
Дваццаць восьмая звычайная нядзеля, Год А (15.10.2017)
Езус зноў расказаў ім прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
(Мц 22, 1–14)
Хто каго апярэдзіць?
Кароль выгнаў з вясельнай гасціны чалавека не таму, што ён быў дрэнны, а таму, што той госць быў неадпаведна апрануты. Што гэта азначае? Што нягледзячы на тое, добры я ці дрэнны, мяне пусцяць на вяселле? Можа, дастаткова прыгожа апрануцца, каб цябе не выкінулі са святочнай гасціны? Не. Зусім не. Бо на вяселле пускаюць не таму, што я дрэнны або добры, а таму, што я запрошаны! Гаспадар сказаў: «Усіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле». Апроч таго, зусім не адзенне вырашае, ці застануся я святкаваць, ці мяне выкінуць вон. Калі б знешні выгляд вырашаў, дастаткова было б «звонку ачышчаць кубак і місу, а ўнутры быць поўным драпежнасці і нястрыманасці» (пар. Мц 23, 25). А гэта не так.
Прыпавесць пра добрых і дрэнных нагадвае мне думку пра «душпастырскі падыход», які быў сфармуляваны ў энцыкліцы папы Францішка «Amoris laetitia». Дактрына не змяняецца, яна застаецца заўжды тою самаю, але гаворка ідзе пра тое, каб дзякуючы душпастырскаму падыходу дазволіць удзел у вясельнай гасціне, прывесці да крыніцы ўсіх, каго магчыма, і настолькі, наколькі магчыма. Каб нікога не адаслаць назад галодным або спрагненым. Вядома, нельга забіраць хлеб у дзяцей і кідаць сабакам (гл. Мц 15, 21–28), але «і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх» (Мц 15, 27). Што ж наконт таго госця, выгнанага са святочнай гасціны, які быў неадпаведна ўбраны? Убранне — гэта сімвал, калі я дрэнны чалавек, але нягледзячы на гэта быў запрошаны святкаваць, тады я здольны, прынамсі, адпаведна апрануцца для святкавання. Я, прынамсі, магу «апрануцца» ў скруху і ўдзячнасць. А калі выкінуты быў добрым (у прыпавесці нічога не гаворыцца пра тое, што ён быў дрэнны)? Увага! Сама прыналежнасць да добрых людзей нічога не гарантуе. «Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства» (Мц 7, 21). Іх апярэдзяць мытнікі і грэшнікі…
Айцец Тамаш Галонка OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць восьмую звычайную нядзелю, Год А:
айцец Раман Шульц ОР «Дар удзячнасці»
айцец Крыштаф Коц'ян OP «Не баяцца зменаў»