Трыццаць другая звычайная нядзеля, год В (11.11.2018)

А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынках, і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».

Сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. Прыйшла адна бедная ўдава і ўкінула дзве лепты, што складае адзін кадрант. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой».

(Мк 12, 38–44)

У Божых руках

Бедная ўдава з сённяшняга евангельскага ўрыўка — гэта, напэўна, адзін з найбольш папулярных вобразаў еўрапейскай культуры. Удовін грош з’яўляецца настолькі моцным сімвалам шчодрасці бедных людзей, што гэта можа засціць нам сэнс самога гэтага ўчынка. Сапраўды, бедныя больш схільныя падзяліцца тым, што маюць. На гэта ёсць некалькі прычынаў: з аднаго боку, яны лепш разумеюць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, бо з уласнага досведу ведаюць, што такое нястача. З іншага боку, яны менш баяцца, што нехта забярэ ў іх і тое нямногае, што яны маюць, — ім проста амаль няма чаго губляць.
Таму бедныя звычайна бываюць больш шчодрымі. Але сённяшні евангельскі ўрывак не пра гэта. Бедная ўдава аддае ўсё, што мае для падтрымання ўласнага жыцця. Гэта ўчынак не шчодрасці, а даверу: у Твае рукі, Пане, я аддаю свой лёс. Апроч Цябе, у мяне нікога няма.

Для габрэяў гэтая удава — чалавек, які прайграў у жыцці. Яна не мае мужа і дзяцей, якія маглі б апекавацца ёю. Ёй няма на што жыць, яна не можа пахваліцца нават сваім мацярынствам. Яна нічога не дасягнула, таму толькі Бог можа выратаваць яе і надаць сэнс яе жыццю.

Парадаксальна: бедная ўдава — гэта вобраз Хрыста. Ён таксама прайграў у сваім жыцці паводле разумення гэтага свету: памёр ганебнай смерцю на крыжы, пакінуты вучнямі, аточаны пагардаю. У сваім прыніжэнні Ён літаральна пазбаўлены ўсяго. Яго перамога паходзіць выключна з поўнай адданасці Айцу і даверу да Яго: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 46). У еднасці з Айцом параза ператвараецца ў перамогу, якая змяняе ўвесь свет. Бессэнсоўная, здавалася б, смерць становіцца паўнатою жыцця.

Калі бедная ўдава — вобраз Хрыста, то для нас гэта з’яўляецца шляхам да збаўлення. Мы можам атрымаць яго толькі ў дар, як ласку. Таму трэба быць вельмі ўважлівымі, каб тое, чым мы валодаем, чаго дасягнулі і чым ганарымся, не стала для нас спакусаю; каб гэта ўсё не перашкодзіла нам аднойчы ўсклікнуць: «Езу, давяраю Табе! Толькі Табе…»


Крыштаф Коц’ян OP

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней