Дзявятая звычайная нядзеля, год С (2.06.2013)
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі (Лк 7, 1–10) «Калі Езус скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу. Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу». Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дома, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой. Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць». Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!» Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым».
«Пане, я не варты»
Словы з сённяшняга евангельскага чытання, прамоўленыя сотнікам, кіраўніком вайсковай адзінкі, якая складаецца з сотні жаўнераў, цудоўна вядомыя нам. Мы прамаўляем іх падчас кожнай святой Імшы перад тым, як прыняць святую Камунію: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне…»
Як гэтыя словы паказваюць нам глыбіню сэрца рымскага жаўнера? Бачна, што ён шчодра адораны дарам Духа Святога — бояззю Божай. Гэты дар выяўляецца ў глыбокім перакананні, што Бог — магутны, моцны, вялікі, неймаверна дасканалы ў сваіх справах і чынах. Тэалогія духоўнасці вучыць, што чалавек, які мае дар боязі Божай, дрыжыць перад веліччу Божай, як дрыжаць у небе анёлы. Аднак гэтае дрыжэнне ўзнікае не з прычыны боязі або страху. Такое дрыжэнне выклікана захапленнем, да якога вядзе захапленне Божай дасканаласцю і Ягонаю моцаю. Яно поўнае шчасця і прасляўляе незвычайную прыгажосць, моц і дабрыню Бога. Асаблівае дзеянне Духа Святога праз гэты дар можна ўбачыць і ў выпадку са святым Янам Хрысціцелем. Менавіта ён прамаўляе словы, падобныя да словаў сотніка: «Я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных» (Ян 1, 27). Той, хто атрымаў дар пазнання велічы Божай, так, як сотнік або святы Ян Хрысціцель, становіцца перад Божым абліччам у пакоры — менавіта таму, што ў ім праяўляецца дар боязі Божай. Варта яшчэ ўзгадаць словы, з якімі Пан Езус каля студні Якуба звярнуўся да самаранкі: «Калі б ты ведала, <…> хто кажа табе» (Ян 4, 10). Гэтыя словы таксама могуць раскрыць таямніцу пакоры. Толькі веданне Божай велічы і Яго любові і разам з тым веданне сябе самога дазваляюць нам стаць перад Богам з пакораю, без якой немагчыма падабацца Яму. Гэтае пазнанне, якое адначасова з’яўляецца і дарам, таксама дазваляе чалавеку звяртацца да Бога з глыбокаю вераю. З вераю, падобнаю да веры, атрыманай сотнікам, якую так упадабаў Хрыстус. Варта памятаць, што кожны з дароў Духа Святога валодае неабмежаванай магчымасцю дзейнічаць у нашых сэрцах, таму будзем горача прасіць Пана Езуса, асабліва на гэтым тыдні, каб Дух Святы, якога Ён паслаў нам, мог сваім дзеяннем у дары боязі Божай учыніць нас — праз пазнанне Бога і саміх сябе — больш пакорнымі і больш глыбока веруючымі, як сотнік з сённяшняга евангельскага чытання.
Айцец Раман Шульц ОР