Калі Сын Чалавечы збярэ ўсе народы

Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, Год А (22.11.2020)

Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. Перад Ім сабраныя будуць усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. Авечак паставіць праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: «Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне». Тады адкажуць Яму справядлівыя: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?» I Валадар скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі». Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне». Тады і яны адкажуць Яму: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?» А Ён скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне». І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

(Мц 25, 31–46)

Калі Сын Чалавечы збярэ ўсе народы

Канец літургічнага года нагадвае чалавеку пра тое, што чакае яго пасля завяршэння зямнога жыцця, узбуджае свядомасць, што выбар свайго пасмяротнага лёсу кожны робіць ужо цяпер і часу на гэта не так шмат, як хацелася б. Аднак далёка не ўсе разумеюць, навошта, акрамя падсумавання жыццёвага шляху чалавека ў момант яго смерці, патрэбны яшчэ і Апошні суд, «калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй»? Можа, па яго выніках нехта зможа перайсці з пекла ў неба і наадварот? Не, але гэты канчатковы Суд над усёй гісторыяй можа павялічыць узнагароду або кару ў вечнасці ў залежнасці ад таго, які плён, дрэнны ці добры, прынесла пасеянае пры жыцці чалавека пасля яго адыходу з гэтага свету. Кожны з нас пакідае пасля сябе не толькі тыя ці іншыя ўспаміны, але і рэальныя наступствы сваёй дзейнасці або… бяздзейнасці.

Таму пры апісанні канца свету ў Евангеллі паводле св. Мацвея не ўзгадваюцца безумоўныя злачынствы, пакаранне за якія ўспрымаецца як заслужаны і лагічны вынік бязбожнага жыцця. У гэтай евангельскай сцэне звяртаецца ўвага на небяспеку, якой падвяргаецца чалавек, не чынячы дабро, якое Бог праз яго хацеў аказаць свету; на абыякавасць, што закрывае нас не толькі ад бліжніх, але і ад самога Збаўцы, і пазбаўляе ласкі, а без яе ніхто не можа быць збаўлены. Гэта перасцярога для кожнага — не паддаваймася спакусе задаволіцца тым, што нам удалося не парушыць запаведзяў, якія забараняюць зло. Тэарэтычна іх можа спаўняць і разумны эгаістычны атэіст. Ён не забівае і не крадзе, бо можа быць прыцягнуты за гэта да крымінальнай адказнасці; не чужаложыць, бо не хоча праблем, якія з гэтага вынікаюць: хваробаў, непажаданай цяжарнасці, аліментаў, помсты; ён не падманвае, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, што могуць узнікнуць, калі хлусня раскрыецца… Ва ўсім гэтым ёсць зямная выгода. Нават учынкі міласэрнасці, пра якія гаворыць Евангелле, можна рабіць з карыслівай матывацыяй: дзеля ўзнагароды ці проста падзякі.

Тым не менш, незалежна ад матывацыі, кожны добры ўчынак патрабуе нейкай аддачы, высілку, дзялення з іншым чалавекам нечым неабходным, што можна было б захаваць толькі для сябе. Значыць, у гэтым ёсць пэўная ахвяра, на якую здольны далёка не кожны чалавек, нават ведаючы, што атрымае за свой учынак узнагароду ці кампенсацыю.

Заўсёды можна знайсці сабе апраўданне, занядбоўваючы магчымасць зрабіць дабро. Часам перашкоды рэальныя, але часцей за ўсё гэта толькі адгаворкі і самападман, нежаданне прызнаваць, што ўсе нашыя багацці, здольнасці, магчымасці — гэта Божы дар, а не нашая заслуга. І дае Ён нам гэта ўсё не толькі для таго, каб задаволіць нашыя ўласныя патрэбы, бо яны на самай справе не такія вялікія. Мы часта раздзьмухваем іх штучна, бо, маўляў, гэтага патрабуе статус, прэстыж, мода… Таксама адной з прычын, якая ўстрымлівае многіх людзей і не дае прыйсці на дапамогу бліжнім, — гэта нежаданне быць падманутымі. Іх міласэрнасцю часта злоўжываюць людзі з нізкай сацыяльнай адказнасцю. Яны яшчэ панясуць сваю адказнасць за падман, дармаедства і правакаванне людскога недаверу да тых, каму сапраўды патрэбная дапамога. Але цноты разважлівасці і справядлівасці дапамагаюць прадухіліць жорсткасць сэрца: напрыклад, замест грошай, якія могуць быць выкарыстаны асацыяльным чалавекам для дрэнных мэтаў і міжволі зробяць нас саўдзельнікамі граху, можна прапанаваць жабраку прадукты ці рэчы. Калі чалавек ад іх адмовіцца — значыць, махлюе…

Адказнасць за занядбанне дабра павялічваецца тады, калі мы не толькі адмаўляемся дзяліцца з іншымі сваёй маёмасцю, не жадаем прысвячаць ім свой час або рызыкаваць дзеля іх здароўем, але і марнуем усё, чым Бог адорвае нас, на непатрэбныя рэчы і грэшныя справы, бо зло, якое з гэтага вынікае, цяжка нават прадбачыць.

Таму, пакуль у нас яшчэ засталося крыху часу на гэтай зямлі, кожны павінен спяшацца рабіць дабро, якое можа кампенсаваць зло, прынесенае ў гэты свет нашымі грахамі, і не дазволіць яму абцяжарваць нашыя душы пасля смерці. Нездарма ў традыцыі Касцёла лічыцца, што калі надыйдзе Апошні суд і адкрыюцца грахі свету, тады застануцца ў таямніцы асабістыя грахі тых, хто закрывае іх міласэрнасцю і любоўю да Бога і бліжніх: «Шчаслівыя, чые адпушчаны правіны і чые ўтоены грахі» (гл. Пс 31, 1). Сваёй малітвай за памерлых мы таксама можам сцерці наступствы іх грахоў, а праз шчырае прабачэнне можам узрастаць у любові, што дасць нам адвагу ў дзень суда (гл. 1 Ян 4, 17).


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней