Каб стаць святым, дастаткова няшмат тэорыі,
але патрэбна шмат практыкі.
Св. Францішак Сальскі
Сярод шматлікіх хваробаў, што непакояць чалавека, ёсць таксама адсутнасць апетыту. Хворы не хоча есці. Ён не ведае, што такое голад. Можа цэлымі днямі нічога не есці і толькі п’е ваду, каб не адчуваць болю засохлага горла. Слабее, траціць сілы і набліжаецца да смерці, аднак не адчувае голаду. Гэта знак таго, што арганізм хворы і не змагаецца за жыццё. Выключна сілай волі чалавек зможа змусіць сябе есці і дзякуючы гэтаму жыве, пераадольваючы крызіс.
Падобную хваробу душы можна назіраць у адносінах да рэлігійных каштоўнасцяў. Можа з’явіцца такі стан, у якім чалавеку не патрэбна ніводная з гэтых каштоўнасцяў. Яму абсалютна ўсё роўна, ёсць яны альбо іх няма, а калі ён і карыстаецца імі, то робіць гэта праз сілу і без адчування якога-небудзь смаку. Сіла волі таксама ў такім выпадку можа дапамагчы пераадолець небяспечную хваробу душы. Праз нейкі час чалавек пачне адчуваць задавальненне ад гэтых каштоўнасцяў і адкрываць, што ён іх прагне.
Чуючы неаднойчы пра рэлігійныя каштоўнасці, мы становімся перад багата накрытым сталом і заўважаем толькі насычанасць гэтага стала. Нам здаецца, што дастаткова прывесці людзей да гэтага стала, каб яны з радасцю селі пры ім і пачалі з апетытам спажываць усё, да чаго можа дацягнуцца рука. Гэта ілюзія. Людзей, якія не адчуваюць голаду, не цікавіць нават вельмі багаты стол.
Адносіны да рэлігійных каштоўнасцяў вызначае духоўны голад чалавека. Абуджэнне гэтага голаду — прынцыповая справа. Галоднаму чалавеку да смаку, нават вельмі, кавалак сухога хлеба. Яго пах даходзіць да галоднага чалавека з адлегласці некалькіх метраў. Чалавек знойдзе яго нават у сметніцы, бо для яго гэты кавалак сухога хлеба з’яўляецца скарбам большым, чым золата свету.
Што рабіць, каб нашая душа прагнула Божых каштоўнасцяў?
Гэта фундаментальнае пытанне, а адказ на яго вырашальны для развіцця рэлігійнага жыцця. Што рабіць, каб свет, у якім мы жывем, адчуў жаданне Бога?
На жаль, леку ад гэтай небяспечнай хваробы душы няма. Дапамога спосабам прымусу, пагрозаў і асуджэння ніколі не будзе эфектыўнай. Гэта нараджае, як правіла, процілеглую рэакцыю, што мы і бачым на прыкладзе дзяцей, моладзі і тых дарослых, якія згубіўліся на шляху практыкі веры. Асноўны сродак дапамогі — гэта малітва. Трэба даручыць Богу ўсё тое, з чым мы самі справіцца не можам, памятаючы, што для Яго няма нічога немагчымага. Нават калі твая малітва будзе выслухана пасля тваёй смерці, то ўжо цяпер варта маліцца. Бог заўсёды знойдзе магчымасць, каб учыніць чалавечае сэрца ўрадлівым на духоўныя справы. Наступны сродак дапамогі — гэта сустрэча з людзьмі, якія сілкуюцца духоўнымі каштоўнасцямі, і назіранне іх жыцця. Тады негалодны пачынае каштаваць тое, што яны спажываюць, задаючы, падобна габрэям, якія збіралі манну ў пустыні, пытанне: «Што гэта такое?» Інтэнсіўнасць рэлігійнага жыцця веруючых людзей, іх спакой, радасць, здольнасць да прысвячэння сябе, і асабліва сапраўдная любоў, змушаюць да рэфлексіі, не дазваляюць прайсці абыякава каля стала, пры якім яны сядзяць. Гэта справа жадання, і калі хтосьці нічога не хоча, то нават калі б і сядзеў пры тым жа стале і радаваўся супольнасці рэлігійных людзей, то і так не возьме нічога з таго, што яны спажываюць.
Калі нехта ўжо каштаваў Божыя каштоўнасці, напрыклад, у дзяцінстве, але паступова трапіў у гэтую дзіўную хваробу душы, то варта далучаць сябе да спажывы Божых каштоўнасцяў, абапіраючыся на валявое рашэнне: неабходна есці, нягледзячы на адсутнасць апетыту. Апетыт, а пазней голад па вялікіх рэлігійных каштоўнасцях вернуцца як знак вяртання душы да здароўя. Неабходна проста сілай волі пераадолець крызіс і не дапусціць, каб цалкам страціліся сілы. Без пасілку сілы душы вельмі хутка таюць...
Варта задумацца над голадам па Богу, сваім уласным і свайго асяроддзя, бо нездаровая ежа гэтага свету знішчае ў нас адчуванне апетыту на вялікія духоўныя каштоўнасці: мы шукаем пячэння, салодкіх цукерак, а забываем пра добры хлеб, што дае нам жыццё вечнае. Важна штодзённа клапаціцца пра сваё фізічнае жыццё, шанаваць яго ад моманту зачацця і да натуральнай смерці, але не менш важна няспынна жывіць, наталяць сваё духоўнае жыццё, бо толькі яно вядзе нас да жыцця вечнага.
Няхай жа малітва будзе тым кіслародам для душы, які няспынна падтрымлівае ў нас Божае хрысціянскае жыццё, што нанова падараваў нам Сын Божы, калі прыняў чалавечае Цела.
Рубрыку «Школа малітвы» вядзе айцец Юрый Кулай OCD -
кармэліт босы, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску,
магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.