Маліцца ўсім сабою

Малітва заключаецца ў стварэнні з Панам Богам адносінаў, якія падтрымліваюцца любоўю. Якім чынам я магу стварыць адносіны з Богам? Праз усе мае дзеянні.


Існуюць тры полі дзейнасці, тры жыцці: фізічнае жыццё, інтэлектуальнае жыццё і духоўнае, звышнатуральнае. Якім чынам мне ісці да Бога? Пры дапамозе гэтых трох палёў дзейнасці, бо нічога нельга выключаць, — пайду да Яго як уся асоба.

• Маю фізічнае жыццё. Выкарыстаю маё цела для пошуку Бога: знешняя пастава станецца паставай малітвы перад Богам. Прымаючы яе, маё цела моліцца, а праз яго таксама і душа пачынае маліцца, цягнецца да Бога.

• Маю таксама інтэлектуальнае жыццё. Думаю пра Бога. Разважаю пра адну з евангельскіх сцэнаў, падштурхоўваю да дзеяння маё ўяўленне і інтэлект. Мая воля падтрымлівае іх дзейнасць, таму што хоча шукаць Бога.

• Маю трэцяе жыццё — духоўнае, маю Божую ласку. Гэтае звышнатуральнае жыццё не залежыць ад натуральнага жыцця. Яно з’яўляецца ўдзелам у Божым жыцці, здольнасцю любіць Бога так, як Ён сябе любіць.
Мастацтва малітвы — сінтэз гэтых трох дзеянняў, трох узроўняў жыцця. Кожнае з іх мае ўласцівую яму ролю, месца і вартасць, каб дапамагаць верніку дасягнуць Бога рэчаісным і дзейс­ным чынам. Уся мая істота звяртаецца да Бога, мае тры жыцці развіваюць сваю дзейнасць у шуканні Бога.

Маліцца, спаткаць Бога — вось прагненне сапраўднага хрысціяніна. Малітва менавіта і ёсць гэтаю поўнаю любові сустрэчаю Бога і чалавека. Аднак, молячыся, ён мае пэўныя цяжкасці. Напрыклад, скажа: «Не ўмею маліцца...» Хто ж з нас хоць аднойчы так не сказаў?

«Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой, зачыніўшы дзверы…» Што гэта значыць? Малітва патрабуе адпаведнага месца і часу. А мы, гэта праўда, вельмі занятыя, разарваныя з усіх бакоў.

Трэба спачатку знайсці час на малітву. Добры Бог мае права мець крыху часу ў нашым жыцці! Яму трэба, каб мы займаліся Ім, каб мелі штораз большае ўсведамленне звышпрыроднай рэчаіснасці, усведамленне Яго прысутнасці. Маем тэрміновыя справы? Але найбольш тэрміновай справай з’яўляецца менавіта гэтая: прысвяціць Богу час! Не маленькую хвілінку, не час ад часу, але час рэгулярны, штодзённы. Каб маліцца, неабходна таксама знайсці адпаведнае месца: касцёл або капліцу з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, спакойныя краявіды, абразік і г.д. Зачыні дзверы… зачыні іх ад гоману, неспакою, турботаў. Як жа часта можна ўбачыць, што людзі марнуюць час, больш за тое, робяць яго грахоўным, калі сядзяць на лавачках каля пад’ездаў, у вокнах або пры тэлефоне і асуджаюць, абмяркоўваюць іншых лю­дзей, родных, суседзяў… А можна ж было гэты час выкарыстаць на малітву за тых жа людзей, якіх яны так любяць асуджаць, выкарыстаць на чытанне Святога Пісання, духоўнай літаратуры, на добрыя ўчынкі… Так! Трэба хацець знайсці час, знайсці месца; трэба зразумець, наколькі гэта патрэбна нашай душы.

«Маліся да Айца твайго, які ў таемнасці» (Мц 6, 6). Бог з’яўляецца маім Айцом; прыходжу да Яго з даверам, маючы ўпэўненасць, што Ён тут ёсць, што Ён мяне чакае. Але найперш трэба, каб я прыйшоў, каб зрабіў крок.

Пастава цела таксама вельмі істотная падчас малітвы, бо маё фізічнае цела прымае ў ёй удзел. У Евангеллі мы бачым прыклады пракажонага, невідушчага, якія, аздароўленыя Езусам, кланяюцца Яму: малітва ўдзячнасці перадаецца тут праз паставу цела.

Я запрошаны да спаткання ў блізкасці сэрца. У гэтым фрагменце Езус навучае вуснай малітве, але перасце­рагае: «Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Таму вы так маліцеся: Ойча наш...» (Мц 6, 6–9).

Вусная малітва, чытаная або спяваная, мае вялікую вартасць, калі яна з’яўляецца позіркам, рыўком да Бога. Мая думка звяртаецца да Яго. Малітва можа быць разважаннем над Божым словам: ціхім чытаннем, якому спадарожнічае праца ўяўлення, разважанне; уяўляю сабе нейкую сцэну з Евангелля, задумваюся над канкрэтным словам Езуса. Гэтае намаганне або пастава цела яшчэ не з’яўляюцца малітвай, але кіруюць мяне да Божай прысутнасці і становяцца сапраўдным спатканнем, камуніяй з Богам.

Маю таксама трэцяе, атрыманае ад Бога жыццё праз ласку хросту: Божае жыццё, удзел у жыцці самога Бога, які прышчэплены ў маю чалавечнасць і робіць мяне здольным увайсці ў блізкія адносіны з Ім. Мастацтва малітвы — сінтэз гэтых трох непадзельных узроўняў жыцця: фізічнага, інтэлектуальнага, звышнатуральнага. Іду да Бога ўсім сваім быццём, усімі ўзроўнямі майго жыцця.

Заданне кожнага — знайсці тое, што яму неабходна, што дапаможа засяродзіцца. Усе гэтыя сродкі — пастава і жэсты цела, духоўнае чытанне, медытацыя — добрыя, калі яны дзейнічаюць як свайго роду трамплін, што дапамагае нашай дзіцячай любові ўзнесціся да любячага Айца ў небе.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней