Божы Провід існуе! Або цікавае здарэнне ў жыцці святога Алойзы Арыёнэ

15 верасня 1893 г. клерык Арыёнэ укленчыў перад сваім біскупам, просячы аб благаслаўленні на смелы план, які ўжо некалькі дзён насіў у сваім сэрцы: адкрыццё ў Тартоне Калегіі Божага Провіду з гімназіяй для бедных і пакінутых юнакоў.


Выслуханая просьба выклікала разумнае пытанне адносна непрадбачаных сітуацый, якія маглі ўзнікнуць падчас рэалізацыі гэтай справы, і якія, безумоўна, клаліся б на плечы іерарха. Аднак біскуп, якому не магла не падабацца ідэя з’яўлення ў горадзе ўстановы для моладзі, разгледзеў прадпрымальнасць клерыка, пастанавіўшы: «Абы толькі ты не прасіў у мяне грошай», і ўдзяліў жаданае благаслаўленне.

Радасны Арыёнэ пакінуў біскупскі палац і пайшоў у катэдру, каб памаліцца перад табэрнакулюмам і алтаром Маці Божай Добрай Рады, пасля чаго, нерашучы, ён выйшаў на плошчу, разважаючы пра канкрэтныя крокі для таго, каб знайсці месца для планаванай установы. «Куды я пайду? — пытаўся ў сябе Арыёнэ. — Можа, у кірунку Нові, а можа, Вагэры». Як дапамогу з неба клерык успрыняў сустрэчу са знаёмым маладым чалавекам, які падказаў яму вуліцу Сан-Бэрнардына, дзе можна было знайсці прыдатнае памяшканне. І насамрэч, яно там знайшлося. Адбылася вельмі кароткая размова з гаспадаром адносна аплаты найму:

— Трэба мець 400 ліраў, — сказаў гаспадар, упэўнены ў тым, што такая сума будзе завялікая для беднага клерыка.

— Я дам Вам 400 ліраў, — прагучаў кароткі адказ.

— Цяпер? Адкуль ты іх возьмеш?

— Так! Ёсць Божы Провід. Божы Провід — гэта прыгожая справа!..

— Калі Божы Провід у цябе ў кішэні, то ўсё ў парадку, у адваротным выпадку я чакаю восем дзён.

Грошай у Арыёна не было, але на іх пошук было 8 дзён. Поўны даверу, ён пайшоў у кірунку Тартоны. Не прайшоў і трыста метраў, як на мосце Асона натрапіў на пажылую жанчыну, якая служыла ў аднаго ксяндза. Яна, ведаючы, што клерык планаваў адкрыць калегію, выказала заклапочанасць.

— Калі я пашлю туды свайго ўнука, — сказала яна, — якую суму неабходна заплаціць за пяць гадоў? У мяне ёсць чатырыста ліраў.

— Я прыму яго за чатырыста ліраў.

— І гэтай сумы хопіць таксама на кнігі? — паспяшыла запытацца жанчына.

— Так, безумоўна, гэта таксама і на кнігі.

— Калі Вы жадаеце, я дам Вам гэтыя чатырыста ліраў цяпер...

Праз трыццаць хвілін Арыёнэ вярнуўся да гаспадара памяшкання з грашыма.

— Што новага? — запытаўся той, здзіўлены хуткім вяртаннем.

— У мяне ёсць грошы на карыстанне памяшканнем.

— Але ж хвіліну таму ў цябе нічога не было?

— Іх даў Божы Провід!

Ствараючы для сябе праграму пад дэвізам «У ценю кожнай званіцы з’явіцца каталіцкая школа; у ценю кожнага крыжа — шпіталь», Арыёнэ зрабіў першы крок пад яўным знакам Божага Провіду.


Паводле лістоў св. Алойзы Арыёнэ,
якія захоўваюцца ў Генеральным архіве Кангрэгацыі MDBO
Пераклад з польскай мовы Кацярыны Дурко

Святы Алойзы Арыёнэ — заснавальнік Кангрэгацыі Малой Справы Божага Провіду (манаскай супольнасці айцоў арыяністаў).

Прадстаўнікі гэтай манаскай супольнасці, верныя дэвізу заснавальніка — «Аднавіць усё ў Хрысце», вызначыліся плённым і ахвярным служэннем Касцёлу на Беларусі, якое распачалі ў 1991 г. на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, дзе іх апецы быў даручаны санктуарый Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, санктуарый св. Андрэя Баболі ў Іванаве. Дзякуючы намаганням святароў арыяністаў, асабліва ксяндза Станіслава Паўліны, пабудаваны Дом міласэрнасці Божага Провіду ў Лагішыне, а таксама здзейснена шмат дабрачынных і духоўных ініцыятываў. Няхай усемагутны Бог аддзячыць за іх шматгадовае служэнне і ўнёсак у адраджэнне Касцёла на Беларусі.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней