Супольна мы маліліся Ружанец, што было сурова забаронена. Нашы ружанцы, зробленыя з хлеба, у нас забіралі і знішчалі. Але я не саступала і зноў рабіла сваё». А ў іншым месцы сястра Ванда згадвала пра тое, як аднойчы яе прымусілі… з’есці той хлебны ружанец. Душылася, папярхалася, па шчоках цяклі слёзы, і ела... Ды толькі неўзабаве яна зноў адкладвала лустачкі хлеба з таго мізэрнага дзённага пайка, які ёй выдавалі ў лагеры, каб потым зноў размякчыць у пальцах, скатаць 58 маленькіх пацерынак ды нанізаць іх у адпаведным парадку на нітку. І зноў мець ружанец!

А неяк у Паставах як дарагую рэліквію гэтай парафіі паказвалі мне ружанец… з дроту. Усё тыя ж 58 маленькіх шарыкаў, звязаных паміж сабою. Яго рабіў, на ім маліўся таксама вязень сталінскага ГУЛАГу — ксёндз Ян Вельгат. Яму нават пашчасціла захаваць яго і выйсці разам з ім на волю. На ім маліўся ў няволі, разам з ім і вызваліўся.

Якая ж моц утоеная ў гэтых дробных ружанцовых пацерынках! Моц, што надавала адвагі, дапамагала не здавацца і не скарацца перад тымі, хто ненавідзеў усё святое. І якую моцную веру мелі яны, хто на тых самаробных ружанцах у нялюдскіх умовах, сярод сцюжы й бруду, сярод насілля й гвалту ўзносілі ў неба свае «Вітай, Марыя...»

Ванда Банішэўская

Касцёл у Полацку

Канец 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У Полацку на плошчы Свабоды вёў раскопкі археолаг Сяргей Тарасаў, а мы, мясцовыя пачынаючыя паэты, мастакі ды пісьменнікі, трохі дапамагалі яму. Памятаю, колькі было хвалявання, калі пачалі раскопваць маставую… Тады я не ведала, што зусім побач стаяў да вайны касцёл Маці Божай Ружанцовай. Пазней даведалася пра гэта з кніг, гістарычных крыніцаў ды ад тых, хто маліўся ў тым касцёле, апошняй каталіцкай святыні Полацка.

Пад апекай Маці Божай Ружанцовай тут пэўны час захоўваліся парэшткі святога Андрэя Баболі. Калі яшчэ не надта шалеў ваяўнічы атэізм, да Андрэя Баболі прыходзілі пілігрымы зблізку і здалёк. Потым пачалі прыходзіць патаемна, ажно пакуль парэшткі святога не вывезлі з горада.

Былі людзі, якія памяталі святара Юзафа Лук’яніна, які служыў у гэтым касцёле. Некаторыя з іх былі на той Імшы, калі энкавэдзісты вывелі яго. Яшчэ жыла тады жанчына, якая вязала яму пасля арышту цёплыя рэчы ды пасылала ў тыя няветлыя краі, куды пралёг ягоны пакутніцкі шлях.

Полацкія католікі згадвалі і ксяндза Юзафа Барадзюлю, які служыў таксама ў гэтым касцёле. Агулам гэтаму чалавеку давялося прабыць у савецкіх турмах ды лагерах цэлых 25 гадоў!

Успаміналі старэйшыя палачане і жудасную гісторыю ксяндза Адольфа Філіпа, асуджанага спачатку на 10 гадоў, а пасля чарговага арышту ўжо ў Віцебску расстралянага савецкай уладай.

У даведніку «Nasze Kościoły» (1913) чытаю, што людзей можа не надта захапляць вонкавы выгляд касцёла Маці Божай Ружанцовай, але затое яго ўнутраная аздоба вышэй за ўсялякую пахвалу. Ёсць у гэтым выданні здымкі алтароў, труны з парэшткамі святога Андрэя Баболі. Сапраўды вельмі прыгожа!

Вайной у будынак касцёла трапіла бомба. Яго потым разабралі. Цяпер на тым месцы нічога не нагадвае пра былое.

У дні Свята беларускага пісьменства і друку пайшла зноў на тое месца — незразумелай сілай прыцягвае яно да сябе. Там цяпер невялікі скверык. У гонар свята ў ім ладзілася выстава з макетамі старажытных будынкаў і святыняў Полацка. Праходжу паўз макеты храмаў, помнікаў, старажытных будынкаў — шукаю касцёл Маці Божай Ружанцовай… Не знайшла. Яго чамусьці забыліся зрабіць. Шкада да слёз!

Выходзячы са скверу сустрэлася з Сяргеем Тарасавым, які адмыслова прыехаў на свята з Мінска. Жалюся яму, што не бачу касцёла Маці Божай Ружанцовай, а ён: «А сапраўды, чаму?! Слухай, ды ён жа стаяў вось тут, на гэтым месцы! Ягоных жа здымкаў шмат захавалася! Чаму?».

Паўздыхалі мы з ім ды разышліся…


Ірына Жарнасек

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней