II Нядзеля Адвэнту, Год B (06.12.2020)
Суцешце, суцешце народ Мой! — кажа ваш Бог. Прамаўляйце да сэрца Ерузалема і абвяшчайце яму, што скончыўся час барацьбы ягонай, што адплочаныя беззаконні ягоныя, бо атрымаў ён з рукі Пана ўдвая за ўсе свае грахі. Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю. І з’явіцца слава Пана, і адначасова ўбачыць яе кожнае цела, бо так сказалі вусны Пана. Узыйдзі на высокую гару, Сіён, які нясеш добрыя весткі! Зрабі моцным голас свой, Ерузалем, які нясеш добрыя весткі! Зрабі моцным голас свой, не бойся! Скажы гарадам юдэйскім: Вось Бог ваш! Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю, і плячо Ягонае, што мае ўладу. Вось узнагарода Ягоная з Ім, і адплата Ягоная перад Яго абліччам. Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой; ягнятаў будзе браць на рукі і насіць на грудзях сваіх, з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак.
(Іс 40, 1–5. 9–11)
Умілаваныя, гэта адно няхай не будзе схавана ад вас, што ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння. Прыйдзе ж дзень Пана, як злодзей. І тады нябёсы прамінуць з вялікім шумам, распаленыя стыхіі разбурацца, а зямля і ўсё створанае на ёй згараць.
Калі так гэта будзе знішчана, дык якімі ж трэба быць у святым жыцці і пабожнасці вам, якія чакаеце і прыспешваеце прыйсце Божага дня, калі палаючыя нябёсы будуць знішчаны і распаленыя стыхіі растопяцца. Але мы, паводле Ягонага абяцання, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх прабывае справядлівасць. Таму, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас бездакорнымі і беззаганнымі, у спакоі.
(2 П 3, 8–14)
Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага.
Як напісана ў прарока Ісаі: «Вось пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Табе. Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”».
З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў. Выходзілі да яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі. Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд.
Ён прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
(Мк 1, 1–8)
Запрашэнне ў пустыню
Сённяшнія літургічныя чытанні вельмі вобразныя. Уяўленне малюе нам пустыні, даліны, горы, скалы, стромкія схілы, дарогі, юдэйскія мястэчкі, пастуха і авечак.
Мы бачым злодзея, неба, зоркі, новую зямлю. З'яўляецца знакаміты прапаведнік Божай праўды, святы Ян Хрысціцель, апрануты ў вопратку з вярблюджай воўны, са скураным пасам на бёдрах. З'яўляюцца вобразы саранчы і мёда, вады, сандаляў, Асоба Святога Духа і Хтосьці мацнейшы за Яна Хрысціцеля.
Усе гэтыя вобразы, калі сабраць іх у адну «торбу», нагадваюць сэрца сучаснага чалавека, запоўненае разнастайнай інфармацыяй і ўражаннямі.
Што праўда, мы ўмеем фільтраваць і адкідаць тое, што нам не цікава, але душа ўсё адно застаецца падобнаю да вітрыны ў краме, аздобленай прыгожымі пакуначкамі, на якіх завязаныя банцікі, а многія з гэтых пакуначкаў мы ніколі не распакоўваем. А калі нешта давялося адкрыць, мы часта не ўмеем належным чынам выкарыстаць тое, што атрымалі. Гэтак жа і кніг, здаецца, усё больш і больш друкуецца ў свеце, але ўсё менш і менш людзей іх купляе. Або інакш, часта мы чытаем кнігі, якія не ўзбагачаюць, а блытаюць нас, перашкаджаюць знайсці сэнс жыцця або сфармаваць мараль, а самыя каштоўныя кнігі мала хто чытае, і яшчэ менш людзей здольныя сфармаваць сябе, дзякуючы мудрасці, змешчанай у добрых кнігах. Цікавае меркаванне выказаў ксёндз Марэк Старавойскі: «Восемдзесят адсоткаў твораў перыяду святых айцоў мала чаго вартыя». Верагодна, тое ж самае можна сказаць і пра сучасныя кнігі, у тым ліку рэлігійныя.
Хрысціяніна можна ў гэтым кантэксце абвінаваціць у тым, што многія справы, пра якія ён чуў, чытаў ці якія бачыў, ён нават не падумаў у малітве занесці да Божага трону, напрыклад, падчас адарацыі. Можа быць, варта падчас Адвэнту задаць сабе самім пытанне па прыкладзе аднаго майго знаёмага дамініканца: як часта, сутыкаючыся з рознымі выпрабаваннямі або плануючы ўласны час мы думаем: «Ці наблізіць гэта мяне да Езуса?»
Я планую ў снежні выправіцца на рэкалекцыі, да якіх мяне абавязваюць дамініканскія правілы.
Гэта выдатны шанец - некалькі дзён пабыць сам-насам з Богам! Аднак калі я пачынаю думаць, што ўзяць з сабою на рэкалекцыі, а што браць не варта, узнікаюць праблемы.
Вядома, паўсядзённыя звычкі, якія мы выпрацавалі для сябе, часцей за ўсё здаюцца нам карыснымі і апраўданымі. Кляштар, парафія, кнігі, гімнастыка, шпацыр з ружанцам, сустрэчы, час для адарацыі і чытання слова Божага. Выпраўляючыся на рэкалекцыі, даводзіцца пакінуць кляштар, парафію і адмовіцца ад сустрэч, але таксама варта было б пакінуць камп'ютар і выкарыстоўваць інтэрнэт на смартфоне максімум 15 хвілін на дзень. Гэта можа быць вельмі складана.
Прарок Ісая, святыя Пётр і Ян Хрысціцель заахвочваюць нас да навяртання. Навяртанне заключаецца ў тым, каб адмовіцца і ад шкодных звычак, і ад тых звычак, якія адцягваюць нас ад важных справаў, забіраюць наш каштоўны час на непатрэбнае і пустое. Увогуле, навяртанне — гэта адкіданне тых звычак, якія перашкаджаюць нам усё мацней і праўдзівей любіць Бога і бліжніх.
Пустыня — гэта не столькі час інтэлектуальнай фармацыі чалавека, колькі час фармавання волі, якая ўсё больш трывала накіроўваецца да дабра, калі мы пагружаем яе ў Божую любоў і Божую праўду. Пустыня вучыць нас прымаць творчыя рашэнні, а добрая споведзь умацоўвае нас у іх. «Святы Дух пераконвае свет наконт граху» (пар. Ян 16, 8), а чалавеку, які сур'ёзна ставіцца да выйсця ў пустыню, Дух паказвае, дзе яму ўдаецца плаваць толькі на паверхні акіяна жыцця, дзе ў яго жыцці руціна, а дно ўяўнае і неглыбокае, дзе бракуе пагружэння ў глыбіню Божай любові. Святы Дух заахвочвае нас рабіць стаўку на якасць, а не на колькасць. Плёнам супрацоўніцтва з Богам заўсёды з'яўляюцца рашэнні, што ўпарадкваюць чалавечую спантаннасць, якая не заўсёды адпавядае волі Божай.
У дамініканскіх Канстытуцыях гаворыцца вельмі коратка і ясна: «Усе браты павінны штогод мець рэкалекцыі на працягу шасці поўных дзён, разважаючы ў сэрцы слова Божае і асабліва старанна молячыся». Слова Божае і малітва — гэта дзве рэчы, якія робяць рэкалецыі пустыняю, месцам сустрэчы з Богам, дзе можна падрыхтаваць шлях для Таго, Хто сам ёсць Шляхам. Раўняць свае сцежкі — азначае ў святле Святога Духа прыгледзецца, ці на маім, магчыма вельмі складаным крыжовым шляху ёсць прыкметы Крыжовага шляху Пана Езуса: сустрэча з Маці, плач ерузалемскіх жанчын. Пытанне ў тым, ідзем мы вузкай сцежкай ці шырокай, выбіраем лесвіцу ў неба ці шашу ў пекла? Трэба ўважліва паглядзець на сваё пакліканне і сцежкі ў святле радыкальных словаў Пана Бога: «Шляхі мае — над шляхамі вашымі, і думкі мае — над думкамі вашымі» (пар. Іс 55, 9).
Варта заўважыць, што запрашэнне выправіцца ў пустыню прыходзіць да чалавека падчас Адвэнту, нягледзячы на шалёны кругаварот жыцця, які не перапыніў нават Covid-19. Гэтае запрашэнне здаецца не надта прывабным або цікавым. Але давайце не станем паддавацца гэтаму зманліваму ўражанню, бо запрашэнне прыходзіць паводле Божай логікі: «у спрыяльны і ў неспрыяльны час» (2 Цім 4, 2). Яно прыходзіць, каб нагадаць нам, што час мінае незваротна. Па-лацінску гэты выраз гучыць прыгожа і загадкава: «Fugit irreparabile tempus». Бо вечнасць чакае: «aeternitas manet».
Айцец Раман Шульц ОР