ІІ Нядзеля пасля Нараджэння Пана, Год В (03.01.2021)
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.
У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.
А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.
Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».
Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».
(Ян 1, 1–18)
«Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.…»
Дарагія чытачы, сёння я хачу падзяліцца з вамі думкамі з кнігі св. Уршулі Ледухоўскай «Скарб любові», выпушчанай выдавецтвам «Про Хрысто» у 2017 годзе. У гэтай кнізе сабраная мудрасць, якая стала плёнам медытацыі св. Уршулі над Святым Пісаннем. Разважанні сабраныя такім чынам, што імі можна карыстацца пры разважанні над таямніцамі Ружанца. Вельмі рэкамендую ўсім гэтую кнігу.
«Да свайго прышло, і свае Яго не прынялі…
Добры Езу, Ты прыйшоў, каб уздымаць нас да вяршыняў святасці, каб свяціць нам сваім прыкладам, паказваць шлях да неба. Прыйшоў, каб узяць на сябе нашыя грахі і адпакутаваць за іх, праліць сваю кроў дзеля нас да апошняй кроплі. А тыя, каго Ты адкупіў, хто праз Тваю смерць стаў Тваёю ўласнасцю, адштурхоўваюць Цябе, не прымаюць, не хочуць ведаць. Ці не адчуваю я болю Езусавага Сэрца да такой няўдзячнасці, да такой абыякавасці да Яго бязмежнай любові і дабрыні? А ці магу я пра сябе сказаць, што заўсёды ахвотна і з любоўю прымаю Езуса, які прыходзіць да мяне з натхненнямі, перасцярогамі, заахвочвае да добрага?
Пане, я не раз была глухой да Тваіх натхненняў, заклікаў да любові, не прыняла Цябе, бо мне не хапала ахвярнасці, зычлівасці, лагоднасці, паслужлівасці. Не прыняла Цябе, мой адзіны Езу!
Ці разумею я, колькі ў гэтай думцы болю, як гэта павінна выклікаць ува мне скруху? Езуса, майго добрага Езуса, найлепшага Пана, наспагадлівейшага Настаўніка, я аддаліла ад сябе.
Пане, не для таго я штодня прымаю Цябе ў святой Камуніі, каб, выйшаўшы з капліцы, аддаліцца да Цябе. Глянь на маю добрую волю, я хачу прымаць Цябе заўсёды: ці прыйдзеш Ты да мяне пад пакрывам радасці або крыжыкаў, ці прыйдзеш ты да мяне з натхненнем, заахвочваннем да добрага, ці з дакорам за ўчыненую памылку, заклікам выправіцца, ці ў асобе майго бліжняга, — я заўсёды хачу прымаць Цябе з пакорным, любячым сэрцам, заўсёды, нават калі Ты будзеш патрабаваць ад мяне ахвяры. Заўсёды, каб я ніколі не магла сказаць сабе: Езус прыйшоў да мяне, а я Яго не прыняла!»
Нескладана ўзгадаць людзей, якія адкідаюць Езуса і Касцёл, пра якіх лёгка можна сказаць, што яны не прынялі Езуса. Але, уважліва прачытаўшы словы св. Уршулі, мы ўбачым, што самі такія ж, як яны. Нашая адказнасць за тое, што мы не прымаем Яго натхненні і запрашэнні дзейнічаць большая, чым адказнасць тых, хто яшчэ не сустрэўся з жывым Богам. Як звычайна, Езус мае рацыю: нам усім патрэбнае няспыннае навяртанне. Няхай новы год прынясе нам новую чуйнасць і ўважлівасць да натхнення Духа Святога.
З малітваю, айцец Раман Шульц ОР