«І перамяніўся перад імі»

Свята Перамянення Пана (06.08.2017) 

І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса. Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».

(Мц 17, 1–9)

«І перамяніўся перад імі»

Сённяшні ўрывак з Евангелля багаты на вобразы і словы. Мы бачым Найсвяцейшую Тройцу: Езуса, голас Бога Айца і воблака, сімвал Святога Духа. З’яўляюцца містыкі Старога Запавету: Ілля і Майсей, а таксама тры Апосталы: Пётр, Ян і Якуб. Здаецца, што мы ведаем гэтую сцэну даволі добра, але ці не становіцца гэтае «веданне» руцінным, ці не замыкае нас для дзеяння Божага слова тут і цяпер? 

Перамяненне Пана — гэта сапраўды вялікая таямніца, над якою мы пакліканыя разважаць, чытаючы Божае слова і таксама молячыся на ружанцы, каб перажыць гэтую таямніцу нанова. Каб увайсці ў яе глыбіню, мы павінны духоўна апынуцца сярод яе ўдзельнікаў, знайсці там сваё месца, пачуць іх размову і дазволіць, каб Божае слова ажыццявілася ў нас. Таму трэба задаць сабе пытанне: ці спрыяе нашае разважанне, каб мы адкрываліся на ласку, якую нясе гэтая таямніца? І наколькі Божая ласка, заключаная ў ёй, фармуе нашае жыццё? 

У 2002 г., пасля таго як папа Ян Павел ІІ выдаў ліст пра Ружанец «Rosarium Virginis Mariae», я вельмі ўважліва яго прачытаў, і многае з напісанага глыбока мяне ўразіла. Сёння я прапаную чытачам 13 раздзел з гэтага ліста і прашу, каб вы мелі перад вачыма ўрывак з сённяшняга евангельскага чытання аб Перамяненні, і ўважліва і засяроджана прачыталі і паразважалі над думкамі з ліста Папы. Я перакананы, што словы святога Яна Паўла ІІ могуць дапамагчы адкрыцца для перамяняльнай моцы разважання і малітвы. Ад малітвы залежыць шмат. Калі я некалькі гадоў таму быў у Гродне, кардынал Зянон Грахалеўскі сказаў пра гэта незвычайна простыя і глыбокія словы: «святасць залежыць ад якасці малітвы». Няхай разважанне над чацвёртаю таямніцаю святла пераменіць нашае жыццё. 

 «Кантэмпляваць з Марыяй — гэта перадусім успамінаць. Аднак трэба разумець гэтае слова ў біблійным значэнні памяці (zakar), якая актуалізуе справы, здзейсненыя Богам у гісторыі збаўлення. Біблія ёсць апісаннем збаўчых падзеяў, якія дасягаюць свае кульмінацыі ў самім Хрысце. Гэтыя падзеі не належаць толькі да «ўчора»; яны з'яўляюцца таксама «сённяшнім днём» збаўлення. Гэтая актуалізацыя ажыццяўляецца асаблівым чынам у літургіі: тое, што Бог здзейсніў стагоддзі назад, не датычыць толькі непасрэдных сведкаў тых падзеяў, але сваім дарам ласкі даходзіць да людзей усіх часоў. Гэта пэўным чынам датычыцца таксама кожнай іншай пабожнай практыкі, якая набліжае нас да тых падзеяў: «успамінаць іх» з пазіцыі веры і любові азначае адкрывацца на тую ласку, якую Хрыстус атрымаў для нас праз свае таямніцы жыцця, смерці і змёртвыхпаўстання. Таму, калі за ІІ Ватыканскім Саборам яшчэ раз трэба пацвердзіць, што літургія як выкананне святарскай паслугі Хрыста і як публічны культ «ёсць вяршыняю, да якой імкнецца дзейнасць Касцёла, і разам з тым ёсць крыніцаю, з якой выплывае ўся Ягоная сіла», то трэба таксама прыгадаць, што «духовае жыццё не абмяжоўваецца ўдзелам у самой літургіі. Бо, хоць хрысціянін пакліканы да супольнай малітвы, ён павінен таксама ўвайсці ў свой пакой і, зачыніўшыся, маліцца да Айца (пар. Мц 6, 6), і нават, як вучыць Апостал, павінен маліцца няспынна (пар. 1 Тэс 5, 17)». Ружанец па сваёй спецыфіцы належыць да гэтай разнастайнай панарамы «няспыннай малітвы», і калі літургія, як дзейнасць Хрыста і Касцёла, ёсць перадусім збаўчаю дзейнасцю ў поўным значэнні гэтага слова, то Ружанец, як «медытацыя» аб Хрысце з Марыяй, ёсць збавеннаю кантэмпляцыяй. Сапраўды, калі, таямніца за таямніцаю, мы паглыбляемся ў жыццё Адкупіцеля, то ўсё, што Ён здзейсніў, а літургія актуалізуе, глыбока засвойваецца і фармуе наша існаванне». 

(Ліст Яна Паўла II «Rosarium Virginis Mariae», 13)


Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней