Дай сабе знянацку здзівіцца

Свята Хросту Пана, год С (13.01.2019)

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.

Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

(Лк 3, 15–16. 21–22)

Дай сабе знянацку здзівіцца

Адзін філосаф засцерагаў: «Не давярай вачам, бо дакладна падманешся». Ты заўжды ім давяраў? Паспрабуй зрабіць эксперымент. Ведаеш, што палачка, апушчаная ў ваду, выглядае крывою? Паглядзі… Ужо незразумела, у што верыць, праўда? Заплюшчы вочы, засунь руку ў ваду і правер: палка застаецца прамою. Ты ўсміхаешся, знянацку ўсё аказалася інакш, ты здзівіўся.

Мне заўжды здавалася, што калі ў Бібліі ідзе гаворка пра ваду, гэта павінна азначаць патоп, зыход або хрост. Я ведаю, што хоць гэта і магутнгая стыхія, яна дае жыццё, такая натура вады. Агонь заўжды асацыяваўся ў мяне з Сінайскаю пустэльняю, Садомам і агнём Суду, які адбудзецца напрыканцы часоў, у дзень Божага гневу. Гэта полымя, якое хутчэй знішчыць, чым адновіць, і якога трэба баяцца, а не імкнуцца да яго з усіх сілаў.

Але Святое Пісанне ведае ваду, якая ачышчае, як агонь, і ведае агонь, які дае жыццё, як вада. Мяне ўразіў сённяшні евангельскі фрагмент, хоць я добра яго ведаю. У ім гаворыцца, што пасля Яна прыйдзе Той, Хто мацнейшы за яго, і будзе хрысціць народ Духам Святым і агнём. У арыгінале гэтыя словы гучаць яшчэ мацней: пагружаць народ у Дух Святы і агонь. Гэта значыць — зусім інакш за Яна. Аднак жа, ці розніца толькі ў тым, што прарок хацеў вадой з Ярдана змыць грахі з усіх, хто з пакораю прыйшоў за ім на бераг ракі, а Езус хацеў даць ім нешта большае за ачышчэнне — полымя Духа, якім Ён жыў?

У другі раз гэты ўрывак здзівіў мяне, калі я па памяці і карыстаючыся ўяўленнем прыдумаў вобраз, падобны да карціны, якую некалі бачыў у музеі: Езус стаіць пасярод ракі, аточаны натоўпам людзей. Яны глядзяць на Яго ўважліва, і адначасова нібыта ведаюць, што зараз пачуюць голас, Божае слова, якое пацвердзіць тое, на што яны заўжды спадзяваліся: гэта Ён. Гэта ўмілаваны Сын, якога ўпадабаў Айцец. У той жа час Лука піша пра хрост Езуса нібыта не спецыяльна, як бы выпадкова, прысвячаючы яму ўсяго два сказы: калі хрысціўся ўвесь народ, Езус таксама прыняў хрост. «Хто ж тут найважнейшы?» — задаю я сабе пытанне. Гэта так проста! Я сам сабе ўсміхаюся пад нос. Усё знянацку аказалася інакш, і я здзівіўся. «Бо любоў моцная, як смерць; суровая, як адхлань, зайздрасць. Полымя яе як полымя агню, як Божае полымя» (Пп 8, 6).


Айцец Павел Зыбура OP
Пераклад Юліі Шэдзько

Па матэрыялах партала W drodze

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней