
Маё сяброўства са святым Францішкам распачалося ў дзяцінстве. Захопленая гэтай постаццю, вядомай на ўвесь свет, я перачытала даступныя для мяне на той момант кнігі пра гэтага святога, перагледзела фільмы пра яго жыццё і марыла, падобна асізскаму бедачыне, пачуць Божы голас у лёгкім павеве ветру і спеве птушак, а таксама захапляцца Божай прыгажосцю і мудрасцю, назіраючы, як ноч змяняе дзень і на небе замест «брата Сонца» з’яўляецца «сястра Поўня».
Падчас універсітэцкіх заняткаў па літаратуры як студэнтка філалагічнага факультэта я знаёмілася з агіяграфічнымі творамі, г. зн. з «жыціямі» святых. Тады я катэгарычна адмаўлялася ўяўляць сабе святых людзей як «супергерояў», якія ўжо з маленства не бавіліся са сваімі аднагодкамі, а паглыбляліся ў вывучэнне святога Пісання.
Разам з тым, пазнаючы біяграфіі вынесеных на алтар мужчын і жанчын, я зразумела, што гэта звычайныя людзі, такія, як кожны з нас, якія змаглі выкарыстаць дадзеныя Богам сродкі для збаўлення і атрымалі вечную ўзнагароду. На жаль, сёння нават сярод практыкуючых католікаў пануе ўяўленне пра святых як пра недасягальных асобаў «з іншай планеты», якія не зведалі звычайнага штодзённага жыцця. Неаднойчы прыходзілася чуць ад католікаў выказванні: «Ты што — хочаш стаць святой? Дык гэта ж СВЯТЫЯ! Нам так жыць немагчыма!» Навошта загадзя згаджацца прынамсі на чысцец, калі Нябесны Айцец чакае ў небе? Асобы, якіх Каталіцкі Касцёл прызнаў святымі, насамрэч, людзі з целам і душою, прадстаўнікі канкрэтнай гістарычнай эпохі і пэўнага народа. Больш за тое, гэта людзі, якія жылі на адной планеце з намі і былі моцна звязаныя з навакольным светам. Іх жыццё — гэта не толькі прыклад малітвы, пакоры і хрысціянскай міласэрнасці.
Жыццё некаторых святых, такіх, як св. Францішак Асізскі, гэта прыклад хрысціянскіх адносінаў да прыроды, якую яны «чыталі як кнігу пра Бога», адкрываючы ў ёй Божую мудрасць і прыгажосць. У сваіх выказваннях і ўчынках гэтыя людзі пакінулі нам свой прыклад клопату пра жывёлаў і расліны, якія Бог даверыў ва ўладу чалавеку, а таксама прыклад таго, як навакольны свет можа дапамагаць у малітве і пазнанні Бога.
Прапаную вашай увазе кароткія аповеды з жыцця некаторых такіх святых, якія сваім прыкладам пацвярджаюць, наколькі хрысціянства «экалагічнае».
Святая Гертруда — манашка з кошкаю на руках
Мы прызвычаіліся бачыць на абразах святых, якія трымаюць крыж, можа, лілею альбо галінку пальмы, але кот на абразе — з’ява вельмі дзіўная. Больш за тое, каты маюць сваю святую апякунку — Гертруду. Яна нарадзілася каля VII ст. на тэрыторыі сучаснай Бельгіі, была дачкою князя і павінна была выйсці замуж за сына караля. Дзяўчына адмовілася ад гэтага замужжа, выбраўшы сабе найлепшага Жаніха — Езуса, таму яна прысвяціла сябе манаскаму жыццю ў малітве і аскезе. Кляштар пад кіраўніцтвам маладой манашкі стаў вядомым цэнтрам ведаў і культуры. Легенда апавядае, што аднойчы святую спакушаў злы дух, які прыняў выгляд мышы. У той момант на дапамогу манашцы прыйшоў кот, які хутка расправіўся з грызуном і дапамог будучай святой пазбегнуць граху.
Святы Францішак Асізскі, які цешыўся ўсімі Божымі стварэннямі
Св. Францішак жыў у ХІІ–ХІІІ стст. Гэты святы паходзіў з багатай сям’і і жыў у мястэчку Асізі, якое знаходзіцца ў маляўнічым гарыстым рэгіёне Італіі — Умбрыі. Ён нарадзіўся ў багатай сям’і, але дабравольна адмовіўся ад матэрыяльнага багацця і стаў вядомым асізскім бедняком. Францішак здзіўляў мясцовых жыхароў, калі гадзінамі захапляўся прыгажосцю кветак і спяваў гімны праслаўлення Усёмагутнаму разам з птушкамі.
Святы Францішак цешыўся Божай любоўю і бачыў след Стварыцеля ў навакольным свеце, а зямлю ён успрымаў як давераны чалавеку сад, якім трэба мудра кіраваць. У сваёй духоўнай спадчыне гэты святы пакінуў шматлікія малітвы, песні і трактаты, у якіх змешчана шмат экалагічных парадаў, карысных таксама сучаснаму чалавеку. Такім чынам святы заклікаў адносіцца да створанага свету з любоўю і пашанай, клапаціцца пра жывёлаў, ваду і паветра, каб з часам яны не былі знішчаныя, карыстацца ўсім мудра і з пачуццём меры. У вядомым «Гімне брату Сонцу» асізскі бядняк узносіць хвалу Богу ад імя ўсяго стварэння, якое называе братамі і сёстрамі (Сонца, Месяц, зоркі, вецер, паветра, вада і маці-зямліца, якая корміць і дае чалавеку свае плёны, кветкі і травы).
Святы вядомы сваімі казаннямі, якія прамаўляў да птушак, што ўважліва яго слухалі, выцягваючы шыі і раскрываючы дзюбы. У біяграфіі Францішка апісана цікавая гісторыя, калі ён прымірыў ваўка з жыхарамі горада, якому ён напачатку пагражаў, а пасля стаў сябрам і абаронцам людзей. У гэтым праявіўся незвычайны цуд любові, якая яднае ўсе Божыя стварэнні.
Св. Антоній Падуанскі, які размаўляў з рыбамі
Св. Антоній нарадзіўся ў Лісабоне на пачатку ХІІ ст. У маладым узросце ён стаў манахам Кангрэгацыі св. Аўгустына, але яго жыццё змянілася, калі ён пазнаёміўся з Францішкам з Асізі. Антоній быў захоплены ідэяй евангелізацыі мусульманскага народа, таму на караблі вырушыў у Марока. Падчас падарожжа карабель напаткала вялікая бура, па прычыне якой не толькі карабель павінен быў змяніць напрамак, але і ўсё жыццё св. Антонія з гэтага моманту змянілася. Ён асабіста пазнаёміўся з асізскім бедняком і стаў вядомым прапаведнікам, які сваімі палымянымі казаннямі змяняў сэрцы закаранелых грэшнікаў. У біяграфіі св. Антонія можна прачытаць пра выпадак, калі жыхары аднаго з гарадоў, у які прыйшоў Антоній, адмовіліся слухаць яго казанне, і тады святы падышоў да мора і пачаў навучаць рыбаў, якія выскоквалі з вады і такім чынам адказвалі на яго заклік праслаўляць Адзінага і Найвышэйшага Бога.
Св. Рох, апякун хатніх жывёлаў
Пра гэтага святога не захавалася шмат дакладных звестак, але, напэўна, многія з вас бачылі абразы, на якіх прадстаўлены мужчына з сабачкам, што ліжа яго раны. Вядома, што святы нарадзіўся ў паўднёвай Францыі і жыў у XIV–XV стст. У маладосці ён, страціўшы бацькоў, раздаў сваю маёмасць убогім і вырушыў у Рым. У той час у Еўропе панавала чума, таму св. Рох замест пілігрымкі пачаў клапаціцца пра хворых. Як узнагароду ён атрымаў ад Бога ласку аздараўляць хворых. Наведаўшы Вечны горад, Рох вяртаецца ў Францыю, а па дарозе працягвае сваё служэнне хворым, падчас якога сам захварэў. Жыхары горада не былі настолькі ж міласэрнымі да яго, таму выгналі хворага святога за горад, але каля яго шалашу ў лесе цудоўным чынам з’явілася крыніца з вадою, і нейкі сабака штодня наведваў святога: залізваў яго раны і прыносіў хлеб. Дзякуючы дзіўнай дапамозе чатырохногага сябра св. Рох ачуняў і, поўны сілаў, мог працягваць свой далейшы шлях.
Скончыць гэтыя нататкі хочацца паэтычнымі радкамі, якімі распачынае свой «Рымскі Трыпціх» улюбёны ў хараство свету св. Ян Павел ІІ («Паэзія. Выбранае. Рымскі Трыпціх», Караль Вайтыла, Ян Павел ІІ, пераклад Дануты Бічэль, 2003 г.).
Затока лесу спускаецца
ў рытме горных патокаў,
І Ты ў гэтым рытме,
Спрадвечнае Слова.
Дзіўная тая Твая маўклівасць
ва ўсім, у чым адусюль прамаўляе
створаны свет...
які разам з затокай лесу
спускаецца кожным схілам...
Няхай гэтыя кароткія нататкі натхняць чытачоў больш пазнаваць жыццё святых і браць з іх прыклад не толькі ў малітве, пакоры і справах міласэрнасці, але таксама ў хрысціянскіх адносінах да нашай планеты, каб з любоўю і павагай адносіцца да ўсіх Божых стварэнняў і яшчэ глыбей пазнаваць Божую мудрасць і прыгажосць праз створаны свет.
Кацярына Дурко
Паводле крыніцаў інтэрнэту