Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, год С (26 мая 2013 г.)
Евангелле паводле святога Яна (Ян 16, 12–15)
Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.
* * *
«Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам». Таямніца св. Тройцы — адна з найбольш важных праўдаў хрысціянскай веры. Сваёй адметнасцю яна найлепш сведчыць аб боскім паходжанні хрысціянства, бо яе зразуменне перавышае магчымасці нават самага дасканалага чалавечага розуму. Калі б стварэнне было ў стане да канца зразумець свайго Творцу — Творца не быў бы Богам сапраўдным. Спробы самых вялікіх тэолагаў не могуць раскрыць поўню Таямніцы, на пазнаванне якой нам прапануецца цэлая вечнасць, калі толькі будзем імкнуцца жыць праўдамі, абвешчанамі ў Духу Любові праз Уцелаўлёнае Слова Спрадвечным Айцом.
У выніку той жа чалавечай абмежаванасці, абумоўленай не толькі натурай, але і розніцай менталітэтаў, гістарычных, культурных і моўных асаблівасцяў, паміж хрысціянамі розных народнасцяў і традыцый узнікаюць непаразуменні адносна асобых праўдаў, аб’яўленых Богам. Усе хрысціяне, напрыклад, згаджаюцца, што Бог адзін, але ў трох Асобах, роўных у сваім Бостве, і адрозніваюцца толькі суадносінамі паміж сабой. Першапрычына — Айцец — спрадвечна нараджае Сына і ад Іх абодвух, як вучыць Каталіцкі Касцёл, адзіным подыхам асабовай Любові паходзіць Дух Святы. З такім разуменнем не згаджаюцца Праваслаўныя Цэрквы, бо ў так званым Нікейска-Канстанцінопальскім Сімвале веры, прынятым у 381 годзе на Паўсюдным Саборы ў Канстанцінопалі з выкарыстаннем Сімвалу Нікейскага Сабору (325 г.) гаворыца толькі аб паходжанні ад Айца, а славутая «Filioque» — «і Сына» — гэта пазнейшы лацінскі дадатак, унесены, да таго ж, без іх удзелу. Правамоцнасць жа гэтага (абумоўленага тэалагічнай патрэбай у канкрэтнай гістарычнай сітуацыі на Захадзе) дадатку, які нічога не змяняе, а толькі паглыбляе разуменне узгаданай праўды веры, тлумачаць дакументы Фларэнційскага Сабору (1438–1445) у дэкрэце да грэкаў: «Паколькі ўсё, што належыць Айцу, Айцец сам даў адзінаму свайму Сыну, калі Яго нараджаў, — за выключэннем свайго быцця як Айца, — усё, і гэта паходжанне Святога Духа ад Сына Сын спрадвечна мае ад Айца, які Яго спрадвечна нарадзіў». Ці ж словы Хрыста, узятыя як эпіграф да гэтага разважання, не кажуць тое самае?
Нельга назваць прававерным перакананне, што Сын не мае сувязі з Духам Святым. Калі выкарыстаць зусім прымітыўнае параўнанне, ці будзе правільна сказаць, што кветка паходзіць толькі ад кораня, а са сцяблом не мае нічога агульнага? Корань, безумоўна, — аснова ўсёй расліны, але кветка не нараджаецца непасрэдна з кораня. Гэта пярэчыла б адзінству Святой Тройцы. Дый сапраўдная і шчаслівая любоў (а Дух Святы і ёсць асабовая спрадвечная Любоў паміж Айцом і Сынам) не можа быць аднабаковай. Любоў не можа быць таксама аднаасабовай, інакш гэта быў бы ўжо эгаізм, а не любоў. Эгаізм толькі бярэ. Любоў, наадварот, дае. Таму Бог — Любоў, і Ён стварае свет і чалавека ў ім, каб адорваць яго сваім бясконцым шчасцем.
Безумоўна, усе параўнанні, «кульгаюць» і толькі крыху адкрываюць нам той ці іншы аспект Бясконцай Таямніцы. Самае ж галоўнае, каб усе мы, шукаючы праўду, не забываліся і пра Любоў, якая адзіная можа па-сапраўднаму максімальна, наколькі гэта магчыма для чалавека, наблізіць нас да жыцця Святой Тройцы.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР