Другая нядзеля Адвэнту, год С (09.12.2018)
У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам Абілены, пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні. Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі:
«Голас таго, хто кліча ў пустыні:
“Падрыхтуйце дарогу Пану,
простымі рабіце сцежкі Яму!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
а ланцугі гор — далінаю.
І ўбачыць кожнае цела
Божае збаўленне”».
(Лк 3, 1–6)
Што не атрымалася ў Бога?
Пачаўшы чытаць сённяшні евангельскі фрагмент, я адразу падумаў пра няўдачу Бога. Вось Ён, Стварыцель неба і зямлі, стварыў народ і прывёў яго ў абяцаную зямлю. А цяпер Яму даводзіцца размаўляць у пустыні з нейкім дзіваком. У свеце пануюць Тыберый і Пілат, Філіп і Лізанія, якім не цікавы той незразумелы Бог Ізраэля. Першасвятары, Анна і Каяфа, праз нейкі час асудзяць Божага Сына на смерць — яны няздольныя зразумець Божыя задумы.
Сапраўды, узнікае спакуса палічыць, што Бог не справіўся са светам, які стварыў, і трэба пачынаць усю гісторыю нанова. Яго ласка вялікая, але магчыма, чалавек няздольны яе прыняць. Замест таго, каб прыносіць адпаведны плён, Божы народ зноў і зноў перажывае ўпадкі. Таму Бог, падобна як у часы Ноя, пакідае гэты свет, каб ён каціўся ўніз, да поўнага свайго разбурэння і знішчэння. Ён прыходзіць да нас у сваім Сыне, каб давесці да завяршэння справу збаўлення, ужо без удзелу чалавека, бо нашая натура слабая і сапсаваная.
Гэтая думка не дазваляе паверыць, што Бог аказаў сваю ўсемагутнасць менавіта ў тым, што, не ламаючы нашую свабоду, у слабасці чалавечай натуры давёў справу збаўлення да канца. Нягледзячы на гісторыю, поўную здрадаў і ўпадкаў, Яго народ прынёс плён, выканаў тое, дзеля чаго ён быў створаны. Гэта няпроста заўважыць, бо нас падманваюць яркія гістарычныя дэталі, тое, як гаворыцца пра ўладароў, што нібыта пануюць у свеце. Гэта засціць нам сапраўднае жыццё, якое ў Бібліі называецца словам «рэшта». Яно азначае прастору навяртання, дзе ў крохкай чалавечай натуры пульсуе Божая ласка. У ёй адбываецца гісторыя, Божы народ і яго ўстановы выконваюць план збаўлення. Занятыя самімі сабою Анна і Каяфа проста забываюцца, што Ян, як і яны самі, — сын Аарона. У ягоных вуснах, вуснах нашчадка Аарона, гучыць заклік да Божага народа падрыхтавацца да сустрэчы з Богам, якім будзе Сын Давіда: так, як гэта абвяшчаў прарок Ісая і апяваў у псальмах Давід.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Другую нядзелю Адвэнту, Год С:
- айцец Тамаш Білка OP «Exit»
- айцец Раман Шульц ОР «Падрыхтуйце дарогу Пану...»