Пятая нядзеля Вялікага посту, Год А (29.03.2020)

Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты. Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы. Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы». 

Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе». Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю». Вучні ж сказалі Яму: «Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?» Езус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету. А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла». Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго». Вучні Яго сказалі: «Пане, калі заснуў, то выздаравее». Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон. Тады Езус проста сказаў ім: «Лазар памёр. І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго». Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці разам з ім!» 

Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў. Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень». Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?» Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет». 

Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: «Настаўнік тут, Ён кліча цябе». Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго. Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта. Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць. Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!» Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?» Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі». Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!» А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?» 

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу                                 Божую?» Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!» І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць». Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

(Ян 11, 1–45)

Прыручэнне смерці

Дом у Бэтаніі — асаблівае месца на мапе Евангелля. Хоць «Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву» (Лк 9, 58), але Ён учыніў сяброўства, пабудаванае тут, катэхезаю. Смерць Лазара становіцца выпрабаваннем для гэтага сяброўства. Яна ўваходзіць у гэтыя адносіны няпрошаным госцем. Як піша паэт: «Смерць прыйшла да мяне, нібы малодшая сястра». Яна пакідае сям’ю сам-насам з пустэчаю і тугою. «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!» — звяртаюцца да Хрыста абедзве сястры, Марыя і Марта. Смерць узрушае і Яго самога, Ён «глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся». Грэцкія словы «embrimasthai» і «tarasserin» азначаюць не толькі «спачуванне», а таксама «абурэнне» і «нязгоду». Бог не дае згоды на абавязковасць смерці, але Езус прымае яе як частку чалавечага лёсу і прыручае. У вядомай казцы  Маленькі прынц пытаецца ў Ліса: «А што азначае “прыручыць”?». Ліс адказвае: «Гэта нешта вельмі прызабытае. Нешта накшталт “ствараць сувязі”». У Хрысце Бог застаецца з чалавекам і ў добрым, і ў злым, ажно да смерці: вачыма чалавека Ён глядзіць смерці ў твар, плача над ёю чалавечымі слязьмі, чалавечымі пачуццямі выказвае страту і боль. 

Хрыстус прабывае з намі не толькі да смерці. Марыя і Марта крыўдуюць, што Яго не было побач з хворым братам. Але ўваскрашэнне Лазара — не адтэрміноўка смерці. «Любую любоў трэба несці да смерці, каб урэшце стала яна несмяротнай», — піша паэтка Ганна Каменска. Калі сёстры паслалі сказаць Хрысту пра хворага брата, яны назвалі яго «той, каго Ты любіш». Тут ужываецца грэцкі дзеяслоў «fileo», які перакладаецца словамі «быць сябрамі», «любіць», «падабаць» і азначае канечную любоў. Пішучы, што Езус «любіў Марту, яе сястру і Лазара», ужывае дзеяслоў «agapeo», які азначае любоў, якая не спыняецца. «Да канца» — азначае, што Езус прымае смерць, каб перамагчы яе. «Хрыстус прайшоў праз брамы нашай апошняй адзіноты, праз сваю муку сышоў у адхлань нашай пакінутасці. Там, куды не сягае нічый голас, прабывае Ён. <…> Брама смерці засталася адчыненаю, і таму ў смерці пасялілася жыццё: любоў», — гэтак разважае Ёзаф Ратцынгер ва «Уводзінах у хрысціянства».


Айцец Мацей Біскуп ОР
Паводле W drodze

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней