Дадзенае любоўю жыццё

Дваццаць восьмая звычайная нядзеля, год В (14.10.2018)

Калі Езус выходзіў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» Езус сказаў яму: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці».

А той адказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: «Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною». Але ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.

Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае». Вучні дзівіліся з Ягоных слоў. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: «Хто ж можа збавіцца?» Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма».

І пачаў Пётр казаць Яму: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою». Езус адказаў: «Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля, і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым веку — жыццё вечнае.

(Мк 10, 17–30)

Дадзенае любоўю жыццё

Да Езуса прыходзіць чалавек і пытаецца ў Яго, як дасягнуць вечнага жыцця. Пачатак размовы самы звычайны: Езус гаворыць, што трэба выконваць Божыя запаведзі, то бок дастаткова жыць звчайным жыццём. Але калі аказваецца, што хлопец сапраўды добры і імкнецца да лепшага, Езус, гледзячы  на яго з любоўю, прамаўляе словы, якія б’юць нібы абухом па галаве: «Ідзі, прадай усё, што маеш, і ідзі за Мною». Для заможнага юнака гэта аказваецца непераадольнаю перашкодаю, і ён, якому для наследавання вечнага жыцця не хапала «толькі аднаго», адыходзіць у маркоце.

Гэта ўразіла вучняў Езуса. Божае Валадарства, якое яны ўжо амаль адчувалі, аказалася зусім недасягальным. Узнікае рытарычнае пытанне: хто ж можа збавіцца? Езус пацвярджае, што людзі не могуць сваімі сіламі дасягнуць Нябеснага Валадарства, але паказвае вучням шлях надзеі: для Бога няма нічога немагчымага. Жыццё вечнае нельга набыць за грошы, заслужыць, дасягнуць. Гэта заўсёды Божы дар.

Цяпер мы пачынаем разумець, што найбольш перашкодзіла багатаму юнаку прыняць Божую ласку: пачуццё, можа нават неўсвядомленае, што гэтая ласка яму не патрэбная, што ён можа сам сабе даць рады, здольны кантраляваць уласнае жыццё і панаваць над сваімі пачуццямі і жаданнямі, умее распараджацца вялікай маёмасцю. Ён лічыць, што мае ўсе сродкі, каб сваімі сіламі дасягнуць вечнага жыцця. Таму яго так засмуціла парада Езуса пазбыцца ўсяго, на што ён спадзяваўся.

Каб атрымаць вечнае жыццё, трэба страціць жыццё цяперашняе. Парадокс, але прапанова Езуса — гэта шлях свабоды. Нашае жыццё на зямлі разам з усім, што да яго належыць і чым мы валодаем, мы страцім і так. Пан Езус заклікае нас аддаць яго дабравольна: замяніць на любоў і пайсці за Ім у вечнае жыццё. Пайсці за Езусам, у якога ніхто не адбярэ жыццё, якое Ён сам з любоўю дае.


Крыштаф Коц’ян OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць восьмую звычайную нядзелю, Год В:

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней