
Катэхеза Святога Айца Бэнэдыкта XVI, 7 лістапада 2007 г.
Дарагія браты і сёстры!
Скіруйма сёння нашу ўвагу на св. Гераніма, Айца Касцёла, які ў цэнтр свайго жыцця паставіў Біблію: пераклаў яе на лацінскую мову, каментаваў у сваіх творах, але перадусім прыкладаў намаганні канкрэтна жыць ёю на працягу свайго доўгага зямнога існавання, нягледзячы на добра вядомы складаны і гарачы характар, якім ён быў адораны ад прыроды.
Геранім нарадзіўся ў Стрыдоне* каля 347 года ў хрысціянскай сям’і, якая забяспечыла яму добрую адукацыю і нават паслала ў Рым, каб ён удасканальваў сваю адукацыю. У маладосці Геранім адчуваў цягу да свецкага жыцця, аднак у ім перамагло імкненне і цікавасць да хрысціянскай рэлігіі. Пасля прыняцця хросту каля 366 года ён выбраў аскетычнае жыццё; адправіўшыся ў Аквілею, Геранім далучыўся да групы палкіх хрысціянаў, якіх сам назваў «хорам благаслаўлёных», сабраных вакол біскупа Валерыяна. Затым ён накіраваўся на Усход і жыў як пустэльнік у Халкійскай пустыні на поўдзень ад Алепо**, сур’ёзна аддаўшыся вучобе. Удасканаліўшы свае веды ў грэцкай мове, ён пачаў вывучаць габрэйскую, перапісваў кодэксы і патрыстычныя творы. Медытацыя, самотнасць, кантакт са словам Божым садзейнічалі сталенню яго хрысціянскай успрыімлівасці. Усё больш востра адчуваў ён цяжар неразважлівых учынкаў юнацтва і выразна бачыў кантраст паміж язычніцкім спосабам мыслення і хрысціянскім жыццём: кантраст, які стаў добра вядомы дзякуючы драматычнай і жывой «візіі», сведчанне пра якую Геранім пакінуў нам. У ёй яму здавалася, што яго бічуюць перад абліччам Бога, бо ён быў «цыцэронец, а не хрысціянін».
У 382 годзе Геранім перабраўся ў Рым: тут Папа Дамас, ведаючы пра яго славу аскета і кампетэнтнасць як вучонага, прыняў Гераніма на службу ў якасці сакратара і саветніка; кіруючыся душпастырскімі і культурнымі матывамі, Папа заахвоціў яго ўзяцца за новы лацінскі пераклад біблейскіх тэкстаў. Некаторыя асобы, якія належалі да рымскай арыстакратыі, у прыватнасці, такія знатныя дамы, як Паўла, Марчэла, Азела, Леа і іншыя, прагнучы дасягнуць хрысціянскай дасканаласці і паглыбіць веданне слова Божага, выбралі яго сваім духоўным кіраўніком і настаўнікам у метадычным падыходзе да святых тэкстаў. Гэтыя знатныя дамы вывучылі таксама грэцкую і габрэйскую мовы.
Пасля смерці Папы Дамаса Геранім пакінуў Рым у 385 годзе і адправіўся ў пілігрымку, спачатку ў Святую Зямлю — маўклівую сведку зямнога жыцця Хрыста, а затым у Егіпет, у краіну, выбраную многімі манахамі. У 386 годзе ён затрымаўся ў Бэтлееме, дзе «на памяць пра тое, што Марыя і Юзаф не знайшлі тут месца, каб спыніцца», былі пабудаваныя, дзякуючы шчодрасці знатнай дамы Паўлы, мужчынскі і жаночы кляштары, а таксама дом для пілігрымаў, якія накіроўваліся ў Святую Зямлю. У Бэтлееме Геранім застаўся да самай смерці, надалей працягваючы інтэнсіўную дзейнасць: каментаваў слова Божае; абараняў веру, энергічна супраціўляючыся разнастайным ерасям; заклікаў манахаў да дасканаласці; навучаў класічнай і хрысціянскай культуры юных вучняў; гасцінна прымаў усім сваім пастырскім сэрцам пілігрымаў, якія наведвалі Святую Зямлю. Ён памёр у сваёй келлі, непадалёку ад Пячоры Нараджэння, 30 верасня 419 (420?) года.
У слове Божым мы атрымліваем вечнасць, вечнае жыццё. Св. Геранім кажа: «Паспрабуйма на зямлі навучыцца тым праўдам, вартасць якіх захаваецца і на нябёсах».
Фрагмент карціны Леанарда да Вінчы «Святы Геранім на пустыні»
Літаратурная падрыхтоўка і вялікая эрудыцыя дазволілі Гераніму перагледзець і нанава перакласці многія біблейскія тэксты — неацэнная праца для лацінскага Касцёла і для заходняй культуры. На падставе арыгінальных грэцкіх і габрэйскіх тэкстаў, а таксама дзякуючы параўнанню з больш раннімі версіямі, ён зрабіў перагляд чатырох Евангелляў на лацінскай мове, а затым Псалтыра і большай часткі Старога Запавету. Прымаючы пры гэтым пад увагу арыгінальныя габрэйскія і грэцкія тэксты Септуагінты — класічнай версіі Старога Запавету, якая паходзіць з дахрысціянскіх часоў, а таксама папярэднія лацінскія версіі, Геранім, якому потым дапамагалі іншыя супрацоўнікі, змог прапанаваць лепшы пераклад: ён уяўляе сабою так званую Вульгату — афіцыйны тэкст лацінскага Касцёла, які быў прызнаны гэтакім на Трыдэнцкім Саборы і які пасля апошняга перагляду надалей застаецца афіцыйным лацінскім тэкстам Касцёла. Цікава звярнуць увагу на крытэрыі, якімі кіраваўся гэты вялікі бібліст у сваёй працы перакладчыка. Ён сам называе іх, калі гаворыць, што ён прытрымліваецца нават парадку словаў Святога Пісання, таму што ў ім, як кажа св. Геранім, «таксама і парадак словаў з’яўляецца таямніцаю», гэта значыць, [Божым] аб’яўленнем. Акрамя таго, ён зноў пацвярджае неабходнасць звароту да арыгінальных тэкстаў: «Калі даходзіць да дыскусіі аб Новым Запавеце паміж лацінянамі з-за рознай інтэрпрэтацыі рукапісаў, то звернемся да арыгінала, гэта значыць, да грэцкага тэксту, у якім быў запісаны Новы Запавет. Таксама ў выпадку Старога Запавету, калі маюць месца разыходжанні паміж грэцкім і лацінскім тэкстам, звернемся да арыгінальнага тэксту, габрэйскага; такім чынам, усё тое, што выплывае з крыніцы, мы зможам зноў знайсці ў ручаях».
Геранім зрабіў таксама каментарыі да многіх біблейскіх тэкстаў. Паводле яго, каментарыі павінны прапаноўваць разнастайныя меркаванні, «так, каб праніклівы чытач, пасля таго як прачытае розныя тлумачэнні і азнаёміцца са шматлікімі меркаваннямі, — якія можна прыняць або адкінуць, — мог ацаніць, якое з іх найбольш заслугоўвае даверу, і, як дасведчаны мяняла, мог адхіліць фальшывую манету».
Энергічна і рашуча абвяргаў ён ерэтыкаў, якія аспрэчвалі традыцыю і веру Касцёла. Ён паказаў таксама значэнне і дзейснасць хрысціянскай літаратуры, якая стала сапраўднай культурай і заслугоўвала таго, каб вытрымліваць параўнанне з класічнай літаратурай: Геранім зрабіў гэта ў сваім творы De viris illustribus, дзе прадставіў біяграфіі больш чым ста хрысціянскіх пісьменнікаў. Акрамя таго, ён напісаў біяграфіі манахаў, паказваючы тым самым, побач з іншымі духоўнымі шляхамі, таксама манаскі ідэал. У дадатак, ён пераклаў многія творы грэцкіх аўтараў. Нарэшце, у вельмі важным па значэнні Epistolarium — шэдэўры лацінскай літаратуры, Геранім выступае як адукаваны чалавек, аскет і духоўны кіраўнік.
«Няведанне Святога Пісання — гэта няведанне Хрыста»
Чаму мы можам навучыцца ў св. Гераніма? Мне здаецца, што найперш гэтаму: любіць cлова Божае ў Святым Пісанні. Св. Геранім кажа: «Няведанне Святога Пісання — гэта няведанне Хрыста». Таму важна, каб кожны хрысціянін жыў у кантакце і асабістым дыялогу са cловам Божым, падараваным нам у Святым Пісанні. Гэты наш дыялог з ім заўсёды павінен мець два вымярэнні: з аднога боку, ён павінен быць на самай справе асабістым дыялогам, таму што Бог гаворыць з кожным з нас праз Святое Пісанне і мае пасланне для кожнага. Мы павінны чытаць Святое Пісанне не як слова з мінулага, але як слова Божае, якое звернута таксама да нас, і старацца зразумець, што Пан хоча нам сказаць. Аднак, каб не ўпасць у індывідуалізм, мы павінны памятаць, што слова Божае дадзена нам менавіта для таго, каб будаваць супольнасць, каб яднаць нас у праўдзе на нашым шляху да Бога. Такім чынам, хоць яно заўсёды з’яўляецца асабістым Словам, з’яўляецца таксама Словам, якое будуе супольнасць, якое будуе Касцёл. Таму мы павінны чытаць яго ў еднасці з жывым Касцёлам. Прывілеяваным месцам для чытання і слухання слова Божага з’яўляецца літургія, у якой мы, праз цэлебрацыю Слова і праз актуалізацыю прысутнасці Цела Хрыста ў Сакрамэнце, робім Слова актуальным ў нашым жыцці і прысутным сярод нас. Мы ніколі не павінны забываць, што слова Божае перасягае межы часу. Чалавечыя меркаванні прыходзяць і адыходзяць. Тое, што сёння з’яўляецца самым сучасным, заўтра стане цалкам састарэлым. Слова ж Божае, у процілегласць гэтаму, ёсць Словам вечнага жыцця, яно нясе ў сабе вечнасць, тое, што застаецца дзейсным навекі. І таму, несучы ў сабе слова Божае, мы нясём у сабе вечнасць, вечнае жыццё.
І, такім чынам, я заканчваю словам св. Гераніма да св. Паўліна Нольскага. У ім вялікі экзэгет ясна выказвае якраз гэтую рэчаіснасць, гэта значыць, што ў слове Божым мы атрымліваем вечнасць, вечнае жыццё. Св. Геранім кажа: «Паспрабуйма на зямлі навучыцца тым праўдам, вартасць якіх захаваецца і на нябёсах».
Надрукавана ў часопісе «Ave Maria» № 4, 2008 г.
* Стрыдон — горад на мяжы Далмацыі і Паноніі (сучасная Югаславія).
** На тэрыторыі Сірыі.