Маральны аўтарытэт

Чаму мы не павінны баяцца? Бо чалавек адкуплены Богам. Магутнасць Хрыстовага крыжа і змёртвыхпаўстання заўсёды большая за ўсялякае зло, якога чалавек можа і павінен баяцца.

Ян Павел ІІ, «Пераступіць парог надзеі».


На працягу гісторыі збаўлення Бог ставіць перад чалавекам цудоўных людзей, якія маюць вялікі маральны аўтарытэт. У Старым Запавеце такім быў прарок Ісая, які жыў паміж восьмым і сёмым стагоддзем да Нараджэння Хрыста. Падчас панавання чатырох каралёў Ісая быў увасабленнем сумлення народу. Расплатаю за тое, што ён абараняў маральныя каштоўнасці, быў загад, каб Ісаю распілавалі драўлянай пілой.

Другім чалавекам вялікага маральнага аўтарытэту з’яўляецца святы Ян Хрысціцель. Найвялікшы з прарокаў Старога Запавету рыхтаваў выбраны народ да сустрэчы з Езусам. Ён палюбіў праўду, бараніў мараль у народзе, і за гэта быў пасаджаны ў вязніцу і забіты каралём Ірадам праз адсячэнне мечам галавы.

У наш час, на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў, такім чалавекам з непахісным маральным аўтарытэтам, несумненна, стаў св. Ян Павел ІІ, Вялікі Папа, які таксама абараняў маральныя каштоўнасці, усім сэрцам любіў праўду, любіў Бога і чалавека, будаваў масты паміж народамі, веравызнаннямі і паасобнымі людзьмі. Ён быў чалавекам малітвы і глыбокіх адносінаў з Богам, і таму таксама спазнаў агрэсію праз пакушэнне на яго жыццё. Ян Павел ІІ застаўся для нас прыкладам не толькі жыцця з Богам, але і памірання з Богам.

ASSOCIATED PRESS/East News

Хачу звярнуць увагу на асноўныя рысы людзей вялікага маральнага аўтарытэту. Яны адыгрываюць найважнейшую ролю ў нялёгкіх сітуацыях не толькі там, дзе жывуць, у вёсках, гарадах, але і ва ўсім свеце. Яны бяруць на сябе адказнасць за далейшыя дзеі свайго пакалення. Гэтыя рысы мелі і прарок Ісая, і Ян Хрысціцель, і таксама Караль Вайтыла, які, стаўшы Папам, не перастаў быць проста чалавекам, чэрпаючы сілы з малітвы, якая заўсёды з’яўляецца кіслародам для кожнага веруючага, бо менавіта сіла малітвы ачышчае нашы адносіны з Богам і дае сілы будаваць Божае Валадарства сярод людзей.

Чалавек вялікага маральнага аўтарытэту павінен мець чыстае сэрца і чыстыя рукі, каб мог адкрыць сваё жыццё людзям, не баючыся, што яго нешта скампраментуе.

А гэта вельмі цяжка, бо чалавек жыве ў грамадстве, дзе «хлебам штодзённым» часта з’яўляюцца розныя формы супрацоўніцтва са злом. Шмат хто ў такім грамадстве лічыць, што захаванне веры ўвогуле немагчымае.

Другая рыса такога аўтарытэту — гэта здольнасць любіць праўду і будаваць сваё жыццё выключна на праўдзе.

Любая хлусня, гульні, акторства разбураюць маральны аўтарытэт, бо нават найменшы фальш знішчае давер, а менавіта ён з’яўляецца фундаментам маральнага аўтарытэту.

Трэцяя рыса аўтарытэту — адвага.

Недастаткова толькі любіць праўду. Чалавек вялікага маральнага аўтарытэту павінен заўсёды абараняць справядлівасць і праўду, нават коштам уласнай бяспекі. Ён жыве дзеля вялікіх каштоўнасцяў. Такі чалавек у сваім асяроддзі заўсёды з’яўляецца жывым сумленнем. Праз яго Бог нагадвае нам пра асноўныя хрысціянскія нормы жыцця.

Наступная рыса — гэта патрабавальнасць да сябе і да іншых, але гэтая патрабавальнасць павінна быць рэальнаю і мудраю.

Не можа быць нават ніякай гаворкі пра маральную аднову без вялікіх патрабаванняў да сябе. Св. Ян Павел ІІ нагадваў: «Патрабуйце ад сябе нават тады, калі іншыя ад вас не патрабуюць». Вельмі важная і бескарыслівасць. Найменшая праява карыслівасці, актывізацыя нейкай дзейнасці для грошай або для доказу ўласнай перамогі перакрэслівае маральны аўтарытэт. Чалавек, які служыць вялікім каштоўнасцям, павінен быць абсалютна бескарыслівым.

Апошняя вельмі важная рыса — уменне любіць кожнага чалавека: бацьку і маці, жонку і дзіця, забойцу і святога, і нават свайго ворага, бо толькі ўменне любіць мае ў сабе моц абуджаць творчую і паяднальную сілу ў чалавечай супольнасці. 

Такія людзі нам патрэбныя: з чыстым жыццём, любячыя праўду, адважныя і мудрыя, патрабавальныя і бескарыслівыя, якія ўмеюць любіць кожнага чалавека. Менавіта з такімі людзьмі можна будаваць і цудоўную сям’ю, і добрую школу, і ўзорны шпіталь, і ўніверсітэт, і прадпрыемства, і парадак на вуліцы. Маральнае зло нельга перамагчы толькі сілай. Яго можна перамагчы толькі, і выключна, дабром і любоўю. Нашы сябры і героі ў гэтым змаганні — прарок Ісая, Ян Хрысціцель, Ян Павел ІІ. Гэта толькі некаторыя сярод шматлікіх святых, якія спрадвеку падабаліся Богу і неслі Яго любоў і прабачэнне людзям, чэрпаючы сілы ў малітве.

Мы, хрысціяне, маем штодзённую магчымасць падысці да алтара і працягнуць рукі да Бога. Мы павінны паказваць свету, што верым у творчую моц праўды, у творчую моц міласэрнай Божай любові, асаблівы цяпер, у гэты нялёгкі для нашай Айчыны і ўсяго свету час. Трэба прасіць Пана Бога аб захаванні ад раптоўнай і неспадзяванай смерці, ад голаду, вайны і заразы. Аб гэтым трэба маліцца падчас кожнай св. Імшы. Дай жа, Божа, каб людзей з вялікім маральным аўтарытэтам было яшчэ больш, і каб мы да іх таксама належалі.


З малітваю і пажаданнем здароўя — айцец Юрый Кулай OCD

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней