«Змілаваўся над імі…»

ХI Звычайная нядзеля, Год А, (14.06.2020)

Дайшоўшы аж да Сінайскай пустыні, сыны Ізраэля разбілі лагер у пустыні; і лагер Ізраэля ўладкаваўся там насупраць гары. Майсей узышоў да Бога, і паклікаў яго Пан з гары, кажучы: Так скажаш дому Якуба і абвесціш сынам Ізраэля: вы самі бачылі, што Я зрабіў егіпцянам і як насіў вас на арліных крылах, і прывёў вас да сябе. Цяпер, калі будзеце слухацца голасу Майго і захоўваць запавет Мой, то станеце Маёй уласнасцю сярод усіх народаў, бо Мая ўся зямля. І вы будзеце для Мяне валадарствам святароў і народам святым.

(Зых 19, 2–6а)

Хрыстус, калі мы былі яшчэ слабымі, у вызначаны час памёр за бязбожных. Бо наўрад ці нехта памрэ за справядлівага. Можа, за добрага чалавека нехта і адважыцца памерці. Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі. Тым больш цяпер, апраўданыя Яго крывёю, мы будзем збаўленыя праз Яго ад гневу! Бо калі мы, будучы непрыяцелямі, паядналіся з Богам праз смерць Яго Сына, то, паяднаўшыся, мы тым больш збавімся праз Яго жыццё. І не толькі гэта, але таксама ганарымся ў Богу праз Пана нашага Есуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер паяднанне.

(Рым 5, 6–11)

Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра. Тады Ён сказаў вучням сваім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».

Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.

Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: «На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Але перадусім ідзіце да загубленых авечак з дому Ізраэля. Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце».

(Мц 9, 36–10, 8)

 

«Змілаваўся над імі…»

Сёння ў літургіі Касцёла чытаюцца ўрыкі са Святога Пісання, у якіх паказваецца такая рыса Пана Бога, як літасць. У першым чытанні Пан Бог гаворыць, як насіў выбраны народ на арліных крылах, як пяшчотна клапаціўся пра яго. У пасланні да Рымлянаў св. Павел гаворыць, як «Хрыстус, калі мы былі яшчэ слабымі, у вызначаны час памёр за бязбожных». У Евангеллі мы чытаем, як Езус убачыў натоўпы людзей і змілаваўся над імі.

Наш Бог — гэта Бог літасці. Гэтая рыса не заўсёды падабаецца людзям. Многія філосафы гаварылі, што літасць — дрэнная рыса характару, бо з’яўляецца праяваю слабасці, а чалавек павінен імкнуцца да велічы, змагацца са слабасцю, і не можа дазваляць сабе слабасць і, адпаведна, лістасць. Але Бог не такі. Бог ёсць крыніцаю ўсяго дабра, усяго сапраўднага, прыгожага, моцнага. Аднак Ён не толькі магутны, але і літасцівы, бо не бачыць у слабым чалавеку адну толькі слабасць, а бачыць каштоўнасць чалавека і можа вылечыць яго слабасць. Таму Бог — літасцівы, таму Сын Божы сам стаў чалавекам, і гэтак паказаў нам літасць, міласэрнасць Бога.

У Евангеллі Пан Езус бачыць пакінутыя натоўпы людзей і просіць вучняў раздзяліць Яго літасць, запрашае іх прыняць разам з Ім клопат пра народ, каб Яго літасць разлілася ў сэрцах вучняў. Мы, здараецца, не жадаем літавацца, а прагнем судзіць, ацэньваць, і гэтак змагацца са злом. Так, трэба змагацца са злом, але рабіць гэта так, каб не знішчыць дабро. Пан Езус — Той, хто не зламае да канца надломленую трысціну. Ён заахвочвае вучняў і нас з вамі прыняць удзел у Яго літасці, каб нашыя сэрцы прыпадобніліся да Яго Сэрца. І як толькі гэта адбудзецца, Ён дасць у нашыя рукі сваю сілу і моц. Спачатку Пан Езус заахвочвае вучняў узяць на  сябе адказнасць за пакінутыя натоўпы, а пасля надязяляе іх уладаю лячыць усялякую хваробу і немач.

Моц і магутнасць толькі тады становяцца бяспечнымі ў чалавеку, калі ён з’яўляецца аднадумцам Бога, клапоцячыся пра самага слабага, пакінутага, грэшнага, бо за такіх памірае Хрыстус. Мы можам хацець праяваў Божай магутнасці не для таго, каб служыць гэтаю магутнасцю, а каб атрымаць пачуццё сваёй сілы, але Божая магутнасць — не гульня. Магутнасць — гэта удзел у Божай любові, і толькі тады, калі нашыя сэрцы будуць гатовыя глядзець на іншага чалавека, слабога і грэшнага, гэтак жа, як глядзіць на яго Хрыстус, Бог будзе чыніць праз нас вялікія справы.


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней