
Дваццаць восьмая звычайная нядзеля, Год С (13.10.2019)
Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, моцным голасам казалі: «Езу, Настаўнік, змілуйся над намі!» Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. Адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?» І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе».
(Лк 17, 11–19)
Цяжар
Гэты народ жыды называлі «куцім» — «чужынцы». Адна такая жанчына, што шмат разоў пабывала замужам, аднойчы пайшла набраць вады са студні. Адзін такі мужчына быў з ног да галавы ў язвах побач з іншымі пракажонымі — безыменнымі, нячыстымі. Іх нібыта не існавала ўвогуле. Сасмяглая жанчына прыйшла па ваду апоўдні, каб ні з кім не сустракацца. Пакрыты ранамі мужчына быў увесь перавязаны бінтамі, каб укрыць язвы ад сонца і цікаўных позіркаў, і шукаў лекара. Яны і падобныя, і непадобныя між сабою. Абое неслі цяжкі цяжар.
Што іх лучыць? Езус! Ён свядома ўмяшаўся ў іх жыццё, не спалохаўся і не засаромеўся (гл. Пс 112). Ешуа — гэта значыць той, хто ратуе, збаўляе, лечыць, уздымае, вяртае сэнс жыцця і годнасць заўжды з дапамогаю моцы Божай.
Якая паміж імі розніца? Час і месца. Мы не маем ніякіх сведчанняў аб тым, што яны некалі сустракаліся.
Ён адзін з дзесяці хворых вярнуўся да Настаўніка, каб падзякаваць. Яна, наадварот, адышла ад Яго з радасцю, несучы Евангелле ўсім, хто чакаў цуду. Яна не хацела, каб дабро належала ёй адной, а прагнула ім дзяліцца. Яна пазнала, што такое любоў — сапраўдная, чыстая, адзіная, вечная.
Яны сустрэлі Хрыста. У ім жа ласка і аздараўленне (гл. Іс 53, 5). Яны адкрылі, што лепш за вялікія цуды аздараўлення ад праказы і пагарды — Ён сам, Той, хто ўмяшаўся ў іх жыццё. Пасля сустрэчы з Ім жыццё зноў набыло сэнс і мэту. Бог стаў «Тым, які ёсць» і аб’явіў сваю славу (габрэйскае слова «кавод» азначае «слава, цяжар»).
Як разумець сённяшні евангельскі фрагмент? З кім параўнаць пракажонага? Каго побач з намі гняце цяжар, не дазваляючы нам абыякава праходзіць міма? Як ажыццявіць гэтыя евангельскія словы? Паразважайце ва ўласнай душы, пра што насамрэч гавораць гэтыя словы: пра змаганне з цяжкасцямі, невыгодамі, недасканаласцямі? Або пра тое, як прыйсці да Бога — да Ешуа — які ўсё робіць па-свойму, гэта значыць па-Божаму? Гэта пытанне пра цяжар. Не пра тое, колькі ён важыць, а пра тое, што ён азначае.
Айцец Павел Зыбура ОР
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле «Wdrodze»