Трыццаць першая звычайная нядзеля, год В (04.11.2018)
Адзін кніжнік падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: «Якая запаведзь першая з усіх?» Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”. Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя». І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні». Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
(Мк 12, 28b–34)
Шлагбаўмы і расклад
Ёсць словы, на якія ў мяне ўзнікае «алергія». Адно з такіх словаў у нашыя часы паўтараюць бясконца, як рэфрэн, яно абавязвае цябе і не церпіць супраціўлення: «Павінен». Свабода, якая заяўляе аб сваіх правах, і асабістая незалежнасць, якая махае рэлігійным штандарам з цытатаю «Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус» (Гал 5, 1), дрэнна суадносяцца з рознымі «мусіш, павінен, нельга». З такой «алергіяй» і прадузятасцю мы глядзім на Бога праз акуляры падазронасці і бачым у Ім міліцыянера, які чакае нас за шлагбаўмам забаронаў, які сам паставіў. Такі Бог хацеў бы, каб мы былі побач, аднак толькі замкнутымі ў залатой клетцы з Дзесяці запаведзяў, якія на ўсялякі выпадак узмоцненыя яшчэ і касцёльнымі наказамі. Бачачы ў іх толькі шлагбаўмы, якія стаяць на нашай дарозе, мы марым пераскочыць праз іх, найлепш незаўважанымі, без наступстваў. Такая вера, або, лепей сказаць, нясталая рэлігійнасць, якая шукае шлагбаўмаў і спосабаў іх абмінуць, можа толькі мучыць людзей і цалкам забірае сілы, як бег з перашкодамі. Раней ці пазней мы павалімся на зямлю.
Герой сённяшняга Евангелля прыходзіць да Езуса з пытаннем пра запаведзі. Ён прыходзіць паразмаўляць з Езусам, паглядзець Яму ў твар, зазірнуць у вочы. Гэтая блізкасць да Хрыста змяняе ўсё, яна тлумачыць сэнс і мэту запаведзяў. Гледзячы на Езуса, мы чуем: «Прагну, каб…», а не бяздушнае: «Ты павінен…» або «Табе нельга…» На блізкай адлегласці нам ужо не патрэбныя акуляры падазронасці, мы бачым не шлагбаўмы, а расклад цягнікоў, дзе пазначаныя запаведзі, прароцтвы, абяцанні і дапамога ў тым, як дабрацца да мэты — Нябеснага Валадарства.
Кожны дзень прабываючы блізка з Хрыстом, змяняецца і наш слых. Мы ўжо не дрыжым са страху, чуючы: «Ты павінен». У вушах гучаць словы Божага прароцтва: «Калі падыдзеш бліжэй, калі будзеш побач са Мною, не станеш углядацца ў сябе самога, у свае здольнасці і хібы, а ўглядзішся ў Мяне, тады абяцаю табе, што ты зможаш любіць Бога і бліжняга ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёю душою».
Айцец Яцак Шымчак OP