Другая звычайная нядзеля, год С (20.01.2019)
А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху. І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль». Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум, Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.
(Ян 2, 1–12)
Ратунак ад адзіноты
Адзінота — гэта цяжка і прыкра. Ты застаешся адзін, і побач няма нікога, хто выслухае, зразумее. У Магілеве раніцай мы служым святую Імшу а 7 гадзіне, таму, каб паспець дайсці да месца пехатой, трэба выйсці дзесьці а палове на шостую. І вось, ідучы у такі ранішні час, я бачу ў некаторых вокнах сіняе святло тэлевізара або камп’ютара. Значыць, гэтыя людзі яшчэ не ляглі спаць, а можа заснулі перад тэлевізарам. Так, тэлебачанне і інтэрнэт здаюцца добрым спосабам заглушыць адзіноту, але толькі на некаторы час. А як сябе адчуваюць тыя, хто дабравольна выбірае адзіноту? Я маю на ўвазе тых, хто вырашыў ісці за Езусам, толькі Яму прысвяціць сваё жыццё. Ці не баяцца яны гэтага пачуцця? І хаця тэлебачанне і інтэрнэт даступныя ў наш час у многіх кляштарах, не яны прыцягваюць тых, хто ўсур’ёз прымае Божае пакліканне. Ёсць розныя ордэны, манаскія супольнасці, але ні ў адным з іх чалавек не застаецца адзінокім, бо адказвае на запрашэнне Асобы — Езуса, выходзіць па-за ўласныя межы, па-за свае планы на жыццё, а не шукае толькі вызвалення ад прыкрага пачуцця адзіноты. Езус перамяняе адзіноту ў блізкую асабістую сустрэчу з Яго бязмежнай любоўю і міласэрнасцю. І чалавек ужо ніколі не застанецца адзін — ні тут, ні ў вечнасці. Гэта ж датычыць і благаслаўлёнага Богам на ўсё жыццё сужэнства, калі мужчына і жанчына з даверам да Бога аддаюць сябе ў дар адно аднаму, не пакідаючы сабе нейкіх «падстраховачных» варыянтаў накшталт «калі раптам…, то я сыйду». Таму хрысціянскае сужэнства — для людзей, мужных Духам Святым, а не для эгаістаў, якія хочуць атрымаць толькі прыгожыя фотаздымкі з вяселля.
На вяселлі ў Кане Галілейскай Пан Езус перамяняе ваду ў віно. Гасцям не хапіла віна, але ёсць удосталь вады, вялікія збаны і моц Божай ласкі. Гэтага дастаткова, каб нешта звычайнае перамянілася ў нешта найлепшай якасці. Гэтак жа тое, што іншым можа здавацца адзінотай, Езус перамяняе ў самую захапляльную прыгоду ў жыцці. Для гэтага дастаткова Яго самога.
Прапаную вам маленькае заданне на дом: разважаючы над нядзельным Божым Словам, падумайце, калі ласка, як можа перажывацца:
1) боль;
2) шкадаванне (рэакцыя на гора і несправядлівасць у свеце) з Езусам і без Яго.
Айцец Павел Мажэйка OP