«Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага»…

Трыццатая звычайная нядзеля, Год С (27.10.2019)

Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: «Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».

(Лк 18, 9–14)

«Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага»…

Прынята лічыць, што пра чалавека сведчаць не словы, а ўчынкі. Гэта слушна, бо многія людзі схільныя перабольшваць уласныя заслугі і добрыя якасці. Але з іншага боку знешне добрыя ўчынкі таксама яшчэ не паказальнік, бо нават дабро можна чыніць не з добрымі намерамі. Скажам, добрым учынкам можна выклікаць да сябе давер і потым лёгка ашукаць, выкарыстаць, падкупіць або ўчыніць дабро, каб атрымаць пахвалу або доказ, што ты — лепшы. Безумоўна, само па сабе жаданне быць лепшым не заганнае, наадварот, яно дае чалавеку стымул імкнуцца да мэты. Пытанне толькі ў тым, што гэта за мэта і якімі сродкамі, дзеля чаго і дзеля каго мы імкнемся яе дасягнуць… Напрыклад, няма падставаў сумнявацца, што фарысей з прыпавесці сапраўды рабіў пералічаныя добрыя ўчынкі і, як рэлігійна адукаваны чалавек, разумеў, што трэба дзякаваць Богу за ўсё, што Ён нам дае. Але калі чалавек параўноўвае сябе з іншымі, тым больш, не на іх карысць — гэта выклікае сумненне ў шчырасці ягонай падзякі і робіць яго, як і многіх іншых, ахвяраю распаўсюджанай памылкі. З дзяцінства людзі прызвычайваюцца да розных конкурсаў, спаборніцтваў і г.д., лічачы канкурэнцыю нормаю жыцця. Аднак, па праўдзе кажучы, ніводнае спаборніцтва не можа быць аб’ектыўным, а значыць, справядлівым па шэрагу прычынаў, сярод якіх вылучаюцца прыродная ўнікальнасць кожнага чалавека і немагчымасць зазірнуць у душу іншага чалавека, даведацца пра ягоны спосаб мыслення, душэўны і фізічны стан і гэтак далей.

Не існуе аднолькавых людзей, і няма падставаў параўноўваць людзей паміж сабою ў катэгорыях «горшы» — «лепшы», нават калі нехта праяўляе больш здольнасцяў у нейкай галіне або нават у некалькіх. Ніхто не ў стане пераўзыходзіць усіх ва ўсім, у нечым мы абавязкова саступаем іншым. Нават у адной і той жа сферы кожны чалавек таленавіты па-свойму.

Але, на жаль, і грэшны кожны па-свойму. Калі нехта не мае такога граху, як у суседа, гэта яшчэ не азначае, што ён увогуле не мае граху. Нават сама згода на дрэнныя думкі пра іншага чалавека — ужо несправядлівасць, бо мы не ведаем усіх матываў, інтэнцый, сітуацый, якія кіруюць ім, не ведаем пра яго ўсёй праўды, вядомай толькі Богу. Але нават Ён не спяшаецца асуджаць чалавека, знішчаць таго, хто памыляецца, а ўсім дае магчымасць выправіцца. Толькі каб скарыстацца гэтаю магчымасцю, трэба перастаць падманваць сябе, параўноўваючы з іншымі людзьмі, або ўспрымаючы малітву падзякі як нагоду для самаўсхвалення. Неабходна прызнаць, што нават тое дабро, якім Бог надзяліў нас асабіста, мы марнуем, занядбоўваем і ў любым выпадку выкарыстоўваем не цалкам адпаведна з Божым прызначэннем, таму ганарыцца тут асабліва няма чым. На працягу пэўнача часу можна здавацца некім важным і значным у вачах людзей або ва ўласным перакананні, але Бога не падманеш. Па-сапраўднаму да Яго можа наблізіцца толькі той, хто гляне на сябе Яго вачыма, гэта значыць — аб’ектыўна. Ці ж гэта не сапраўднае ўзвышэнне — ацаніць сябе з пазіцыі Бога? І ці ў сувязі з гэтым не будзе больш разумным шчыра вызнаць свае недахопы перад Тым, Хто адзіны мае моц іх выправіць, а не проста схаваць? Але Ён не будзе рабіць гэтага без нашай згоды і супрацоўніцтва, якія пачынаюцца з пакорнай малітвы: «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага», і вядуць да таго, што некалі мы станем перад Ім лепшымі, чым з’яўляемся сёння. Лепшымі не адносна іншых, а адносна саміх сябе.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней