«Кожны з нас няспынна бярэ, бярэ, пастаянна бярэ! Як часта мы пра гэта думаем? Трэба ўсведамляць гэтую фундаментальную праўду і быць удзячнымі за ўсё, што мы атрымалі. Хрысціянін, які ў праўдзе глядзіць на сябе, павінен прызнаць, што жыццё павінна быць няспыннай падзякай».
Мы атрымалі шмат, вельмі шмат. Ад Бога мы маем жыццё, здароўе, асвячальную ласку, няспынную дапамогу, добрых людзей, час… шмат часу для ўласнага карыстання. Шмат таксама мы атрымалі ад людзей. Ад нашых мамаў мы атрымалі ласку ў бяссонныя для іх ночы, высілкі выхавання, сняданні, абеды, пранне, вялікі клопат аб нашым здароўі. Каля маці стаіць бацька са сваёй цяжкай працай, поўны намаганняў, каб уся сям’я была забяспечаная сродкамі на ўтрыманне. Бацькі... Мы так шмат ад іх атрымалі, што, нягледзячы на клопат пра іх, ніколі не зможам ім гэтага аддаць напоўніцу.
Пасля бацькоў ідуць настаўнікі і выхавацелі, якія прысвяцілі нам большасць свайго часу і жыцця. Нарэшце — іншыя людзі: тыя, хто штодзённа прыносіць нам малако, хто ў кіёску падае газету, падмятае вуліцы, хто ноччу выпякае хлеб альбо, ужо думаючы пра зіму, клапоціцца пра бульбу, садавіну, гародніну.
Кожны з нас няспынна бярэ, бярэ, пастаянна бярэ! Як часта мы пра гэта думаем? Трэба ўсведамляць гэтую фундаментальную праўду і быць удзячнымі за ўсё, што мы атрымалі. Хрысціянін, які ў праўдзе глядзіць на сябе, павінен прызнаць, што жыццё павінна быць няспыннай падзякай. Аднак гэта яшчэ не ўсё. Хрысціянін павінен зразумець, што атрымлівае дзеля таго, каб даваць. Калі ж ён пра гэта забудзецца, то ўсё, што збірае ад іншых, у пэўны момант выдасць на ўласны прысуд. Раней ці пазней настане момант, калі чалавек зразумее, што сэнс жыцця заключаецца не ў бранні, але ў даванні, не ў збіранні, але ў раздаванні.
Чаму сёння пра гэта кажу? «Памятай дзень святы святкаваць», — кажа Пан Бог у трэцяй запаведзі, таму што праз гэтую запаведзь Бог хоча надзяліць кожнага з нас найвялікшым дарам і падарункам у жыцці, якім з’яўляецца Ён сам. Гэта не абмежаванне, але клопат Бога аб тым, каб мы, маючы ў сабе ўсё — Яго самога — мелі што даваць іншым і самі вытрывалі ў выпрабаваннях жыцця, каб не паддаваліся спакусам злога духа. Чаму папа Францішак прапанаваў унесці змену ў словы малітвы «Ойча наш»? З той мэтаю, каб падкрэсліць дзейнасць д’ябла, які імкнецца адвесці нас ад збаўлення, але таксама і для таго, каб мы ў спакусах не забывалі прызываць Божую дапамогу, не спадзяваліся толькі на ўласныя сілы. Папа Бэнэдыкт XVI у кнізе «Езус з Назарэта» дакладна апісвае, як разумець словы малітвы Панскай “і не ўводзь нас у спакусу”: Бог можа дапусціць сітуацыю спакусы, але гэта д’ябал з’яўляецца крыніцаю спакусы. Аднак, дапускаючы спакусу, Бог чакае акту нашай вольнай волі, бо гэта з’яўляецца выразам нашай веры ў Бога або нашага недаверу Ягонай моцы. У жыцці Езуса Бог таксама дапусціў спакусы д’ябла, але Езус даў нам прыклад, як перамагаць спакусы: не ўваходзіць у дыялог са злым духам, а шукаць ратунку ў Божым слове.
Айцы Касцёла навучаюць, што найлепшым шчытом ад уплыву дэмана на нашае жыццё з’яўляюцца рэгулярная споведзь і св. Камунія. Эўхарыстыя, нядзельная св. Імша — гэта той час, калі сам Бог селіцца ў нас, каб мы ў штодзённасці былі Ягонымі рукамі, нагамі і вачыма. Мы стаім перад незвычайным дарам, перад Эўхарыстыяй. Дар, які ўводзіць нас у трымценне, які сароміць нашу пыху. Хрыстус на зямлі даў нам усё: увесь свой час, усе свае сілы, а ў канцы таксама і жыццё. Аднак гэтага было Яму замала: Ён хацеў даць кожнаму чалавеку, ажно да сканчэння веку — сябе. Даць кожнаму, хто хоча, колькі хоча і калі хоча.
Бярыце і ешце…, бярыце і піце… Гэта двойчы паўторанае бярыце, выказанае за некалькі гадзінаў перад мукаю, а потым смерцю, з’яўляецца ўвасабленнем усёй пазіцыі Хрыста, скіраванай не на збіранне, але на раздаванне. Вось цудоўны прыклад для нас. Прыходзім на св. Імшу, прымаем св. Камунію, кленчым перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам з мэтаю набрацца сілы, каб пазней мы маглі сказаць усім людзям: бярыце! Бярыце мой час, мае сілы, нервы, даброты… Бярыце ўсё, чым я ёсць. Вельмі часта мы забываем, што прабыванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту абавязваюць нас да ахвярнасці. Увогуле, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, рэгулярны ўдзел у св. Імшы і прыняцце св. Камуніі — гэта найлепшая школа малітвы!
Гледзячы на гэтую справу практычна, мы бачым тут адну з прычынаў крызісу сённяшняга хрысціянства: мы забылі, што кожны чалавек, які сапраўды ўдзельнічаў у святой Імшы, выходзячы з касцёла, мае дастаткова сілы, каб здзівіць свет сваёю дабрынёю. Пасля сустрэчы з уваскрослым Хрыстом ён здольны кожным сваім жэстам, учынкам, усёю сваёю паставаю паўтарыць за Хрыстом — бярыце!
З малітваю —
а. Юрый Кулай OCD