Найвялікшая перамога – гэта перамога над самім сабою.
Св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса
У лістападзе мы асаблівым чынам углядаемся ў трыумфуючы і пакутуючы Касцёл – захапляемся незлічонай колькасцю святых у небе і молімся за душы, церпячыя ў чыстцы, якія яшчэ чакаюць дасягнення хвалы збаўленых у небе. І адным, і другім мы можам пазайздросціць, бо нават чыстцовыя душы некалі дакладна будуць у небе. І адны, і другія здзейснілі незвычайнае — выйгралі жыццё. У нас гэтае жыццё праходзіць скрозь пальцы. Здаецца, што кожны дзень, тыдзень, месяц, год пралятаюць усё хутчэй. А што ў нас ад гэтага засталося? Некалі ўсе мы апынемся на могілках – месцы, дзе гэты працэс заканчваецца, нашае жыццё ўпітаецца ў зямлю ўжо цалкам. Але святыя, якімі мы захапляемся, выйгралі яго! Іх жыццё не прайшло скрозь пальцы, яны змаглі яго выкарыстаць напоўніцу. Як яны гэта зрабілі?
Звернемся да параўнання. Было трое людзей. Кожны з іх атрымаў мільён. Ім паставілі толькі дзве ўмовы: гэтыя грошы вы павінны выкарыстоўваць, а калі патраціце апошнюю капейку, тады вас чакае смерць...
Першы пацёр рукі: выкарыстаць тое, што маю! Коратка, але добра. Падлічыў, што пяць гадоў ён можа цудоўна жыць, а пра канец няма чаго думаць. Другі пастанавіў жыць як найдаўжэй: ашчадна, вельмі сціпла, але каб толькі жыць. Усе намаганні прыклаў, каб смерць адсунуць як мага далей. Штодзённа ён са страхам лічыў, колькі яму яшчэ засталося. Трэці сказаў сам сабе: я і так памру, а разам са мною закапаюць і выкарыстаны мною мільён. У такім выпадку гэта не мае сэнсу. Трэба нешта зрабіць. Калі я мушу памерці, то прынамсі грошы трэба ўратаваць. Як? Прызначу іх на справы, якія не гінуць, якія трываюць вечна: праўда, справядлівасць, любоў. І ў адзін момант кінуў усё, што меў, на адну шалю. Аддаў мільён з той мэтаю, каб перамаглі праўда, справядлівасць, любоў...
Мільён — гэта нашае жыццё. Як мы яго выкарыстоўваем? Гэтак, як першы і другі чалавек? Толькі для сябе? Тады не трэба здзіўляцца, што жыццё праходзіць скрозь пальцы, бо мы самі яго марнуем. Святыя, якім мы зайздросцім, аддалі ўсё, што мелі, усё сваё жыццё, хвіліну за хвілінаю, на карысць праўды, справядлівасці і любові. І менавіта таму выйгралі! Яны не толькі не страцілі зямнога жыцця, але памножылі яго ў бясконцасць. Цяпер яны жывуць вечна...
Яны пакінулі ўсё, што мелі. Благаслаўлёныя ўбогія духам.
Убогія, бо не пакінулі сабе ні капейкі, ні адной хвіліны.
Аддалі ўсё. Гэта першы і самы асноўны крок
у кірунку да Бога, у кірунку да шчасця.
Гэты крок не зробіць чалавек няверуючы, чалавек, які не моліцца. Такі крок не зробіць і чалавек са слабой вераю: ён заўсёды нешта там сабе пакіне, пэўнае забеспячэнне на старасць. Такі крок зробіць толькі чалавек з моцнаю вераю, які ведае, што, калі будзе шукаць Божага Валадарства, то ўсё іншае яму будзе дадзена.
Апрача моцнай веры, такі чалавек павінен мець адвагу, бо з таго часу, калі ўсё сваё жыццё аддасць праўдзе, справядлівасці і любові, калі ўсё, што мае, скіне на адну шалю, тады асяроддзе, асабліва людзі слабой веры, учыняць усё, каб яго знеахвоціць. Напрыклад, назавуць яго дзіваком. Ён пастаянна будзе чуць: чалавеча, што ты робіш? Падумай! Марнуеш жыццё. Патрэбна вялікая адвага, каб перамагчы гэтыя цяжкасці. Святыя, якімі захапляемся, перамаглі іх. Кожны з нас здольны паўтарыць іх перамогу, здольны выйграць сваё вечнае жыццё...
Божая справядлівасць патрабуе пакарання за ўчыненае зло. Міласэрнасць Божая гатовая прабачыць, калі пачуе голас малітвы брата альбо сястры памерлага. Няхай голас нашай супольнай малітвы, таксама праз заступніцтва святых Божых, адкрые сэрца міласэрнага Бога і няхай крыніцы ласкі, што збаўляе чалавека, дасягнуць нашых памерлых. Калі мы дапаможам ім дабрацца да Дому Айца, то яны, будучы ў Яго, учыняць усё, каб і мы дабраліся туды.
З малітваю — а. Юрый Кулай OCD