Ян Павел ІІ стаў 264-м Папам Рымскім у гісторыі Касцёла. Ён быў першым за апошнія 455 гадоў наступнікам св. Пятра не італьянскага паходжання і першым Папам славянінам. Для свету выбар яго Папам быў нечаканым, калі ўвогуле не сенсацыяй.
Пасля выбару яго Папам агульна падкрэслівалася, што ён як ніхто іншы быў падрыхтаваны ўзяць на сябе такое заданне, — Караль Вайтыла быў душпастырам, выкладчыкам, вучоным у галіне філасофіі, публіцыстам, аўтарам кніг, біскупам гістарычнай Кракаў скай дыяцэзіі, якому давялося кіраваць ёю ў канфрантацыі з камуністычным рэжымам. Будучы Папа актыўна і творча ўдзельнічаў у ІІ Ватыканскім Саборы. Незвычайным для новаабранага Папы было і тое, што ў маладосці ён выступаў у тэатры і пісаў вершы, якія працягваў пісаць і потым.
Караль Вайтыла нарадзіўся 18 мая 1920 года ў Вадавіцах (непадалёк ад Кракава). Калі яму было ўсяго 8 гадоў, ён страціў маці, а праз тры гады — адзінага брата. Яго бацька памёр, калі Караль стаў студэнтам. Спыніўшы вучобу на факультэце паланістыкі ў Ягелонскім універсітэце, Караль Вайтыла падпольна скончыў духоўную семінарыю. Святарскае пасвячэнне атрымаў 1 лістапада 1946 года ў катэдры Вавельскага замка ў Кракаве з рук арцыбіскупа Адама Стэфана Сапегі. Кракаўскі мітрапаліт убачыў у ім таленавітага маладога святара і накіраваў на вучобу ў Рым. Вярнуўшыся ў Польшчу, Караль Вайтыла працаваў вікарыем у адной з парафій Кракаўскай дыяцэзіі, а пасля — у парафіі св. Фларыяна ў Кракаве. У той жа час ён выкладаў у Ягелонскім універсітэце, а з 1954 г. — у Люблінскім каталіцкім універсітэце. Ва ўзросце 38 гадоў, 4 ліпеня 1958 г., быў прызначаны дапаможным біскупам Кракаўскай дыяцэзіі і тытулярным біскупам Омбі. Біскупскае пасвячэнне атрымаў 28 верасня 1958 г. у кракаўскай катэдры Вавельскага замка з рук арцыбіскупа Эўгеніюша Базяка. Быў прызначаны арцыбіскупам, Мітрапалітам Кракаўскім 13 студзеня 1964 г., а 26 чэрвеня 1967 г. атрымаў годнасць кардынала. 16 кастрычніка 1978 г. абраны Папам Рымскім.
Пантыфікат Яна Паўла ІІ стаў трэцім па працягласці ў гісторыі папства. За час свайго служэння гэты Вялікі Папа здзейсніў 104 апостальскія падарожжы ў розныя краіны свету. Апублікаваў 14 энцыклік, 14 апостальскіх адгартацый, 11 апостальскіх канстытуцый і 45 апостальскіх пасланняў. Ён правёў 1338 беатыфікацый і 482 кананізацыі, абвясціў новы Кодэкс Кананічнага Права і новы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла; прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі і Божай Міласэрнасці.
Ян Павел ІІ адышоў у Дом Айца 2 красавіка 2005 г. у вігілію свята Божай Міласэрнасці. Пахаваны ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. 1 мая 2011 г. Ян Павел ІІ быў беатыфікаваны, а 27 красавіка 2014 г. абвешчаны святым.
Літургічны ўспамін святога Яна Паўла ІІ адзначаецца ў Касцёле 22 кастрычніка.
«Totus Tuus — Увесь Твой», — не стамляўся паўтараць Папа, звяртаючыся да Маці Божай на працягу ўсяго Пантыфікату. І Яна, як сына, атуляла яго плашчом сваёй Мацярынскай апекі, ратуючы яму нават жыццё.
EPA / PAP
Яна Паўла ІІ яшчэ пры жыцці многія называлі Вялікім: вялікім Папам і вялікім Чалавекам. Ім захапляліся і яго любілі не толькі мільёны католікаў, але і шматлікія прадстаўнікі іншых веравызнанняў. Ён быў сапраўдным «будаўніком мастоў» паміж рознымі канфесіямі і рознымі кантынентамі.
East News/Alinari Archives/ L’osservatore Romano
Як наступнік святога Пятра, Папа нёс гэтаму свету Хрыста, нястомна абвяшчаючы Добрую Навіну.
Ян Павел ІІ быў пасланцам міру і сапраўдным гуманістам. Па словах Дж. Вейгела, менавіта Ян Павел ІІ «распачаў рэвалюцыю сумлення», дзякуючы якой пацярпела паразу камуністычная сістэма і абнавілася аблічча свету.
Thierry Orban/Sygma via Getty Images