61. Мы павінны пазбягаць наступнай памылкі: лічыць, што апостальства абмяжоўваецца адным сведчаннем рэлігійных практык. І вы, і я — хрысціяне, але непазбежна адначасова мы — грамадзяне і працаўнікі са сваімі абавязкамі, якія павінны ўзорна выконваць, калі сапраўды хочам дасягнуць святасці. Хрыстус прыспешвае нас: «Вы — святло свету: не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 14–16).
Прафесійныя абавязкі, якімі б яны ні былі, становяцца светачам, што асвятляе вашых калегаў і сяброў. Таму я заўжды паўтараю наступныя словы тым, хто хоча далучыцца да Opus Dei, і гэта будзе карысна для ўсіх маіх слухачоў: мне ўсё адно, што такая і такая асоба — добры сын для мяне і добры хрысціянін, калі ён дрэнны шавец! Калі гэткі чалавек не імкнецца ўдасканальваць сваю працу, выконваць усё рупліва, ён не здолее асвяціць яе і прынесці ў дар Пану Богу. А асвячэнне самай звычайнай працы — гэта канструктыўная частка, на якой будуецца сапраўдная духоўнасць для тых, хто, заглыблены ў часовую рэальнасць, вырашыў супрацоўнічаць з Богам і развіваць адносіны з Ім.
62. Сцеражыцеся празмернага спачування да саміх сябе, будзьце да сябе патрабавальныя! Часам мы зашмат турбуемся пра сваё здароўе, пра дастатковы адпачынак, неабходны, каб аднавіць сілы для новай працы. Але я даўно ўжо пісаў пра тое, што адпачываць — значыць не лайдачыць, а заняцца іншымі справамі, якія патрабуюць менш высілкаў.
Інакш, апраўдваючы сябе такім чынам, мы пачуваемся занадта ўтульна і забываемся пра благаслаўлёную адказнасць, якая ляжыць на нашых плячах, скараемся і сыходзім са шляху, дазваляем захапіць сябе любой абгрунтаванай бязглуздзіцы, абы толькі сядзець склаўшы рукі. А шатан і яго паплечнікі не бываюць на вакацыях. Уважліва паслухайце і паразважайце над тым, што казаў святы Павел хрысціянам, якія былі нявольнікамі. Ён заклікаў іх слухацца сваіх гаспадароў і служыць ім «не толькі дзеля вока, каб спадабацца людзям, але як нявольнікі Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы, служачы добраахвотна, як Пану, а не як людзям» (Эф 6, 6–7). Якая добрая парада для кожнага з нас!
Будзем прасіць нашага Пана Езуса Хрыста, каб Ён асвятліў нас і дапамог заўжды жыць у тым боскім пачуцці, што ператварае нашае прафесійнае пакліканне ў вушак, на якім трымаюцца і адчыняюцца дзверы, называныя святасцю. У Евангеллі Езуса клічуць «faber, filius Mariae — цясляр, сын Марыі» (Мк 6, 3). Таму і мы са святым гонарам павінны сваімі ўчынкамі паказаць, што мы — працаўнікі, мужчыны і жанчыны працы!
Мы павінны заўжды паводзіць сябе як пасланнікі Бога. Трэба ўсведамляць, што нельга быць верным слугою Бога, занядбоўваючы свае абавязкі; не раздзяляючы з іншымі настойлівасці і самаахвярнасці ў выкананні працоўных дамоваў, калі нас лічаць безадказнымі абібокамі, легкадумнымі, неарганізаванымі, ні да чаго не здатнымі лайдакамі... Той, хто грэбуе гэтымі абавязкамі, з выгляду не такімі істотнымі, наўрад ці здолее дасягнуць поспеху ў пытаннях, якія датычаць яго духоўнага жыцця, нашмат больш значных. «Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім» (Лк 16, 10).
Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.