«Кайцеся і верце ў Евангелле…»

ІІІ Звычайная нядзеля, Год В (17.01.2021)

Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».

Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. Езус сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». Яны, пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім. Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама былі ў чоўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. Яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім.

(Мк 1, 14–20)

«Кайцеся і верце ў Евангелле…»

Калі ўважліва задумацца над шырэйшым сэнсам слова «верыць», то можна з упэўненасцю сцвердзіць, што зусім няверуючых людзей проста няма: большасць нашых ведаў пра навакольны свет, яго памкненні, гісторыю і г. д., абапіраецца толькі на веру ў беспамылковасць атрыманых намі звестак аб розных рэчах і справах, якія вопытным шляхам праверыць вельмі цяжка або ўвогуле немагчыма. Нават дату ўласных народзінаў мы ведаем толькі таму, што давяраем інфармацыі пра яе, атрыманай ад бацькоў і іншых сведкаў, верым у праўдзівасць запісу ў пасведчанні аб нараджэнні і іншых дакументах. Такім чынам, трэба прызнаць, што асновай нашага ўяўлення пра рэчаіснасць з’яўляецца вера ў існаванне пэўных аўтарытэтаў, якія заслугоўваюць даверу, інакш кажучы, не падманваюць.

Калі гаварыць пра рэлігійную веру, то такім аўтарытэтам з’яўляецца сам Бог, які стварыў гэты свет і найлепш ведае, як у ім павінен функцыянаваць вянец стварэння — чалавек, што з’яўляецца мэтаю яго жыцця, якія нормы і правілы дапамагаюць паспяхова дасягнуць мэты. Усяму гэтаму вучыць нас Евангелле. Як вядома, «Евангелле» у перакладзе з грэцкай мовы азначае «добрая вестка». Гэтае слова можна разумець і як «паведамленне пра тое, што такое дабро, як жыць добра, як быць добрым», а значыць — як не дапусціць адсутнасці дабра, не дапусціць зла, супрацьстаяць яму. Усе нашы беды ад таго, што мы ахвотна давяраем недасканалым і абмежаваным чалавечым аўтарытэтам, якія часта падводзяць, але далёка не заўсёды прызнаём найвышэйшы і беспамылковы Божы аўтарытэт.

Так званыя атэісты свой недавер вучэнню Бога тлумачаць тым, што ўвогуле не вераць у Ягонае існаванне і таму лічаць Божае Адкрыццё выдумкаю,  нічым не лепшаю за іншыя чалавечыя меркаванні і ўстаноўкі, што ў сваю чаргу азначае, што мараль — адноснае паняцце, а разуменне таго, што добра, а што дрэнна — размываецца. У выніку чалавек аказваецца цалкам разгубленым у поўным супярэчнасцяў свеце і не ўмее арганізаваць сваё жыццё і жыццё тых, за каго нясе адказнасць, так, каб яно было сапраўды добрым ва ўсіх адносінах.

Нямала і тых людзей, якія ўсё ж прызнаюць існаванне Бога, але вераць у Яго вучэнне выбарачна — прымаюць толькі тое, што ў ім падабаецца ці здаецца лёгкім, а ўсё, што патрабуе высілку — адкідваюць. Але тут трэба заўважыць, што менавіта тое ў вучэнні Касцёла, што звычайнаму чалавеку здаецца цяжкім для разумення і прыняцця, дае падставы сцвярджаць, што гэтае вучэнне паходзіць не ад людзей (бо самыя разумныя і светлыя чалавечыя галовы не ў стане прыдумаць нешта, што не ўкладаецца ў іх разуменне і перавышае іх магчымасці), а значыць існуе Той, хто гэтае вучэнне прыдумаў, хто мацнейшы і разумнейшы за чалавека, але жадае яму дабра і дапамагае дасягнуць гэтага дабра, запрашаючы да супрацоўніцтва.

Чаму ж разумная істота, якою называе сябе чалавек, адмаўляецца прызнаць Яго, даверыцца Яму? Таму што іншае бесцялеснае стварэнне, разумнейшае і мацнейшае за чалавека, усё ж не здольнае зраўняцца ў розуме і магутнасці са Стварыцелем, і таму яго перапаўняюць зайздрасць, злоба і ганарыстасць; яно сее гэты недавер, падсоўвае людзям духоўную атруту ў прывабнай упакоўцы. А распазнаць падман можна толькі ў Божым святле, якое паказвае неабгрунтаванасць веры ў суб’ектыўныя чалавечыя аўтарытэты, фальш д’ябальскіх спакусаў і адкрывае вочы душы на адвечныя праўды, прыняцце якіх дае сілы адвярнуцца ад зла і дасягнуць сапраўднага Валадарства, абсалютнага і бясконцага Дабра.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней