Ян Павел ІІ: Касцёл — сведка Уваскрасення

 

О Хрыстэ ўваскрослы, у свае праслаўленыя раны прымі ўсе балючыя раны сучаснага чалавека: і тыя, пра якія пішуць сучасныя медыя, і тыя, што баляць, утоеныя ў людскім сумленні. Няхай яны гояцца ў Таямніцы Твайго Адкуплення. Няхай залечваюцца і зацягваюцца любоўю, мацнейшаю за смерць. У гэтай Таямніцы мы з тымі, хто церпіць убоства і голад, гледзячы часам на смерць уласных дзяцей, якія просяць хлеба; мы з вамі, мільённае мноства выгнаннікаў з уласных дамоў і краінаў; мы з вамі, усе ахвяры тэрору, змучаныя здзекамі, кінутыя ў вязніцы і канцэнтрацыйныя лагеры; мы з тымі, хто штодзённа жыве пад пагрозаю насілля і грамадзянскай вайны; мы з тымі, хто церпіць з прычыны непрадказальных катаклізмаў; мы з тымі сем’ямі, якія расплачваюцца за веру ў Хрыста коштам дыскрымінацыі і немагчымасці адукацыі і кар’еры для сваіх дзяцей; мы з бацькамі, якія перажываюць з прычыны духоўных цярпенняў альбо заблуканасці сваіх дзяцей; мы з вамі, маладыя людзі, калі вы перажываеце расчараванні, не знаходзячы працы, жылля і годнага месца ў грамадстве; мы з тымі, хто церпіць з прычыны хваробы, старасці альбо адзіноты; мы з тымі, хто блукае ў трывозе, сумненнях і моліць аб прасвятленні розуму і спакоі для сэрцаў; мы з тымі, хто адчувае цяжар граху і выпрошвае ласку ў Хрыста Адкупіцеля.

 

У гэтай Таямніцы Уваскрасення мы з вамі, хто ў гэтыя дні з новым запалам ступіў на шлях хрысціянскага жыцця, кідаючыся ў міласэрныя абдымкі Хрыста; мы з вамі, новаахрышчаныя, і з тымі, хто прыняў каталіцтва і пачуў заклік Евангелля; мы з тымі, хто намагаецца пераадольваць бар’еры недаверу праз жэсты дабрыні і паяднання ў коле сям’і і грамадства; мы з вамі, людзі працы і культуры, што прагнеце быць евангельскаю закваскаю ў сваіх асяродках; мы з вамі, душы, адданыя Хрысту, асабліва з тымі, хто цалкам аддае сябе, найперш у місійных краінах, несучы братам добрую навіну пра чалавецтва, адкупленае Хрыстом; мы з вамі, мучанікі веры ў Хрыста, што ўзбагачаеце Касцёл часам нябачным і невядомым цярпеннем, молячыся ў цішыні, цярпліва зносячы пакуты, выпрошваючы прабачэнне і навяртанне для тых, хто вас пераследуе; мы з вамі, людзі добрай волі з усіх народаў і ўсіх кантынентаў, якія так ці інакш адчуваеце прыцягальную сілу Хрыста і Яго вучэння.

Мы знаходзімся блізка каля балючых ранаў чалавецтва, падзяляем усе спадзяванні, надзеі і радасці нашых братоў, якім уваскрослы Хрыстус надае сэнс і годнасць.

Касцёл дзеліцца сёння пасланнем Вялікадня з усімі братамі ў Хрысце; з людзьмі ва ўсім свеце, асабліва там, дзе прыгнёт сумлення не дазваляе супольна маліцца.


Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько

Паводле: Jan Paweł II.
Modlitwy i rozważania na każdy dzień roku. Świat książki. — Warszawa, 2009 r

Фота: EAST NEWS

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней